“Маці ўсіх святаў” называў Раство Хрыстовае святы Іаан Златавуст

Шчырая калядная размова

“Маці ўсіх святаў” называў Раство Хрыстовае святы Іаан Златавуст. І нездарма. Гэты дзень дорыць усім нам незгасальнае святло веры і надзеі. Напаўняе нашы сэрцы цёплымі пачуццямі радасці і міласэрнасці. Дае нам магчымасць асэнсаваць чарговы перыяд жыцця. Глыбока сімвалічным у гэтым дачыненні стала наведванне Прэзідэнтам 7 студзеня каляднага богаслужэння ў Свята-Духавым кафедральным саборы Мінска. Традыцыйная ў такі дзень прысутнасць Аляксандра Лукашэнкі ў храме не абмежавалася запальваннем каляднай свечкі і віншаваннямі вернікам і духавенству. Прэзідэнт нечакана звярнуўся да людзей з праніклівымі і душэўнымі словамі пра важнае і надзённае.


Пра самае неабходнае

— Вы бачыце, што адбываецца вакол нашай краіны. Таму першы наш зварот да Госпада, каб ён сапраўды нас абараніў і захаваў нашу краіну такой, якая яна ёсць цяпер. Большага мы проста не можам прасіць сёння. Таму што ўсё астатняе залежыць ад нас, нам трэба спадзявацца толькі на сябе.

Пра сутнасць дзяржаўнай палітыкі

— Усё, што зможа дзяржава, гэта я вам абяцаю, яна зробіць для народа. Але гэта будзе ўжо ў плюс да таго, што вы зможаце зрабіць самі для сябе, для сваіх сем’яў і дзяцей. Сутнасцю гэтай палітыкі стануць дзеці і старыя. Мы будзем рабіць усё, каб абараніць чалавека, зрабіць яго жыццё як мага больш доўгім і камфортным.

Пра асновы

— Мы будзем жыць у абсалютна дэмакратычным прававым грамадстве, як мы жылі да гэтага часу. Як бы нас ні крытыкавалі. Праўда, крытыкі сёння змоўклі, пераканаўшыся ў тым, што і дэмакратыі, і правоў чалавека ў Беларусі не менш, чым у іншых. А я пра гэта гаварыў заўсёды. І пра тое, што самае галоўнае — гэта права жыць. Нікому не патрэбна такая дэмакратыя, дзе кожны дзень на вуліцы страляюць і забіваюць.

Пра ролю Царквы

— Сёння Царква ў Беларусі ператварылася ў адно з апірышчаў нашай дзяржавы, якое забяспечвае разам з іншымі зацікаўленымі органамі ўлады і арганізацыямі баланс нашага грамадства. Царква як была, так і застанецца адным з нашых стаўпоў. Але ўсе павінны разумець: Царква дзейнічае і функцыянуе ва ўмовах суверэннай і незалежнай дзяржавы... У нас заўсёды была адзіная і прыгожая Царква. Я маю на ўвазе не толькі будынкі і храмы — душой народа была Царква. І яна заўсёды такой застанецца. Нікому не будзе дазволена парушыць адзінства нашай Царквы. Як хочаце, так і разумейце мяне.

Пра развіццё

— Так, мы частка гэтага праваслаўнага свету, які называецца Руская праваслаўная царква. Мы не імкнёмся да нейкай незразумелай аўтаноміі і самастойнасці. Але шчыра скажу: мы гэта абмяркуем яшчэ на сустрэчы са святарамі — Царква павінна развівацца. Ёй трэба ўдасканальвацца. І я, наколькі гэта магчыма, буду таму садзейнічаць, не нагнятаючы абстаноўкі.

Пра жыццё ў гэтым годзе


— Год будзе няпростым. Не таму, што мы дрэнна працуем. Свет змяняецца. А да зменлівага свету складана прыстасоўвацца: тое, што ёсць сёння, заўтра ўжо будзе іншым. Але ўзяты намі курс — гэта святое: абарона чалавека, стварэнне ўмоў для яго нармальнага жыцця. Усё лепшае і каштоўнае, што ёсць у свеце, мы прыўнясём у нашу краіну. І на гэта будзем абапірацца.

Пра непрадуманыя рэформы

— Заўсёды, калі складана, з’яўляюцца розныя тэорыі: рэфармаваць, разбурыць дашчэнту, затым новае нешта стварыць. У нас шмат добрага, а дрэннае мы заўсёды адкідаем. Так будзем жыць і далей. І што створана народам, мы нікому за бясцэнак прадаваць не маем намеру. Мы ўбачылі, што адбываецца там, дзе ўсё падзялілі.

Пра непарушнасць прыярытэтаў

— Дапаможам тым, хто мае патрэбу ў дапамозе. Мы будзем дзейнічаць, можа, не ў такім аб’ёме, але сапраўды такім шляхам, як ішлі, абараняючы і падтрымліваючы нашых людзей. Тых, хто можа працаваць, але не хоча — прымусім. І будзем і ў далейшым праводзіць узважаную міралюбівую палітыку. Нікому ні пядзі сваёй зямлі не аддадзім. Гэта наша зямля, для на­шых людзей, для нашых дзяцей.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter