Живая классика звучит на «Беларусь-3»

Шэдэўр духоўнай музыкі

Святочным падарункам усім вернікам у чаканні Вялікадня стане прэм’ера канцэртнай праграмы Stabat Mater. Месяц таму яе запісалі ў студыі Белтэлерадыёкампаніі «600 метраў». Вядомы рэлігійны твор прагучыць у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» 21 красавіка.

Маэстра Вільгельм Кайтэль даўно і плённа супрацоўнічае з аркестрам і хорам Белтэлерадыёкампаніі.
tvr.by

Гімн Багародзіцы

Знакаміты гімн Багародзіцы Марыі, вядомы таксама пад назвай Stabat Mater — «Стаяла маці, якая смуткуе», напісаны ў XIV стагоддзі на сярэднявечнай латыні. Аўтарам тэксту традыцыйна лічыцца італьянец Джакапонэ да Тодзі. Stabat Mater апісвае пакуты маці Ісуса Хрыста, што стаіць каля крыжа, на якім памірае яе сын.

Вільгельм Кайтэль.
Вядома больш за 200 варыянтаў музычных кампазіцый на сярэднявечны тэкст Stabat Mater. Евангельскі вобраз маці, якая пакутуе за сына, паслужыў сюжэтам для многіх аўтараў. Сярод кампазітараў XVII—XIX стагоддзяў, якія звярталіся да тэксту гімна, — Вівальдзі, Пергалезі, Гайдн, Шуберт, Расіні, Дворжак, Вердзі.

У ХХ стагоддзі кантату Stabat Mater для пяцігалоснага хору і аркестра стварыў французскі піяніст і музычны крытык Франсіс Пуленк. Дарэчы, калі ў сярэдзіне 1930-х гадоў раскрылася яшчэ адна грань асобы Пуленка як кампазітара духоўнай музыкі, гэта выклікала здзіўленне ў асяроддзі яго сяброў і калег. Расказваюць, пералому ў светаадчуванні папярэднічала адна падзея. У пошуках душэўнага заспакаення Пуленк адправіўся на паўднёвы захад Францыі ў Ракамадур — вядомы сярод паломнікаў сярэднявечны гарадок, дзе яго ўразіла статуя Багародзіцы: у адрозненне ад звыклых канонаў, у яе былі чорнага колеру твар і рукі. Убачанае настолькі ўзрушыла Пуленка, што ён стаў пісаць музыку духоўную. Кантата Stabat Mater для сапрана сола, змешанага хору і аркестра з’явілася ў 1950-м, яе лічаць вяршыняй духоўнай творчасці кампазітара.

Музыка без меж

Знакаміты твор Франсіса Пуленка Stabat Mater выканалі сімфанічны аркестр і акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі — адны з самых аўтарытэтных і знакамітых творчых нацыянальных калектываў.

Сімфанічнаму аркестру больш за 60 гадоў, ён створаны ў 1958-м. Галоўныя творчыя напрамкі ў дзейнасці — аўдыё- і відэазапісы, трансляцыя канцэртных праграм па радыё і тэлебачанні, выкананне ў канцэртах класічнай і сучаснай музыкі. Аркестр паспяхова выступае ў Беларусі і за мяжой, гастраляваў у Іспаніі, Італіі, Польшчы, Даніі, Японіі, Турцыі, Кітаі, Германіі, Швейцарыі, Аўстрыі. Больш за 20 гадоў кіруе калектывам маэстра Аляксандр Сасноўскі.

Акадэмічны хор Белтэле-радыёкампаніі існуе з 1931-га. Заслужаны калектыў краіны, галасамі якога гучаць аўдыёспектаклі, праграмы радыё і тэлебачання, а таксама музычныя фонды старажытных партытур. У яго рэпертуары — творы розных стыляў, эпох і жанраў. 42 гады славутым калектывам кіраваў народны артыст СССР і БССР прафесар Віктар Роўда, асоба ў музычным свеце легендарная. Зараз яго справу працягвае выхаванец беларускай школы харавога дырыжыравання, малады таленавіты кампазітар, аранжыроўшчык і дырыжор Андрэй Саўрыцкі.

Сола ў праграме Stabat Mater выконвае сапрана Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Ірына Кучынская, вядомая па ролях у спектаклях «Чароўная флейта» і «Травіята».

За дырыжорскім пультам убачым маэстра Вільгельма Кайтэля, з якім Белтэлерадыёкампанія даўно і плённа супрацоўнічае. Нагадаем, што менавіта гэты нямецкі дырыжор і імпрэсарыа займаўся арганізацыяй сумеснага праекта з легендарнай рок-групай Rammstein. На яго рахунку тур Disney in concert з сімфанічным аркестрам, а разам з акадэмічным хорам Белтэлерадыёкампаніі ў мінулым годзе Вільгельм Кайтэль гастраляваў з праграмай Zimmer Tour па Швейцарыі, Аўстрыі і Германіі, канцэртны тур мяркуюць працягнуць і сёлета.

Велікодная тэма

Акрамя прэм’еры Stabat Mater напярэдадні Вялікадня гледачоў тэлеканалаў «Беларусь 1» і «Беларусь 3» чакаюць прамыя трансляцыі набажэнстваў, шэсцяў, пасланняў і благаславенняў Папы Рымскага Францыска з Ватыкана, тэматычныя выпускі праграм. Некаторыя з іх убачым ужо ў гэтыя выхадныя. 

На «Беларусь 1»:

Святочнае набажэнства на Вялікдзень па календары каталіц-кай канфесіі, прамая трансляцыя, 20 красавіка, 21.45.

Слова мітрапаліта Паўла на свята Уваходу Гасподняга ў Іерусалім (Вербніца), 21 красавіка, 06.25.

Слова мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Светлае Хрыстова Уваскрасенне (Вялікдзень), 21 красавіка, 06.35.

На «Беларусь 3»:

«Камертон». Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, 21 красавіка, 07.35. 

Трансляцыя Велікоднага паслання і благаславення «Граду і свету» з Ватыкана з удзелам Папы Рымскага Францыска, 21 красавіка, 16.00. 

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter