Шчырасць i шчодрасць Каласавiн

Нават  восеньскi  дождж  не  сапсаваў  паэтычнага  свята  ў  Стоўбцах,  прымеркаванага  да  125-годдзя  з  дня  нараджэння  народнага  паэта  Беларусi  Якуба  Коласа

Нават  восеньскi  дождж  не  сапсаваў  паэтычнага  свята  ў  Стоўбцах,  прымеркаванага  да  125-годдзя  з  дня  нараджэння  народнага  паэта  Беларусi  Якуба  Коласа 

…Як заўжды, Стоўбцы сустрэлi ганаровых гасцей урачыста i ўзнёсла, упрыгожаныя разнаколерам палотнiшчаў, хлебам-соллю i восеньскiмi кветкамi. Шлях творчай «экспедыцыi» ляжаў да знаёмых кожнаму беларусу, калi не ўвачавiдкi, то па школьных падручнiках, коласаўскiх мясцiн — сядзiб-леснiчовак Акiнчыцы, Альбуць, Смольня, вёскi Мiкалаеўшчына. Тут кожная захаваная дасюль рэч, будынiна цi дрэва таго часу напамiнаюць пра бацькоўскi дом, пра асяроддзе, у якiм прайшло дзяцiнства, маладосць Кастуся Мiцкевiча. Дый пра пазнейшыя падзеi, калi Колас стаў слынным паэтам, вядомым у многiх краiнах свету, але не забываў свой родны кут, часта прыязджаў сюды i высокiм госцем, i добрым дарадцам, i чуйным памагатым. 

Увогуле, Мiкалаеўшчына шчодра багата на лiтаратурныя таленты. Землякi Коласа iмкнуцца працягваць яго справу. Сабрана цэлая кнiга 35 аўтараў, якiя звязаны родавымi сувязямi з Мiкалаеўшчынай. Пакуль яна чакае свайго выдання, i, думаецца, пры тым стаўленнi да спадчыны Коласа, да маладых талентаў ва ўсiх сферах, якое дэманструе сённяшняе кiраўнiцтва раёна на чале са старшынёй выканкома Уладзiмiрам Мiсько, убачыць свет. 

Не выпадкова Мiкалаеўшчыне наканавана было стаць кульмiнацыйнай кропкай сёлетняга свята. I нягледячы на тое, што менавiта ў гэты момант сыпнуў моцны дождж, данiна памяцi была спаўна аддадзена Песняру: да яго помнiка ўскладзены кветкi, прагучалi пранiкнёныя словы пашаны, паэты прачыталi свае вершы.   

Беларускi Пясняр на працягу ўсяго свайго творчага шляху жыў i тварыў з верай у заўтрашнi дзень, у шчаслiвую долю свайго народа. Пэўна, што сённяшняя суверэнная Беларусь з яе дастаткова высокiм узроўнем эканамiчнага i культурнага развiцця з’яўляецца ўвасабленнем яго мар. 

Дарэчы, творчасць Якуба Коласа не страчвае сваёй надзённасцi i ў ХХI стагоддзi. Аб гэтым яскрава сведчыць тое, што Iнстытут лiтаратуры НАН Беларусi рыхтуе да выдання 20-томны поўны збор яго твораў. Ужо выйшлi два першыя тамы. А ўся спадчына Коласа сёння — гэта 242 найменнi кнiг, агульны тыраж якiх звыш 6 мiльёнаў. Яго творы перакладзены на 41 мову свету. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter