У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеi Якуба Коласа прайшла навуковая канферэнцыя «Каласавіны» да юбілею класіка. Як заўсёды, арганізатары і выступоўцы пастараліся здзівіць перш за ўсё новымі фактамі з жыцця пісьменніка і даследаваннямі яго творчасці. Таксама ў музеі адкрылася маштабная выстаўка калекцыі кніг з інскрыптамі Коласа. Навінкі з’явіліся дзякуючы гранту Прэзідэнта Беларусi ў межах праекта «Ад усяго сэрца, ад усёй душы». Выстава сапраўды ўражвае: у калекцыі музея 93 кнігі з інскрыптамі класіка. Сабраны тут матэрыял і з фондаў іншых культурных устаноў.

— Хацелася паказаць асобу класіка не адарванай, а ў коле акружэння, — канкрэтызуе праўнучка Коласа Васіліна Міцкевіч. — Дзякуючы экспазіцыі бачым, каму дарыў свае кнігі пісьменнік і якія памятныя радкі на іх пакідаў. Яго адрасаты некалі перадалі ў музей гэтыя выданні, перад тым беражліва захоўвалі іх доўгія гады. Акрамя нашай калекцыі, на выставе прадстаўлены экзэмпляры з Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН, Музея гісторыі беларускай літаратуры, са Слонімскай раённай бібліятэкі, з розных прыватных калекцый. Напрыклад, літаратар і журналіст Навум Гальпяровіч прынёс кнігі, якія Колас падпісаў сваёй знаёмай Алесі Кетлер.
Кожны новы матэрыял раскрывае невядомыя факты, новую і цікавую гісторыю знаёмства, сяброўства, перапіскі пісьменніка з рознымі людзьмі. У адкрытай экспазіцыі паказана ўсё багацце, тым не менш з інскрыптамі супрацоўнікі музея знаёмяць наведвальнікаў на працягу ўсяго юбілейнага года.
— Рыхтуем серыю ролікаў на гэту тэму, каб падаграваць інтарэс людзей, — падкрэслівае Васіліна Міцкевіч.
— З дапамогай гэтага праекта, падтрыманага грантам нашага Прэзідэнта, знойдзена 18 новых інскрыптаў Якуба Коласа. Вось, напрыклад, на зборніках паэм і вершаў дароўны надпіс Гродзенскаму гісторыка-археалагічнаму музею. У 1946 годзе дырэктар гэтага музея Вольга Разенталь звярнулася да яго з просьбай даслаць цікавыя матэрыялы. І ён даслаў з цёплымі словамі.Бачым дароўны надпіс Якуба Коласа Максіму Танку, Міхаілу Шолахаву, а дачка Твардоўскага пазнаёміла з такім зваротам: «Дарагому Аляксандру Трыфанавічу Твардоўскаму. Люблю Вас, ганаруся Вамі, красою савецкай паэзіі». Або «Сердечно любимому и горячо уважаемому писателю Советской земли Михаилу Александровичу Шолохову». У многіх інскрыптах ярка праглядаюцца адносіны паэта да той ці іншай асобы. Гэта таксама раздзел для даследавання. Напрыклад, ракрылася гісторыя знаёмства Якуба Коласа і Самуіла Маршака — яны абменьваліся сваімі зборнікамі.

На выставе не толькі кнігі, тут мемарыяльныя рэчы Якуба Коласа, якія можна ўбачыць зблізку. Напрыклад, прыцягваюць увагу шахматы, падораныя пісьменніку на яго 70‑годдзе. А ўпрыгожана экспазіцыя ілюстрацыямі беларускіх мастакоў да розных твораў Коласа — паэм «Сымон-музыка», «Рыбакова хата», трылогіі «На ростанях». Асабліва ўражваюць карціны да «Новай зямлі» народнага мастака Васіля Шаранговіча.
Першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада на навуковай канферэнцыі ўручыў узнагароды калектыву і яго супрацоўнікам за вялікі ўклад у рэалізацыю сацыяльнай палітыкі нашай краіны, папулярызацыю нацыянальнай культуры і заслугі ў развіцці музейнай справы. Каманда літаратурна-мемарыяльнага музея атрымала падзяку ад старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай.Навукоўцы падзяліліся сваімі даследаваннямі. Напрыклад, прафесар, доктар гістарычных навук, вучоны-культуролаг Эмануіл Іофе прывёў цікавы прыклад пра сумесныя грамадска-палітычныя справы Якуба Коласа і Уладзіміра Пічэты. Іх жыццё і дзейнасць непарыўна звязаны не толькі з гісторыяй БДУ, Інбелкульта, але і Акадэміі навук, правядзеннем дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі нашай рэспублікі.
Кандыдат філалагічных навук Анатоль Трафімчык прааналізаваў аб’ём паэмы «Новая зямля» ў параўнанні з аналагамі ў іншых літаратурах. Цікавы факт: у старажытных творах такога кшталту звычайна выкарыстоўваюцца дзясяткі тысяч радкоў, а ў «Новай зямлі» — крыху больш за дзесяць тысяч. Да гэтай жа колькасці набліжаюцца эпапеі новага часу, такія як «Боская камедыя», «Пан Тадэвуш», «Яўген Анегін».
— Чаму Колас выбраў менавіта такі аб’ём? — задаецца пытаннем навуковец. — Усё проста: спрацаваў геній класіка. Паэма «Новая зямля» — сапраўдная энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства. Прачытаўшы яе, усё ведаем пра простых людзей XIX стагоддзя.
basikirskaya@sb.by