Братья Александр и Григорий Дульские достойно продолжают дело своих предков на столинском хуторе

Шчодрыя ўзяткі Вялікага Лугу

НЕПАДАЛЁКУ ад хуткацечнай ракі Гарыні, пад шатамі разгалістых дубоў прытуліўся палескі хутар Вялікі Луг. З пакалення ў пакаленне гаспадарыць тут сялянскі род Дульскіх. Акрамя жывёлагадоўлі і земляробства, працавітыя палешукі займаюцца пчалярствам. Як сведчанне радавой традыцыі захаваўся дзясятак пчаліных калод, вырабленых стагоддзе і болей таму з сасны, ліпы і дубу.

Пад маладымі садовымі дрэвамі радкамі красуюцца некалькі дзясяткаў рознакаляровых вулляў. Належаць яны Столінскай ПМК-24. Даглядаюць пчальнік браты Аляксандр і Рыгор ДУЛЬСКІЯ. Ад бацькі Леаніда Рыгоравіча перанялі гэта ўменне. Год назад хутаранец адышоў у нябыт. Неаднойчы даводзілася сустракацца з ім. Краналі душу яго расповеды пра традыцыі і звычаі палескага хутара.


У ГЭТЫМ лясным і балотным кутку на беларуска-ўкраінскім узмежжы да сярэдзіны мінулага стагоддзя сяляне ў асноўным жылі на хутарах. Да некаторых падворкаў дабіраліся па кладках. Побач пралягае чыгунка, што вядзе з Беларусі ва Украіну. З хутара добра чуваць, як грымяць коламі таварныя вагоны. У вайну чыгунку пільна ахоўвалі нямецка-фашысцкія акупанты: адпраўлялі па ёй на фронт тэхніку і боепрыпасы.

Памятаю, як Леанід Рыгоравіч расказваў пра дзейнасць народных мсціўцаў у гэтым глухім кутку Палесся. З першых дзён акупацыі мясцовыя актывісты арганізавалі ў лесе партызанскі атрад. Хутаране пяклі хлеб партызанам, дапамагалі ім харчамі і адзеннем, выконвалі розныя заданні. Камандаванне атрада даручыла Рыгору Дульскаму збіраць звесткі пра колькасны састаў ворагаў і іх узбраенне. Разам з сынам-падлеткам Леанідам ён насіў у гітлераўскі лагер мёд і яйкі. Пасля такіх візітаў у варожы стан перадаваў партызанам каштоўныя звесткі пра акупантаў.

Дзякуючы такой падтрымцы змагары паспяхова вялі «рэйкавую вайну». За сувязь з партызанамі ворагі разам з жыхарамі зверскі знішчылі суседнія Варані. На могілках спаленых вёсак у Хатыні занесена і яе назва. Дабраліся фашысты і да хутара Дульскіх. Уратавацца сям’і дапамог нямецкі салдат, які папярэдзіў пра карную аперацыю. З высокага дуба гаспадар з боллю глядзеў, як палалі хлявы, іншыя драўляныя пабудовы. Чаротавы дах хаты, як ні намагаліся зладзеі, не паддаваўся агню. Мудрагелістыя палешукі для ўцяплення даху перамешвалі чарот глеем. Раз’юшаныя фашысты закідалі хаціну гранатамі. З падворка вар’яты забралі авечак, парасят і курэй. Кароў хутаране паспелі вывесці ў балота. Дабраліся фашысты і да пчаліных калод і вулляў. Паскідалі іх пад высачэзны дуб, што ўзвышаўся пасярод сядзібы, і падпалілі. Дрэва потым так і не зазелянела. Восенню пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх акупантаў Дульскія вярнуліся на хутар. Балюча было гля­дзець на знішчаны дашчэнту падворак. Склеп накрылі бярвеннямі, змуравалі печ і так сустрэлі зіму.

У пасляваенныя гады мясцовыя сяляне аб’ядналіся ў калгас. З першых дзён яго існавання на хутары збудавалі павець для жывёлы. Гаспадар даглядаў цялят і займаўся пчоламі. На некаторых дрэвах засталіся калоды. Каб забраць мёд, неабходна было па спецыяльных прыстасаваннях высока ўзбірацца да іх. Салодкім пачастункам Дульскія заўжды шчыра дзеляцца і ніколі ім не гандлююць.

Рыгор Дульскі скончыў агранамічны факультэт Белдзяржсельгасакадэміі. Працаваў начальнікам Ельскай раённай станцыі аховы раслін. Але доўга без хутара ўтрымацца не змог. Вярнуўся на родны падворак.

Пчаляр Рыгор ДУЛЬСКІ.

Яго малодшы брат Аляксандр марыў стаць рэжысёрам. Паступіў у Гродзенскае культасветвучылішча. Адтуль яго прызвалі ў армію. Два гады служыў на Каўказе. Вярнуўся на роднае Палессе. Атрымаў юрыдычную адукацыю, займеў сям’ю. Кожныя летнія канікулы прывозіў да бацькоў на хутар сыноў Уладзіслава і Аляксандра. Хлопчыкі травы касілі, сена нарыхтоўвалі, дапамагалі дзядулі пасвіць калгасных цялят і авечак. Вучыліся пчалярству. Скончылі школу, і спакусіла іх гарадское жыццё.

Са шкадаваннем гаворыць пра гэта іх бацька Аляксандр Леанідавіч. Ён, як і старэйшы брат Рыгор, зараз з аўдавелай маці Марыяй Рыгораўнай упраўляюцца па хутарской гаспадарцы. А яна ў іх немалая. Больш за 5 гектараў зямлі. Побач з мурам Дульскіх, пабудаваным паўстагоддзя таму, драўляныя дзедава і дзяцькі Міхала хаты. Некалькі гадоў назад на іх падворак падведзены прыродны газ.

Пад шатамі высокіх ліп і ясеняў збудаваны прасторныя хлявы, склеп, павеці для дроў і сена. Багатыя на карасёў, шчупакоў, лінёў, карпаў і іншую рыбу дзве сажалкі. З усіх бакоў сядзібу акружаюць яблыні, грушы, слівы, вішні, абрыкосы.

З Рыгорам і Аляксандрам Дуль-скімі крочым па старым садзе. Побач аксамітавым дываном красуе загон канюшыны.

— Пасеялі яе не толькі для корму жывёле, але і для пчол, — удакладняе Рыгор. — Канюшына цвіце доўга, і крылатым працаўніцам не трэба далёка лятаць за ўзяткам. Яны звычайна шчыруюць ад вясновых першацветаў да сонечных дзён залатой восені. Навокал багата дзікарослых меданосаў: зверабою, чабару, іван-чаю, валяр’яны, рамонкаў і іншых кветак. А як яны завіхаюцца ў чэрвені вакол квітнеючых старых ліп! Іх гудзенне супакойвае нервовую сістэму. Кожнае такое дрэва — шчодрая крыніца меданоса. А ў восень раздолле для нашых пчол — ружовыя паляны верасоў. Вакол хутара шмат такіх мясцін.

Браты ганарацца, што яны ў сёмым пакаленні пчаляры. Пры гэтым Рыгор адзначыў, што на генным узроўні прызвычаяны да джалаў. Дзядуля не баяўся пчол, і бацька таксама адкрываў вуллі без маскі. Выпрацаваны імунітэт да ўкусаў пчол у сыноў Рыгора і Аляксандра. Ёсць у хутаран і сямейны рэцэпт медавухі. Без салодкага прадукту тут не праходзіць ні адна ўрачыстасць. На радзінах гасцей частуюць пшоннай кашай з мёдам. Маладых пасля вянчання бацькі сустракаюць з мёдам. На хаўтурах нябожчыка памінаюць салодкім канонам.

Паабапал сцяжынцы выстраіліся вуллі. Побач на агародзе гаспадыня Марыя Рыгораўна капала бульбу. Дзявяты дзясятак размяняла, а ўвішнасці ёй можна пазайздросціць. Нястомным у працы быў і муж Леанід Рыгоравіч. Супольна яны пражылі амаль 60 гадоў. Рыгора, Аляксандра і На­дзею выхавалі. Далі дзецям адукацыю.

Марыя Рыгораўна з сынам Аляксандрам і дачкой Надзеяй.

Дачка з сям’ёю жыве ў Пінску. У выхадныя з мужам прыязджае на хутар. Раней і дзяцей з сабой прывозілі.

Гаспадар хутара Леанід Рыгоравіч да апошняга дня, а пражыў ён 90 гадоў, не выпускаў з рук касы, сякеры, плуга і іншых сялянскіх прылад. Сваім конікам араў агароды вяскоўцам з суседніх Бухліч. Здароўе мацаваў мядовым напоем і настоямі зёлак.

— Звычайна раніцай бацька выпіваў кубак медавухі, запіваў свежымі курынымі яйкамі і браўся за працу. А шчыраваў ён заўжды заўзята. У яго любая справа спорылася. І нас з маленства да сялянскага занятку прызвычайваў. Без тэхнікі апрацаваць 5 гектараў зямлі не так проста. Бацька не толькі ўпраўляўся па хутарской гаспадарцы, але і лепшым калгаснікам быў. Маці да выхаду на пенсію таксама працавала ў калгасе.

Пад прасторнай павеццю ўзвы-шаюцца акуратна складзеныя паколатыя дровы. У доме ўжо некалькі гадоў газавае ацяпленне, але засталася звычка мець у запас дровы.

Каля хлява, накрытага шыферам, стаялі дзве падводы на гумавых колах. Рыгор вывеў са стайні статную кабылку і павеў да студні паіць.

— Калі наша кабылка пазяхае — чакай перамены надвор’я, — усміхаецца Рыгор. — Раненька выводзім яе на пашу. Ласуюцца канюшынай і лясныя госці. Часта бачым дзікіх козачак. Да сена прыходзяць лосі. Адбою няма ад хітрых ліс. Так і цікуюць, каб ухапіць куру ці пеўніка. Трымаем іх за сеткай. І ўсё роўна ўхітраюцца падлезці туды. А днямі прыйшла галодная ваўчыца і схапіла двух кацянятак. Так і не ўратавалі іх: панесла ў лес. Зайцоў, андатраў і іншых дробных звяроў лічым за сваіх. Далей за хутарам, па берагах старога рэчышча Гарыні, жывуць бабры, выдры.

Браты наперабой распавядалі, як кабылка Машка ляціць да старой грушы «бэра», якую садзіў на пачатку мінулага стагоддзя прадзед, і ласуецца салодкімі пладамі. Рыгор узгадаў пра сустрэчу з рыссю. З сябрам ехаў на легкавіку па лясной дарозе. Яна выйшла з хмызняку і прысела на ўзбочыне. Праехалі каля яе — і не варухнулася.

Багата наваколле хутара і на птушак. У невялікім балотцы жывуць журавы. Кожную вясну прылятаюць буслы. Па паводзінах лясных госцяў хутаране вызначаюць прагноз надвор’я. Перад дажджом чуваць з лесу крык філіна. Кугат савы падобны на дзіцячы плач.

Спакойнае і багатае на прыгоды жыццё на палескім хутары Вялікі Луг. Нашчадкам працягваць тут справы продкаў.

Столінскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter