Дый аб нараджэннi ў Дзень горада новага гараджанiна як аб вялiкай падзеi абвяшчаецца. Шчаслiвы тата Ягор Шулейка прымае ў падарунак ад мясцовай улады каляску для сына. Шчучынскiя маладажоны Дзмiтрый i Таццяна Цыбульскiя адразу пасля рэгiстрацыi шлюбу з усёй вясельнай дружынай рушылi па святочных вулiцах, фатаграфуюцца ў каларытным “Горадзе майстроў”. Нiколi не забудзецца такое!
Павiншаваць шчучынцаў у гэты незвычайны дзень прыехаў губернатар Уладзiмiр Саўчанка, якi даў высокую ацэнку таму, што было зроблена будаўнiкамi i службамi райвыканкама да юбiлею горада. Самым эфектным падарункам, па ўсеагульнаму меркаванню, стаў “шчучынскi Бiг-Бэн” — узведзеная па такому ж прынцыпу, як i ў Лондане, вежа з гадзiннiкам. Сам горад не пазнаць: пашырылася цэнтральная дарога, якая зараз нагадвае праспект, рэканструiравана плошча, прыведзены ў належны стан усе гарадскiя вулiцы.
Прывiтанне на адрас шчучынцаў накiраваў парламент краiны, а абвясцiў яго дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь па Шчучынскай выбарчай акрузе № 2 Вiнцэнты Казяк. Наогул, у свой дзень нараджэння Шчучын прымаў багата ганаровых гасцей: акрамя ўжо ўзгаданых — мiнiстра фiнансаў Мiкалая Корбута, старшыню Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Аркадзiя Карпуця, членаў абласнога выканаўчага камiтэта, кiраўнiкоў абласных службаў i ведамстваў, будаўнiчых арганiзацый Гродзенскай вобласцi.
Раздзялiць радасць урачыстасцi прыехалi дэлегацыi расiян — з Масквы i Гур’еўска, з лiтоўскага горада Варэна, з якiм шчучынцаў звязвалi доўгiя гады плённага супрацоўнiцтва, а зараз узаемавыгаднае партнёрства актыўна ўзнаўляецца.
Цёпла павiншаваў са святам усiх прысутных старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Ушкевiч, падкрэслiўшы, што ў слаўных гiстарычных традыцый ёсць дастойныя прадаўжальнiкi. Асобыя словы ўдзячнасцi ў гэты дзень гучалi ў адрас будаўнiкоў i наогул людзей працы. Многiм шчучынцам былi ўручаны ганаровыя граматы аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, райвыканкама. А вельмi паважаным у раёне людзям — хiрургу ад бога Iвану Рафаiлавiчу Луневiчу, якi выратаваў нi адно жыццё, i былому начальнiку МПМК-167 Альфрэду Тадэвушавiчу Шоце — прысвоена званне “Ганаровы грамадзянiн горада Шчучына”.
Надзвычай цiкавай i насычанай была праграма не толькi ў раённым Доме культуры, дзе яблыку не было дзе ўпасцi, але i на творчых пляцоўках ў горадзе. Шчучын святочны сабраў плац-парад духавога аркестра МНС г.Гродна, цыганскiя гурты “Рада”i “Гiнэ-Рома”, фальклорныя ансамблi “Купалiнка” i “Свята”. Працавалi атракцыёны для дзятвы. Сваю праграму прапаноўваў кiнатэатр “Беларусь”. Бурлiла спартыўнае жыццё на стадыёне “Алiмп”.
Вельмi пастаралiся i напярэдаднi, i ў дзень свята работнiкi Шчучынскага райспажыўтаварыства, забяспечыўшы дастойны сэрвiс гараджанам i гасцям.
Нездарма ж кажуць: што нi горад — то нораў! А як красамоўна заявiў аб сабе “Горад майстроў”, куды свае вырабы прывезлi рукадзельнiкi з усiх куточкаў Гродзеншчыны. Трэба сказаць, што асаблiва выдзяляўся маляўнiчы палатачны гарадок устаноў профтэхадукацыi вобласцi. Педагогi i iх выхаванцы прапаноўвалi мноства недарагiх i прыгожых рэчаў, адзенне для дзяцей i дарослых.
А вечарам да цэнтральнай сцэны сцякаўся люд, каб ужывую ўбачыць вядучага ОНТ Яўгенія Лашкоўскага i абаяльную Ларысу Грыбалёву, патанцаваць пад песнi прыгажунь з групы “Топлес”, якiя наперакор сваёй назве не рашылiся выйсцi на сцэну без куртак. Для шчучынцаў спявалi Пётр Ялфiмаў i Якаў Навуменка, ансамбль “Чысты голас” i яшчэ многа iншых зорак беларускай эстрады.
У гэты час ля гарадскога возера iшлi апошнiя прыгатаваннi да грандыёзнага вiдовiшча — водна-лазернага шоу. Было такое пачуццё, што людзей сабралася яшчэ болей, чым днём. I тое, што яны ўбачылi, не расчаравала. Жывыя эмоцыi ўзрывалiся захапленнем з кожным россыпам святочнага салюта.