Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Удзел у Міжнароднай выставе “СМІ ў Беларусі” стаў традыцыяй для многіх актывістаў з беларускіх суполак замежжа, а таксама з розных этнааб’яднанняў краіны

Шчырыя сустрэчы

Журналістка Яўгенія Суворава з газеты “Тюменская область сегодня” ўдзельнічала ў выставе “СМІ ў Беларусі” ў другі раз. У сваім выданні яна — вядучая рубрыкі “Жизнь национальностей”: у расійскай вобласці жывуць прадстаўнікі 150 розных народаў. Добра знаёмая й з мясцовымі беларусамі. Так, артыкулы пра імпрэзы, што ладзіць Цюменьская абласная арганізацыя “Аўтаномія Беларусь”, часта з’яўляюцца на старонках газеты. Пасля леташняй камандзіроўкі Яўгенія падрабязна пісала пра мінскую выставу. Асобна — пра паездку ў Маладзечна. Асабліва ўразіў, прызнаецца, мемарыяльны комплекс “Шталаг 342”, які быў узведзены ў памяць пра загінулых у тым канцлагеры вязняў у часы Вялікай Айчыннай. А ўжо ў Цюмені звязалася яна з кіраўніком рэгіянальнага беларускага руху Артурам Альхоўскім. Той паведаміў: цюменьцы разам з беларусамі праводзілі пошукі на месцах баёў ды былых лагераў смерці ў Беларусі. Сёлета ў газеце выйшлі анонсы пра мінскую выставу, пра стэнды яе ўдзельнікаў, якіх больш за 400: СМІ Беларусі ды замежжа. Асобная ж увага надаецца стэнду “СМІ дыяспар” Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, на якім традыцыйна прадстаўлены выданні беларусаў замежжа і шэрагу нацыянальна-культурных супольнасцяў краіны. “З Мінска ў Цюмень адправіла я артыкулы пра адкрыццё выставы, — расказала мне пазней калега. — Уразіў мультымедыйны кантэнт газеты “Светлагорскія навіны”: наводзіш смартфон на фота ў газеце — і пры дапамозе спецыяльнага прылажэння глядзіш фота- ці нават відэарэпартаж з месца падзеі. Прапаную і ў нас такія крэатыўныя “завабілкі” стварыць. Думаю, будзе цікава”. 

Аляксандр Сасновіч (крайні справа) з супляменнікамі з Латвіі на выставе “СМІ ў Беларусі” 
фота Кацярыны Мядзведскай

Дарэчы, згаданую газету з роднага Светлагорска, што на Гомельшчыне, шукала на выставе й старшыня Беларускай суполкі “Сябры” з эстонскай Нарвы Людміла Аннус. Казала, што заўсёды ў курсе падзей, якія адбываюцца на малой радзіме: чытае навіны на сайце выдання. Пры нагодзе ж абавязкова набывае друкаваную версію. З верным сябрам па жыцці, мужам Віктарам Байкачовым занатоўвалі яны ўсё ўбачанае ды пачутае на выставе. Потым, казалі, інфармацыя будзе на іх старонках у сацсетках, у рэпартажах у мясцовай прэсе. А да таго, як патрапіць на выставу, Людміла й Віктар пабывалі ў Віцебску: дамовіліся аб пражыванні ў інтэрнаце Тэхналагічнага ўніверсітэта групы турыстаў з Нарвы, што прыедуць на “Славянскі базар”. Заказалі білеты на некаторыя канцэрты фестывалю. Пасля ў Доме культуры горада Смалявічы, што пад Мінскам, пазнаёміліся з артыстамі фальклорнага гурта “Пліса”. І ўжо думаюць: трэба будзе запрасіць новых сяброў да сябе ў Эстонію. На зваротным шляху супляменнікі заедуць у Полацк, Наваполацк, Шаркаўшчыну — складаюць новы турмаршрут для эстонскіх вандроўнікаў.

Падзяліўся радасцю актывіст Беларускай сябрыны Львоўскай вобласці Украіны Юры Газіеў: некалькі месяцаў таму супляменнікі аднавілі выпуск газеты “Весткі з Беларусі”. Выходзіць яна раз на месяц. Пішуць карэспандэнты з суполкі пра падзеі ў яе жыцці, друкуюць навіны з Беларусі — матэрыялы журналістаў з беларускіх СМІ. У чарговым нумары Юры Міхайлавіч апіша ўражанні ад выставы “СМІ ў Беларусі”, экскурсіі па Беларускім аўтазаводзе ў Жодзіне. У планах яго — наведаць родную вёску Дубравы, што ў Маладзечанскім раёне, сустрэцца з сябрамі-акцёрамі, выпускнікамі курса рэжысёра Уладзіміра Маланкіна Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Галоўнае ж, казаў: будзе з медалямі на грудзях, баявымі ўзнагародамі ўдзельніка вайны ў Афганістане сустракаць у Мінску свята Перамогі.

Вялікай дэлегацыяй, як заўсёды, прыехалі на выставу “СМІ ў Беларусі” супляменнікі з Латвіі. Газету “Прамень”, заснаваную ў 1994-м, прадстаўлялі Валянціна і Барыс Піскуновы, іх дачка, старшыня Беларускага таварыства “Прамень” у Рызе, дэпутат Сейма Алёна Лазарава. Былі й карэспандэнты выдання Іна Олесава і Алена Міцкевіч. “Фатаграфуем, збіраем інфармацыю, — казала спадарыня Іна. — Напішам пасля, што ўбачылі-пачулі. Упершыню сёлета пабывалі на жодзінскім прадпрыемстве “БелАЗ”: пабачылі вялізныя кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю да 560 тон. Нават пракаціліся на 240-тонніках! Уражанняў шмат. Вялікі дзякуй арганізатарам, Упаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцяў,  асабіста нашаму сябру Аляксандру Сасновічу, Мінаблвыканкаму: штогод рыхтуюць для нас насычаную праграму, заўсёды здзіўляюць”.

На выставачным стэндзе можна было пазнаёміцца і з газетай “Уздым”, што выдаецца ў Даўгаўпілсе беларускай суполкай з аднайменнай назвай. Бачыла: брала каментары ўдзельнікаў выставы кіраўніца суполкі Жанна Раманоўская, аўтар і вядучая праграмы для беларускай дыяспары “Світанак”, што выходзіць на латвійскай нацыянальнай радыёстанцыі LR-4.

Акрамя СМІ беларусаў замежжа, на стэндзе Упаўнаважанага былі прадстаўлены й выданні нацыянальна-культурных супольнасцяў Беларусі: газета “Авив” Саюза беларускіх яўрэйскіх аб’яднанняў і абшчын, “Український вісник” аб’яднання ўкраінцаў “Ватра”, яскравыя каляровыя буклеты ды брашуры азербайджанскай, карэйскай, нямецкай, грузінскай, армянскай, казахскай суполак.

Па традыцыі ўдзельнікі выставы сустрэліся з журналістамі радыё “Минская волна”, інфармагенцтва “Минск-Новости”. Прайшоў таксама Круглы стол “Этнаканфесійная сітуацыя ў Беларусі” ва Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі.

Кацярына Мядзведская 

Голас Радзімы № 17 (3569), пятніца, 11 мая, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter