Шэсць вякоў – як тры дні

600-гадовы юбілей Глыбокага супаў з 70-годдзем вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І гэта надало святу яшчэ большы размах і прыгажосць

ТОЙ, хто апошнія гады не быў у Глыбокім і трапляе ў яго па дарозе з Шаркаўшчыны,  міжволі здзіўляецца.  Тут, на ўскрайку, адразу за цэнтральнай бальніцай, вырас цэлы мікрараён  высотак: дзясятак 60-кватэрных прыгажуноў-дамоў. Такіх рэкордных тэмпаў будоўлі ў Глыбокім не было нават у самыя лепшыя ранейшыя часы.

І пасяліліся тут пераважна маладыя сем’і, якім дзяржава аказала велізарную падтрымку ў набыцці жылля: крэдыты ў банку пад два-тры  працэнты на дваццаць, а то і сорак год. Плюс тым, хто мае дзяцей, пагашаюць частку доўгу.

— Мой муж працуе ў воінскай часці, а я — медсястрой у бальніцы, — паведала адна з навасёлаў, Святлана Хаванская. — У нас чацвёра дзяцей: тры сыны і дачка. Старэйшаму Лёшу — 9 год, а самай маленькай Вікторыі — паўтара. Два гады таму мы атрымалі чатырохпакаёвую кватэру агульнай плошчай амаль 100 квадратных метраў. Так як на той час мелі траіх дзяцей, то 75 працэнтаў кошту кватэры адразу пагасіла дзяржава.  Крэдыт за астатняе мы плацілі ўсяго некалькі месяцаў. З нараджэннем Вікторыі і зусім перасталі. Кватэру нам падарыла дзяржава, за што вельмі ўдзячныя. Проста не маглі нават марыць аб падобным. За сваю зарплату медсястры я б ніколі ў жыцці не прыдбала  такіх апартаментаў.

У гэтым жа мікрараёне ўзводзіцца яшчэ адзін 60-кватэрны дом, і неўзабаве будзе закладзены фундамент наступнага, а побач — дзіцячага садка. Але і на гэтым кропку не паставяць. Згодна з інфармацыяй намесніка старшыні райвыканкама па будаўніцтве Аляксея Янкевіча, у праекце ўжо мікрараён Паўночны-2, яшчэ  дванаццаць 60-кватэрных дамоў, школа, гандлёвы цэнтр.

Шырока разгорнута ідывідуальная будоўля. У тым ліку льготная — для моладзі. Толькі летась такім чынам справілі наваселле 160 сямей.

Для індывідуальных забудоўшчыкаў у раёне вуліцы Радужнай, гэта з другога боку Глыбокага, пад Полацк, закладзена папярэдне ўся інфраструктура для будучых індывідуальных забудоўшчыкаў: падведзены электрычныя сеткі, вада, каналізацыя. Пракладзены пешаходныя сцяжынкі, заасфальтаваны дарогі. Першая чарга разлічана на 73 пляцоўкі для індывідуальных забудоўшчыкаў. А будуць яшчэ другая і трэцяя. Між іншым, сёлета 70 працэнтаў жылля ў Глыбокім пабудуюць менавіта індывідуалы.

ДОМ № 49  па вуліцы Камуністычнай хоць і падобны на суседнія, але вядомы. Ён — Марыны Шкерманковай, якая на апошніх летніх Алімпійскіх гульнях 2012 года ў Лондане заваявала ў спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы ў вагавой катэгорыі да 69 кілаграмаў бронзавы медаль — першую алімпійскую ўзнагароду Глыбокага.

У Івана і Святланы  Шкерманковых – дзве дачкі. Старэйшая Аксана працуе ў Магілёве ў паліклініцы, а вось малодшая  захапілася цяжкай атлетыкай. Бацькі спачатку былі катэгарычна супраць:

— Мы адпусцілі яе  ў Віцебск, у школу алімпійскага рэзерву, на лёгкую атлетыку. А тое, што яна перайшла там на цяжкую, Марына ад нас утаіла. Потым, калі даведаліся, як ні адгаворвалі — настаяла на сваім.

Дарэчы, бацька Іван Шкерманкоў не са слоў ведае, што такое штанга. У юнацтве ён сам цягаў яе і нават выступаў за зборную тэхнікума на абласных спаборніцтвах. Таму, можа, і “прараслі” ў Марыны бацькавы гены? Хаця яна захапляецца і музыкай, і кнігамі. І спявае. Была вядучай на вечарах.

Падымаемся па крутой лесвіцы на другі паверх, у пакой Марыны. Дзве сцяны завешаны граматамі і дыпломамі, на трэцяй – тузін медалёў. Жоўценькімі сонцамі ззяюць залатыя. Іх — шэсць, заваяваных на юнацкіх і маладзёжных чэмпіянатах Еўропы.

Асобна ў рамачках Пасведчанні за подпісам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі аб назначэнні Шкерманковай Марыне Іванаўне стыпендыі Прэзідэнцкага  спартыўнага клуба за 2009-ы і 2010 гады за дасягненне высокіх вынікаў на міжнародных спаборніцтвах.

Сама Марыны пра тое зорнае імгненне на Алімпіядзе ў Лондане прыгадвае так:

— Калі выходзіла на памост, у думках было толькі адно: “Трэба! Трэба штурхнуць штангу. Трэба — і ўсё”. І я зрабіла гэта. І заваявала “бронзу”. Калі б у рыўку ўзяла 117 кілаграмаў, можна было б пазмагацца і за “золата”. На трэніроўках  “рвала” нават 120 кілаграмаў...

Віншуючы Марыну Шкерманкову з бліскучай перамогай на Алімпіядзе, старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат зазначыў:

— Да сённяшняга дня  Глыбокае ўвесь свет ведаў па згушчонцы мясцовага малочна-кансервавага камбіната, дзе працуюць бацькі Марыны. Іх дачка праславіла Глыбокае, вобласць і Беларусь на спартыўнай арэне.

Як “утрымаць” каханне?  Здаецца, і гэта прыдумалі ў Глыбокім. У райцэнтры днямі на беразе возера адкрылі незвычайны сквер, нашпігаваны магічнымі рэчамі. Расце ў ім  дрэва вернасці, вісіць кашалёк, патрымаўшы які ў кішэні зазвіняць залатоўкі. Стаіць лаўка, прысеўшы на якую чалавек адразу забудзе пра спрэчкі, а на душы ў яго застанецца адна асалода. Ёсць яшчэ  падкова шчасця і  помнік Купідону  — каб заўсёды па жыцці суправаджала каханне.

СКВЕР гэты ў першую чаргу прызначаны для маладажонаў. Ён так і называецца. Першай  парай, якая на сабе адчула, згодна з народным паданнем, чароўнае ўздзеянне магічных рэчаў, былі глыбачане Андрэй і Юля Шыпёнкі.

А вось другой парай сталі бацькі Андрэя — Мікалай і Святлана Шыпёнкі, якія спраўлялі сваё сярэбранае вяселле.

Застаецца толькі сказаць, што ідэя стварэння сквера належыць маладому спецыялісту мясцовага аграпрамбанка  Таццяне Калязе. А ажыццявіць праект ёй дапамагалі маладыя глыбачане-дызайнеры Вольга Рацьковіч і Дар’я Мацяша.

— У раёне склалася свая мадэль работы з рознымі катэгорыямі моладзі праз сістэму праектаў, — гаворыць першы сакратар Глыбоцкага райкама ГА “БРСМ” Эла Ждановіч. — Гэта наша візітная картка. Як вядома, менавіта на Глыбоччыне зарадзілася і пайшло крочыць далей па рэспубліцы рэаліці-шоу “Уладар сяла”. Адным з самых значных  у год 600-годдзя Глыбокага стаў праект “600 добрых спраў”. У ім і  дабрачынная акцыя жаданняў “Мары збываюцца” для дзяцей сірот і інвалідаў, і традыцыйны конкурс сярод вучняў школ раёна “Мой падарунак ветэрану”, і навядзенне чысціні і парадку ў горадзе і вёсках і шмат іншых.

Райкам БРСМ выйшаў пераможцам у рэгіёне  па пытаннях вырашэння працоўнай занятасці моладзі. А яшчэ тры гады запар маладыя глыбачане перамагаюць у абласным конкурсе “Лепшы маладзёжны атрад правапарадку”.

Уладзімір САУЛІЧ, “СГ”

Фота аўтара і Андрэя ПАНКРАТА

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter