Шэдэўр у поўным аб'ёме

Іконы цяпер можна разглядзець у трох ракурсах

Яны не замахваюцца на тое, каб замяніць іконы. Але спрыяюць таму, каб яны, старажытныя, не зніклі калісьці пад напорам часу, вандалізму ці па іншых прычынах. Беларускія майстры-галаграфісты, фізікі і адначасова мастакі, якія пры дапамозе лазера і аптычнага шкла робяць свае цуды, ператвараючы плоскія прадметы ў фармат 3D, не так даўно ўзяліся за тэхналагічную апрацоўку праваслаўных святынь. Увасабленне абразоў, крыжоў, панагій у галаграфіі прайшло паспяхова. І сёння культавыя прадметы ў высокатэхналагічнай апрацоўцы можна пабачыць на выставе «Асветніцтва. Пазнанне. Прагрэс», якая працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Палову экспазіцыі займаюць менавіта рэлігійныя хрысціянскія рэліквіі — каля 40 прадметаў, сярод іх самыя пазнавальныя святыні: Крыж Еўфрасінні Полацкай, абразы Казанскай і Жыровіцкай Божай Маці, іконы Серафіма Сароўскага, Святога Лукі, «Тайная вячэра». Нямногія з гэтых святынь могуць вось так проста трапіць на выставу ў іншы горад. Большасць з іх, як, напрыклад, Жыровіцкая ікона Божай Маці, ніколі не пакідалі і не пакінуць іканастас манастыра. Галаграфісты ж зрабілі самыя аддаленыя і закрытыя святыні даступнымі для назірання. Больш таго, прадставілі прадметы не з аднаго прапанаванага боку (як гэта звычайна бывае ў храмах). Яны прапанавалі паглядзець, як выглядае той ці іншы абраз адначасова ў трох ракурсах.

— Кожнаму дому, кожнай вёсцы — Эрмітаж! Гэта наш дэвіз. Мы хочам кожнаму чалавеку падарыць магчымасць убачыць сусветныя і нацыянальныя шэдэўры, не сходзячы з месца, — расказвае акадэмік Міжнароднай інжынернай акадэміі, спецыяліст у галіне галаграфіі Леанід Танін. — Не ў кожнага і не заўсёды ёсць магчымасць паглядзець, чым багаты Алмазны фонд ці Эрмітаж. А пры дапамозе галаграфіі — глядзіце на ўнікальнае! Галаграфічны твор таўшчынёю 10 мікрон перадае глыбіні ў сотні метраў. Кожную рысу, кожны выгіб, кожную дэталь. Мы знаходзімся на самых перадавых пазіцыях у свеце па пытаннях галаграфіі. І не толькі прыкладной (аздабленне дакументаў і каштоўных папер, акцызных марак і іншага), але і мастацкай. Мы даўно галаграфічна апрацоўваем арт-аб'екты — аўтарскія карціны выдатных мастакоў, прадметы народнага побыту беларусаў, этнічныя рэчы. Цяпер і культавыя прадметы. Каб працаваць з імі, патрэбныя не толькі веданне дакладных фізічных законаў, але і вера.

Шлях іконы да яе галагра­фічнай копіі не вялікі і не малы. Уладальнікі абраза — святары  здымаюць рэліквію з іканастаса свайго храма і прывозяць у Мінск. Перадача каштоўнасці з рук у рукі — і рэч пакідаюць на некалькі дзён прасохнуць, адаптавацца да новых умоў. Пасля вытрымкі прадмет пераносяць у спецыяльны бункер — усе работы праводзяцца пад зямлёй, у бамбасховішчы першай катэгорыі. Дзея адбываецца на спецыяльным гранітным стале. Ён вагой з аўтобус і стаіць не проста на падмурку, а на паветранай падушцы з гумавых шын. Так дасягаецца абсалютная статычнасць аб'екта (для вырабу галаграмы патрабуюцца суперцішыня і абавязкова цемра). Ноч — мена­віта ў гэтую пару ў пакой увахо­дзіць галаграфіст, і чараўніцтва пачынаецца.

— Прадмет старажытнасці мы кладзём насупраць лазернага генератара. Сёння мы выкарыстоўваем навінку — паўправадніковы замежнай вытворчасці лазер магутнасцю 2000 міліват (гэта ў разы мацней за гелій-неонавыя і газавыя, што былі раней). Перш чым мы пусцім лазерны прамень, прадмет галаграфічнай апрацоўкі накрыем спецыяльным шклом, яно пакрыта ультратонкім пластом жэлаціну. Ён патрабуе надзвычайна далікатнага стаўлення да сябе, — гаворыць Мікалай Барздоў, фізік-оптык, тэхнічны кіраўнік галаграфічнай вытворчасці. — Падключаем генератар — лазерны прамень спачатку ідзе на люстра, адлюстроўваецца, пашыраецца пры дапамозе мікрааб'ектыва, пучок святла падае на аб'ект, ідзе запіс прадмета на шкле. У час самога запісу — экспазіцыі — мы выходзім з пакоя. Бо нават подых чалавека можа сапсаваць працэс.

Майстар выходзіць з пакоя, засякае час (працягласць чакання залежыць ад прадмета, які галаграфіруецца, яго структуры і велічыні). Усё гэта пралічваюць фізікі. Пасля працэсу экспазіцыі нясуць прадмет на прамыўку і праяўку — гэтыя працэсы нагадваюць старыя тэхналогіі праяўкі фатаграфій у лабараторыях. Прамыўка, сушка, і рэч гатовая. Зрэшты, сярод прадметаў, якімі цікавяцца галаграфісты, — старажытныя кнігі. Да выставы ў Нацыянальнай бібліятэцы былі падрыхтаваныя некалькі старадрукаў — у фармаце 3D, прадстаўлены кнігі Куцеінскай друкарні, тамы ад Францыска Скарыны.

— Спачатку мы акрэслілі кніжныя помнікі, якія перададзім да працы. Потым абмеркавалі ўсе ўмовы перадачы. Былі пытанні с захаванасцю — усё ж такі для старажытнай кнігі такія пературбацыі — пэўны стрэс. Але мы не пашкадавалі, цяпер бачым кожны зборнік вельмі дасканала. Навукоўцы-фізікі ўмудрыліся прадставіць том закрытым і адначасова быццам бы разгорнутым на пэўнай старонцы, паказалі тонкасці пераплёту, — выказаўся культуролаг, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша. — Мне здаецца, галаграфія кніг — гэта выдатна, бо галаграма павялічвае папулярнасць культурнага помніка, дае магчымасць тыражаваць яго ў іншых музеях і калекцыях без рызыкі для самога старадрука. Навука папулярызуе культуру, праводзіць выхаваўчую духоўную працу.

Погляд духавенства на галагра­фічныя варыяцыі з іконамі таксама дэмакратычны. Не так важна, праз што чалавек звернецца да Бога, якім шляхам да веры прыйдзе. 

— Ікона павінна ззяць знутры, і галаграма дапамагае гэты прынцып прайграць фізічна. Царква не адвяргае сучасныя дасягненні навукі. І рэлігія, і навука — гэта сутнасць пазнання свету, — лічыць протаіерэй Фёдар Поўны, настаяцель храма-помніка Усіх Святых.

Сёння беларуская паліграфія на вядучых пазіцыях у свеце. Навука, якая фарміравалася ў 1970-я, прайшла эфектыўны шлях свайго развіцця і зараз займае перадавое месца ў сусветнай навуцы. Пацвярджэнне таму — шматлікія міжнародныя выставы, якія беларусы з поспехам ладзяць па ўсім свеце. І яшчэ. Напрыканцы лістапада бягучага года Міжнародная асацыяцыя галаграм плануе менавіта ў Мінску правесці свой форум і сабраць у нашу сталіцу на кангрэс вядучых галаграфістаў свету. 

Алеся УЛАДЗІМІРАВА


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...