Нацыянальнаму мастацкаму музею перададзены творы з уласнай калекцыі Георгія Хацанкова

Шчодрыя дары

Творы беларускіх мастакоў вярнуліся ў Мінск з Манака

Адзінаццаць твораў выяўленчага мастацтва ўзбагацілі на гэтым тыдні фонды Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Жывапіс, графіку і скульптуру музею перадаў у дар вядомы калекцыянер, кіраўнік галерэі MC Fine Arts у Княстве Манака Георгій Хацанкоў. Паспрыялі гэтаму Пасольства Беларусі ў Францыі і Пастаяннае прадстаўніцтва нашай краіны пры ЮНЕСКА.


Сярод перададзеных твораў — работы народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі, заслужанага дзеяча мастацтваў Уладзіміра Слабодчыкава, скульптара Галіны Гаравой, жывапісца Аляксея Марачкіна.

Гэта вельмі знакавая падзея не толькі для Нацыянальнага мастацкага музея, але і ўвогуле для ўсяго культурнага жыцця Беларусі, зазначыў падчас урачыстай цырымоніі дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў:

— На жаль, па асабістых прычынах Георгія Хацанкова зараз няма з намі, мы планавалі ўручыць яму падзячны ліст. Ён яго абавязкова атрымае. Спадзяёмся, што наша супрацоўніцтва з ім працягнецца.

— Мы з’яўляемся сведкамі важнай падзеі ў культурным жыцці краіны, — заўважыў міністр культуры Юрый Бондар. — З 1991 года ў дар музею было перададзена больш за 4000 цэнных прадметаў. Сённяшняя падзея — вышэйшая праява клопату суайчынніка пра сваю радзіму. Георгій Фёдаравіч Хацанкоў — вядомы калекцыянер, мастацтвазнавец, кандыдат гістарычных навук. Мы вельмі ўдзячныя яму. Гэтыя творы дапоўняць і ўпрыгожаць калекцыю сучаснага беларускага мастацтва.

За вялікі ўклад у папулярызацыю беларускай культуры і стварэнне яе станоўчага іміджа Юрый Бондар уручыў вышэйшую ўзнагароду міністэрства — нагрудны знак за ўклад у развіццё нацыянальнай культуры — Паслу Беларусі ў Францыі і Манака па сумяшчальніцтве, пастаяннаму прадстаўніку нашай краіны пры ЮНЕСКА Паўлу Латушка.

— Калі мой сціплы ўклад у развіццё беларускай культуры заслужыў гэтую ўзнагароду, мне вельмі прыемна, — сказаў пасол. — А нашай культурай мы можам сапраўды ганарыцца. Я бачыў, як прымалі наш Вялікі тэатр оперы і балета ў Францыі, як уся зала ўстала пасля спектакля “Пан Тадэвуш” Купалаўскага тэатра, з якім поспехам выступалі нашы маладыя музыканты з Рэспубліканскай гімназіі-каледжа. Зараз прадстаўлены работы 14 беларускіх мастакоў у Гран-Пале на выставе Art Capital, якая ўжо больш за 60 гадоў праходзіць пад патранатам прэзідэнта і міністэрства культуры Францыі. Гэта маленькія, але значныя крокі, якія вырастаюць у агульную сістэму большага разумення нашай культуры.

Вяртанне мастацкіх каштоўнасцей таксама з’яўляецца вельмі важнай справай, падкрэсліў Павел Латушка. Аднак рэстытуцыя — складанае пытанне. Можа быць вяртанне ў выглядзе набыцця твораў ці іх копій, перадачы ў дар, арганізацыі выстаў:

— Напрыклад, мы зрабілі, на мой погляд, цікавы праект: копію партрэта Марыі Шыманоўскай рукі Ваньковіча, арыгінал якога знаходзіцца ў музеі Міцкевіча ў Парыжы, перадалі ў дар Дому Ваньковіча ў Мінску. Георгій Хацанкоў чалавек багаты, але добра, што ў яго яшчэ багатыя душа і сэрца. Калісьці ён набыў гэтую калекцыю ў пачатку 1990-х гадоў, яна знаходзілася ў Нью-Ёрку, потым у Маскве, і падчас нашых сустрэч і абмеркавання культурных праектаў Георгій Фёдаравіч прапанаваў перадаць яе ў дар Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі.

ДАВЕДКА “НГ”

Георгій Хацанкоў нарадзіўся 6 мая 1950 года ў Беларусі. Вучыўся ў Расіі, працаваў журналістам на радыё і тэлебачанні. З 1990-х гадоў займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Збіраць творы мастацтва пачаў у 1980-я і паступова калекцыянаванне стала для яго справай жыцця. Сёння галерэя МС Fine Arts, заснаваная ў Манака Георгіем Хацанковым і яго жонкай Таццянай, налічвае больш за 5 тысяч жывапісных і графічных твораў каля 500 мастакоў.

pepel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter