Шчодры ўзятак з малых хатак

НАПРЫКАНЦЫ мінулага стагоддзя ў Петрыкаўскім раёне пасекі розных памераў былі ва ўсіх гаспадарках. На той час у калгасах і саўгасах налічвалася звыш тысячы рамкавых вулляў. На жаль, падчас так званай перабудовы і развалу Саюза з-за эканамічных цяжкасцей у большасці гаспадарак пасады пчаляроў паскарачалі, пасекі пазводзілі, каб не мець лішняга клопату.

На Петрыкаўшчыне пчалярства адраджаюць у асноўным сельгаспрадпрыемствы, а фермеры пакуль марудзяць. Чаму?

НАПРЫКАНЦЫ мінулага стагоддзя ў Петрыкаўскім раёне пасекі розных памераў былі ва ўсіх гаспадарках. На той час у калгасах і саўгасах налічвалася звыш тысячы рамкавых вулляў. На жаль, падчас так званай перабудовы і развалу Саюза з-за эканамічных цяжкасцей у большасці гаспадарак пасады пчаляроў паскарачалі, пасекі пазводзілі, каб не мець лішняга клопату.

Заняпад галіны спыніўся толькі ў апошнія гады. У гаспадарках пачалося аднаўленне пасек. Летась, напрыклад, яны з’явіліся ў КСУП «Запаветы Ільіча» і «Камаровічы». У шэрагу гаспадарак гэта збіраюцца зрабіць у бліжэйшы час. Разам з гэтым аднаўляюцца і пасады пчаляроў. Такім чынам, па ўзроўні пчалярства раён і сёння застаецца на Гомельшчыне ў групе лідараў: у сельгаспрадпрыемствах і фермерскіх гаспадарках тут налічваецца 450 пчоласямей.

Робіцца гэта знарок. Справа ў тым, што для далейшага павышэння рэнтабельнасці земляробства трэба больш увагі надаваць такім высокапрыбытковым харчовым культурам, як грэчка і рапс. У павышэнні іх ураджайнасці пчолы, як вядома, адыгрываюць першаступенную ролю. З трох традыцыйных накірункаў развіцця пчалярства — мядова-таварнага, апыляльна-мядовага і расплоджвальнага ў гаспадарках перавага аддадзена другому, як найбольш выйгрышнаму ва ўмовах дробнатаварнай вытворчасці.

Скажам, у мінулым годзе ў сельгаспрадпрыемствах пасеяна звыш 250 гектараў грэчкі і 760 — азімага і яравога рапсу. Для іх апылення па нарматыўных разліках патрэбна мець адпаведна 500 і 1500 пчоласямей. Такой колькасці не знайшлося, таму СВК «Агра-Пціч» і КСУП «Навасёлкі» запрасілі на качэўе пасекі прыватных пчаляроў з Мазырскага і Калінкавіцкага раёнаў.

Кіраўніцтва райсельгасхарчу настройвае гаспадаркі і на павышэнне матэрыяльнай зацікаўленасці ў працы пчаляроў. Тут, у раёне, таксама ёсць добры прыклад. Так, летась у КСУП «Чалюшчавічы» маладому пчаляру Віталю Новіку вызначылі зарплату ўдвая вышэй папярэдняй. З’явілася і аддача: пасека ў гаспадарцы павялічылася ў два разы.

На жаль, недастаткова пакуль у раёне пчаляроў-фермераў. Іх усяго два. Іван Несцярчук з вёскі Радкаў на сваёй пасецы мае 30 рамкавых вулляў, на вынікі работы не скардзіцца, занятку свайго не пакідае. Не навічок у гэтай справе і Сяргей Міцкевіч з Беразнякоў. Вучыўся ёй у сваякоў, працаваў пчаляром у прыгарадным ПУП «Палессе-Аграінвест». Сваю гаспадарку Сяргей пашырае, набыў новы трактар, нядаўна атрымаў у арэнду некалькі дзясяткаў гектараў ворнай зямлі. Знойдзецца на палетках месца і для меданосных культур. У ідэале фермер плануе мець на ўласнай пасецы да паўсотні рамкавых вулляў.

На пасеках ДЛГУ «Петрыкаўскі лясгас» у Конкавіцкім, Кашэвіцкім і Грабаўскім лясніцтвах утрымліваецца каля 140 пчоласямей. Пчалярам Аляксандру Каратыцыну, Мікалаю Маліноўскаму і Аляксандру Грышыну вопыту ў калег не пазычаць, кожны працуе ўдумліва і ініцыятыўна.

Аляксандр ЛІСІЦКІ

КАМЕНТАРЫЙ

Валянціна МІТРАФАНАВА, міжраённы спецыяліст па пчалярству:

— На Палессі заўсёды было шмат пчаляроў-аматараў, таму рознакаляровыя вуллі-хаткі можна ўбачыць амаль на кожнай вясковай вуліцы. На пачатак гэтага года на прысядзібных участках у людзей знаходзілася каля 1200 пчоласямей. Асабіста мяне радуе, што ў апошні час за дапамогай пачалі звяртацца маладыя людзі. Так, прыходзілі за парадай жыхары вёсак Камаровічы, Колкі, Навасёлкі, Курыцічы, Грабаў, Галубіца і гарпасёлка Капаткевічы. Падказваю, дзе і калі, па якой цане можна набыць вуллі і пчаліныя раі, інвентар і прылады, штучную вашчыну. У сваю чаргу ўсіх пчаляроў, ад каго былі заяўкі, забяспечылі неабходнымі медпрэпаратамі. Цесную сувязь будзем трымаць і ў далейшым.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter