Шчырасць. Слова гэтае ўвёў бы ў мовы ўсе...

Кожнае свята Дня беларускага пісьменства, і сёлетняе ў Капылі не выключэнне, паказвае, што людзі чытаюць не толькі нашых нацыянальных творцаў, але і літаратараў блізкага і далёкага замежжа, якія друкуюцца ў нас. А выдаюцца яны і ў перакладах на дзвюх нашых дзяржаўных мовах, і ў арыгіналах. І нядзіўна: некаторыя нарадзіліся, вучыліся і пэўны час жылі і працавалі ў Беларусі. Тут надрукавалі свае першыя творы, яскрава заявілі пра сябе як літаратары, а потым па волі лёсу апынуліся ў іншых краінах.

Адзін з такіх яркіх творцаў замежжа, як адзначаюць чытачы і калегі па пяры, паэт Раман Айзенштат. Калі ў мінулым годзе выдавецтва Рамана Цымберава (Мінск) рыхтавала да друку том выбранага Рамана Айзенштата «Возвращаюсь в Беларусь я стихами», то я, прыхільнік яго творчасці, з задавальненнем напісаў прадмову да кнігі. Ён мінчанін, як піша, у чацвёртым пакаленні. Нарадзіўся ў 1946 годзе. У 15 гадоў пайшоў працаваць на аўтазавод, асвоіў некалькі рабочых прафесій. Вучыўся ў вячэрняй школе. Служыў у войску. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у шматтыражцы «Автозаводец». І пісаў вершы. Але не спяшаўся друкаваць іх: паэзія — справа сур'ёзная… У 1990-я пераехаў у Ізраіль. Яго творы пачалі выходзіць у свет, калі Раман быў у даволі сталым узросце. У Ізраілі, у нас, у Расіі, Украіне, ЗША, Германіі, іншых краінах. (Некаторыя рускія, беларускія, ізраільскія кампазітары пішуць песні на яго вершы.) Чаму ў розных краінах друкуецца? Таму што яго паэзія з філасофскім кірункам, інтэлектуальная, напоўненая дабрынёй і шчырасцю. І канечне ж, з пашанай да чалавека, да самых розных зрухаў яго душы, да акаляючай прыроды. Таленавітая, што прыцягвае ўвагу чытача, дзе б ён ні жыў, на якой бы мове ні гаварыў…

З Раманам Айзенштатам пазнаёміўся ў пачатку 1980-х. Ён працаваў у «Автозаводце». А было так. Мае былыя аднакурснікі, як і ён, супрацоўнікі заводскай шматтыражкі, Фёдар Пратасеня і Алег Татун запрасілі мяне, члена Саюза пісьменнікаў, весці заняткі літаб'яднання пры газеце. Наведваў іх і Раман. Але не як пачынаючы літаратар, а проста як супрацоўнік рэдакцыі, якога цікавіла творчасць рабочых паэтаў і празаікаў. І калі яго прасілі выказаць сваё меркаванне пра творы таго ці іншага аўтара, не адмаўляўся. І рабіў гэта, асабліва што датычылася вершаў, па-сяброўску далікатна, зычліва, нікога не крыўдзячы, нават калі ў аўтара нічога не атрымлівалася.

Пра зычлівасць і чалавечую дабрыню Рамана Айзенштата ведалі не толькі ў рэдакцыі і на прадпрыемстве, тыя, пра каго ён пісаў у газеце, але і наогул усе, з кім ён сутыкаўся ў паўсядзённым жыцці. І нядзіўна. Бо сапраўдны творца, хай рабочы, хай настаўнік, будаўнік ці хлебароб, не можа быць злосным: ён — стваральнік. Так што, як я адзначаў у прадмове да выбранага «Возвращаюсь в Беларусь я стихами», якасць яго такая — «помогать, но не обижать». І яна прыродная. А калі ўжо казаць пра кнігу, дык пачынаецца яна са стану паэта… Яму аднаму сумна на беразе Чырвонага мора, хоць дзень светлы, сонечны: сустрэў бусла, які нагадаў яму пра родную Беларусь, Палессе. І хоць часта прыязджае сюды, але думае пра зямлю, дзе нарадзіўся і рос, пастаянна і піша вершы пра яе, пра яе людзей, прыроду… І хоча, знаходзячыся далёка ад Беларусі, вярнуцца да яе вершамі… Што і зразумела: тут жывуць сябры яго дзяцінства, юнацтва, часоў станаўлення. Тут яго чакаюць чытачы і паэты-калегі. Тут усё для яго роднае і блізкае. Гарады і вёскі. А вёску беларускую ён любіць асабліва: людзі надзвычай шчырыя. Вядома, не супрацьпастаўляе іх гараджанам — розны рытм быцця накладвае адмеціны...

І калі кажу пра гэта, дык бяру ў «сведкі» раздзел з кнігі «Белорусская тетрадь», які адкрывае верш «В белорусской деревне». Цытую: «В белорусской деревне вам стол непременно накроют, // Угощенья простые, но все ведь от доброй души». А далей пра тое, што гэтыя простыя людзі, якія ведаюць кошт усяму створанаму чалавекам для сябе і для іншых, не выпусцяць з хаты, не накарміўшы, не наталіўшы смагі. І што яны гэта зробяць нязмушана, шчыра, ад ўсёй душы. І зразумееш: ты тут дарагі госць.

Чытаю і думаю: так было, ёсць і будзе спрадвеку на нашай зямлі сярод людзей! Але, не прыніжаючы іншых (няма кепскіх народаў, хоць, безумоўна, у кожным ёсць тыя, каго людзьмі не назавеш, і ў нас таксама), нагадаю агульнавядомае: гэтую рысу характару беларусаў — шчырасць — адзначаюць усе добрыя людзі ва ўсім свеце. Найперш тыя, хто нас ведае, хто з дабром прыходзіць да нас… А яна, шчырасць, вобразна кажучы, тое зерне, з якога прарастае колас дабрыні ў чалавеку, сям'і, народзе, калі яны думаюць пра іншых, як пра сябе. (Помнім з дзяцінства мацярынскае: «Дзеткі, і іншым, калі іх пакрыўдзяць, баліць гэтаксама, як вам… І іншым, калі добра, гэтаксама радасна, як вам… Не крыўдзіце ніколі нікога, суцешце, калі трэба…»)

Цытую паэта далей: «А уехав, о слове одном буду думать я: «шчыра», // Белорусское слово, но ввел бы во все языки». А таксама ён кажа пра тое, што мы «люди без фальши» і што гэтае «слово без фальши», зрэшты, як і ўсё ў нас… І вось, спыняючыся на сказаным чулым да іншых чалавекам і надзвычай тонкім паэтам Раманам Айзенштатам пра беларусаў, людзей родных яму, думаю: ці заўсёды мы на нашай зямлі па-сапраўднаму цэнім і шануем усё сваё, наша?.. Здараецца, тыя, хто па волі лёсу раптам пакідае зямлю, дзе іх карані, потым праз прызму часу надзвычай ясна бачаць яе аблічча, людзей ды ўсё тое, чаго яны дасягнулі, чым жылі, жывуць і будуць жыць… Няўжо, каб па-сапраўднаму шанаваць гэта, як піша паэт, трэба аб'ехаць шмат краін і прайсці шмат дарог?.. А далей, пасля вандравання па свеце, чытаю ў яго: «Только этой душевности, «шчырасці» я не забуду». І пажаданне-просьба, як малітва ў адным радку: «Отведи Бог, прошу я, от этой деревни беду».

Канечне, паэзія абагульняе. І тут своеасаблівая малітва Рамана Айзенштата з просьбай адвесці бяду не толькі ад канкрэтнай вёскі, у якой быў паэт у свой чарговы, два гады таму, прыезд у Беларусь: ад яе, яго роднай зямлі, ад людзей… І ведаю, гэты твор знакаміты паэт пісаў у той час, калі ў нас пад уздзеяннем некаторых знешніх незычлівых да нас сіл было неспакойна. І тут як ніколі трапнае яго жаданне ўвесці ва ўсе мовы, калі б у яго было такое права, наша слова «шчыра»… У той неспакойны для нас час ён тэлефанаваў мне з далёкага берага Чырвонага мора, сум быў у яго голасе: чаму на нашай зямлі раптам стала так і як там вёска?..

Адказаў я паэту, што ён сам ведае чаму: няма ў тых, хто гэта робіць, паняцця «шчыра». Няма павагі, пашаны да іншых, у каго дабрыня і лад, а ёсць асабістая выгада. І замешана яна на асабістым пачварным…

А таксама сказаў, што наша беларуская вёска, як і ўся краіна, жыла, жыве, працавала, працуе. І ва ўсім, як ён пісаў, шчырасць…

Зрэшты, паэт гэта разумеў і без мяне: ёсць такая асаблівасць у сапраўдных творцаў — думаць, перадумваць, супастаўляць, каб сутнасць жыцця (а яна ў стваральнасці) несці іншым. Як нясе ён, Раман Айзенштат, у гэтай кнізе, вершамі з якой вяртаецца ў Беларусь. Да той зямлі, у тую краіну, дзе ў яго шмат сяброў, дзе яго помняць, шануюць і паважаюць як чалавека і творцу. Як і ўсіх, хто таксама да нас з дабром і шчырасцю. Як і мы да іх.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter