«Шэры воўк» дзяцей не напужае

Калi  дарослыя  перастануць  наступаць  на  адны  i  тыя  ж  граблi?

Калi  дарослыя  перастануць  наступаць  на  адны  i  тыя  ж  граблi?

Леташнi чэрвень  выдаўся  халодным i дажджлiвым. Пра гэта  многiя проста ўжо не памятаюць. А вось вiцябчанка Таццяна Варвашэвiч i дагэтуль не можа супакоiцца. З той нагоды, што яе дзесяцiгадовы сын  Анатолiй у сярэдзiне чэрвеня  выехаў на адпачынак у дзiцячы  аздараўленчы лагер рэспублiканскага унiтарнага вытворчага прадпрыемства “Вiцязь”, больш вядомага на бытавым узроўнi як тэлевiзiйны завод. 

Адпачынак быў сапсаваны з-за непрадбачанай хваробы хлопчыка — вострага захворвання вуха. У самiм аздараўленчым лагеры  першая дапамога не была аказана. Дарэчы, тым часам у сувязi з халодным дажджлi­вым надвор’ем з рознымi прастудамi ў медпункт пры лагеры звярталася многа дзяцей. 

З другога боку, аздараўленчы лагер не бальнiца i нават не санаторый. Сюды едуць не на лячэнне, а менавiта на  аздараўленне.  Мiнулагоднi Загад Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь “Аб медыцынскiм забеспячэннi летняга аздараўлення дзяцей i падлеткаў” лячэння ў аздараўленчых лагерах  не прадугледжваў.  Рэкамендавалася толькi аказанне неадкладнай  медыцынскай дапамогi. Свая логiка ў тым ёсць: не  ствараць жа яшчэ пры лагерах аздараўлення i адпачынку палiклiнiкi i бальнiцы. 

Iншая справа, што самi ўмовы пражывання, быту i адпачынку павiнны адпавядаць такiм патрабаванням, каб, жартам кажучы, да дзяцей i падлеткаў нi адна зараза не прычапiлася. А вось скаргi Таццяны  Варвашэвiч у розныя iнстанцыi напоўнены крыўдай i гневам. На яе думку, дзецi хварэлi таму, што ў спальных карпусах аздараўленчага лагера ноччу яны накрывалiся толькi адной коўдрай. Якраз у сярэдзiне чэрвеня ў памяшканнях было сыра, холадна i няўтульна. I медпункт  аздараўленчай установы быў не ў стане аказаць самую элементарную дапамогу з-за адсутнасцi медпрэпаратаў. 

Такая пазiцыя мацi. А як ставяцца да яе прэтэнзiй i нараканняў у розных структурах мясцовай улады? Спецыяльная камiсiя гарвыканкома  арганiзавала праверку фактаў з выездам у аздараўленчы лагер “Вiцязь”. Частка з iх пацвердзiлася. Кiраўнiц­тву лагера ўказана на неабходнасць  больш тактоўных i ўважлiвых адносiн да дзяцей. 

Па лiнii ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкома таксама выказаны  канкрэтныя заўвагi i рэкамендацыi. У прыватнасцi, неабходна выканаць  мерапрыемствы па  паляпшэннi якасцi гарачай вады, часткова замянiць старую мягкую мэблю, iншы iнвентар. Нельга лiчыць абгрунтаваным i тое, што частка дзяцей i падлеткаў рознага ўзросту размяшчалiся ў адных пакоях. Лепш, вядома, калi разам жывуць i адпачываюць аднагодкi. 

Шкада, што ў цэлым карысная i даступная  для ўсiх слаёў грамадства  форма летняга аздараўлення дзяцей i падлеткаў часам псуецца, як кажуць, лыжкай дзёгцю. Азмрочаным аказаўся настрой не толькi  хлопчыка Ана­толiя i яго бацькоў. А колькi непатрэбнай афiцыйнай перапiскi, праверак з боку гарадскiх i абласных iн­станцый! Траiм выхавальнiкам атрада №  8 не пра­доўжылi кантракт для работы ў другую змену. За дапушчаныя недахопы на­чальнiк лагера першай змены дэпрэ­мiраваны на 90 працэнтаў. Урачу першай змены таксама не пра­доўжылi тэрмiн працы ў летнiм лагеры... 

Дзеля справядлiвасцi скажу: у аздараўленчым лагеры “Вiцязь” шмат  рабiлася i робiцца па паляпшэннi работы. Затраты прадпрыемства на  яго падрыхтоўку да сёлетняга сезона склалi 138 мiльёнаў рублёў.  З’явiлася шмат новай мэблi, кухоннага посуду, кантэйнераў для збору адходаў i смецця. Праведзены капiтальны рамонт кацельнi, пажарная  ахова драўляных канструкцый карпусоў. Ачышчана i добраўпарадкавана тэрыторыя самога лагера i пляжа. 

Урэшце, галоўнай фiгурай i галоўным героем летняга аздараўлення  застаецца  ма­­лень­кi грамадзянiн. Той самы, якi так любiць казку пра Чырвоную Шапачку i Шэрага Ваўка. У светлым падарожжы ў казачную краiну дзяцiнства нiшто не павiнна азмрочваць адпачынак  дзяцей i падлеткаў. 

Яшчэ ў пачатку вясны загадчык Вiцебскага рэгiя­наль­нага аддзела па аздараўленнi i санаторна-курортным лячэннi насельнiцтва Сяргей Чарнабабiн на нарадзе ў гарвыканкоме выказаў шэраг  слушных заўваг i прапаноў па падрыхтоўцы дзiцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона. На асобым кантролi – два дзесятка такiх  устаноў, якiя  размяшчаюцца за горадам, на ўлоннi прыроды. I будзе прыемна, калi нiякi “шэры воўк” не сапсуе здароўе i настрой тысячам  “чырвоных шапачак”, якiя пачынаюць летняе падарожжа ў краiну казак i светлых цудаў. Аб гэтым мы бу­дзем iнфармаваць чытачоў... 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter