Как современные полешуки сохраняют гастрономическое и культурное наследие предков

Шчодры стол – багаты год

Карэспандэнт «Народнай газеты» штогод вяртаецца на малую радзіму, у вёску Вулька-1 Лунінецкага раёна, на святыя вечары з 7 па 19 студзеня. Там народ і сёння аддае павагу бацькоўскім традыцыям — да Каляд сушаць каўбасы і ходзяць адзін да аднаго з песнямі на Шчадрэц

Ад першай зоркі

Колькі сябе памятаю, дні ад Нараджэння Хрыстова да Вадохрышча здаваліся мне самымі таямнічымі. Вядома, як і ўсе ў наш час, святкуе наша сям’я і Новы год — з аліўе, мандарынамі і шампанскім. Але вера ў Дзеда Мароза знікла з маёй дзіцячай галавы яшчэ ў садку, а ўпэўненасць ў магічнасці калядных вечароў працягвае жыць і цяпер. На чым трымаецца?

Ды на дробязях, якімі прасякнутае кожнае дзеянне маіх бацькоў. Мы з братам ужо даўно выраслі, а маці, пакуль гатуе стол напярэдадні Раства, усё ўглядваецца ў акно на кухні — ці не ўзышла там першая зорка? І як толькі на ружовым марозным небасхіле запальваецца ледзь заўважны ў прыцемках агеньчык, кліча ўсіх хатніх на куццю. Хоць па некалькі лыжак, але абавязкова з’ядаем ячных круп, упараных у печы. Як у Якуба Коласа ў «Новай зямлі»:

Абы падатак той аддаць,

Стары звычай ушанаваць.

Ужо раніцай 7 студзеня пад бялюткі абрус — сена. А на ім заўжды 12 страў, і ўсе, як заведзена, са свайго агарода. Ні магазіннай газіроўкі, ні салатаў з маянэзам, ні бутэрбродаў з ікрой ці шпротамі. Лепш наварыць бульбы ці напячы тоўстых блінцоў на кіслым малацэ (у нас абавязкова праз «ц» кажуць) і са святочным настроем памакаць іх у патэльню, да верху набітую свіным мясам і шкваркамі. Ядуць, вядома, рукамі.

Дарэчы, заўважу, што ў нас ніякая гэта не мачанка, што так настойліва прапаноўваюць у многіх сталічных рэстаранах турыстам-замежнікам. У нашай вёсцы як раней, так і цяпер што блінцы, што бульбу макаюць у празрысты тлушч, і шкваркай ці кавалачкам мяса заядаюць. Можа, якія гарадскія чытачы зараз падумаюць, быццам нездаровая гэта ежа (бульбу ды ў чысты тлушч!), а я паспрачаюся: натурпрадукт. Калі сала сваё, то колькі не з’ясі, усё на карысць пойдзе.

Хто ж яго разбярэ

Яшчэ больш каларыйны стол накрываецца на Шчодры вечар 13 сту­дзеня. Нараджэнне Хрыстова прасякнута рэлігійным кантэкстам, а Стары Новы год — больш язычніцкім. І хаця цяпер гэта звычайны працоўны дзень, які ў горадзе ўжо даўно ніхто за свята і не прымае, на вёсцы свае парадкі.

«Калі на Шчадрэц ты не накрыеш багаты стол, то і год у цябе будзе дрэнны: бульба не ўродзіць і парасяты без сала вырастуць. Нам такое «шчасце» не трэба. Як заведзена спакон вякоў, так і жывем. Традыцыі не парушаем», — кажа маці і дастае тыя самыя знакамітыя «пальцам піханыя» каўбасы. Гатаваць іх пачынаюць яшчэ позняй восенню, як кабанчыка колюць. Зноў жа па Коласе:

I кожны дворык, кожна хата,

Хоць і жыве не так багата,

Але Калядаў у адзнаку

Заколе хоць бы падсвінаку

I дворык свой ці прыгумень

Асвеціць раніцай ці ўдзень,

Бо хто ж, скажыце, хто не ласы

На тое сальца і кілбасы?

Фота аўтара
Правільна закалоць кабана — гэта нават не навука, а мастацтва, якім цяпер валодаюць адзінкі. Трэба і каб скацінка не мучылася, і каб двор не запэцкаць — кроў правільна зліць. Пасля добра абсмаліць і вычысціць скуру (яе таксама з’ядаюць, бо са сваёй свінні мяккая і смачная, зусім не тое, што ў мясных лаўках прадаюць).

Не раз заўважала: пасля таго, як свінка ўжо выпусціла дух, мужыкі ў нашай мясцовасці ёй на шыі ножыкам ставяць ледзь заўважны крыжык. «Каб пакоілася з мірам», — патлумачыў неяк бацька гэты дзіўны рытуал.

І толькі пасля будзе разбор тушы, які патрабуе дасканалага ведання анатоміі жывёлы і паслядоўнага падыходу да кожнай мясной ці тлустай часткі. Рабіць гэта трэба хутка, спрытна і ўсёй сям’ей, каб да вечара ўправіцца — і тлушчу натапіць, і сала засаліць, і мяса расфасафаваць. Уласна каўбаса — пальцам піханая, крывянка і вароная — справа жаночая, да якой прыступаюць у апошнюю чаргу.

Прызнацца, некалькі гадоў таму пачалі бацькі падумваць пра тое, каб перастаць трымаць свіней. Маўляў, грошай і сіл свая скацінка з’ядае столькі, што лепш сасісак купіць. Ці варта казаць, што на «магазіннай дыеце» яны пратрымаліся паўгады, а пасля зноў паехалі за парсючкамі на кірмаш?..

Але вернемся на Шчадрэц, дзе каўбасы ўжо гатовыя і народ садзіцца за стол у чаканні першых тостаў.

Гаспадыня, сустракай гасцей!

Бацька звычайна заходзіць дадому і ў госці да свякоў з такімі словамі: «Шчодры вечар у хату! Гаспадыня, дзе вашы куры нясуцца?» Яму ў адказ: «У куратніку». Запытаеш, навошта ён такое дзіўнае пытанне задае, маўчыць. І не таму, што не ведае, а таму, што не хоча парушаць таямнічасць сваёй фразы. Але я ведаю, што бацька верыць, быццам такім чынам можна кур заваражыць, каб яны несліся толькі ў куратніку і па чужых гародах не бегалі. Вось вам і чалавек ХХІ стагоддзя. Смартфонам карыстаецца, Youtube паглядвае, але і ад язычніцкіх звычак продкаў не адступаецца.

Маладое пакаленне ў нашай вёсцы гатовае перахапіць эстафету спадчыны. У школе на занятках літаратуры і музыкі настаўнікі з дзецьмі развучваюць калядныя вершы і песні — ад тэкстаў рэлігійнага зместу да караценькіх жартаўлівых слупкоў. З імі групкамі па 3—5 чалавек школьнікі ўвечары 13-га на вуліцу і выходзяць (моладзь і дарослыя не ідуць, хіба толькі калі выпіць камусьці дужа захочацца, а грошай не будзе, то пойдуць). Зрэдку хто з сабой калядную самаробную зорку возьме ці ў які маскарадны касцюм апранецца, большасць проста з вясёлым настроем ад парога да парога бегае і ад усёй душы спявае і крычыць пад вокнамі.

Гаспадары таксама рыхтуюцца і закупляюцца ласункамі — цукеркамі, вафлямі ці маленькімі шакаладкамі, разменьваюць у крамах грошы на манеты. Гасцей прынята чакаць. Ёсць, канешне, і скупыя людзі. Яны проста святло ў хаце не запальваюць, быццам іх дома ўвогуле няма.

Наша Вулька — вёска не маленькая. Тым не менш дзеці, пакуль усе хаты, дзе гарыць свет, не абыдуць, не супакояцца. Я іх разумею, бо і сама такой была. Для нас, вясковых дзяцей, салодкія падарункі, якія бацькам на працы выдавалі, не былі асабліва жаданымі. Мы звычайна на 13-е накалядоўвалі настолькі вялікія мяхі цукерак, якіх хапіла б на некалькі прафсаюзных сюрпрызаў. А бабулі, цёткі ды іншыя сваякі яшчэ і грошы з салодкімі гасцінцамі маглі пакласці. Гэта вам не абстрактны Дзед Мароз!

Хтосьці справядліва спытае: а ці ёсць у вашай вёсцы які-небудзь адметны абрад альбо традыцыя, на якую і гарадскому люду будзе цікава глянуць? Безумоўна, для яркіх фотарэпартажаў у кожным палескім мястэчку артысты мясцовага Дома культуры могуць арганізаваць і Каляды, і Шчадрэц з масавымі катаннямі на коніках, перапрананнямі ў казу і песнямі пад гармонік. Але тое ўжо будзе на публіку, не для душы і не па запавету продкаў.

ДАРЭЧЫ

Крый Бог на зімовых святах у вёсцы захварэць. Маці, пачуўшы твой кашаль, адразу пацягнецца за палатнянымі мяшочкамі і выцягне адтуль некалькі лапак багуну. Душыстая балотная трава толькі на першы погляд маніць загадкавым водарам, а на смак — самае горкае, што бывае на свеце! Страшны сон вясковага дзяцінства на Палессі. Гэта вам не аптэчныя смактулькі і сіропы на лімоне, маліне ці эўкаліпце. Пакуль да дна кубачка з гэтым едкім настоем дойдзеш, сто разоў пашкадуеш, што захварэў.

Маці пільнуе, каб напой з багуну быў выпіты да апошняй кроплі і толькі пасля гэтага адпускае пагрэцца. Вядома, да печкі. Прытуліся да гарачай сценкі, вазьмі цёплых гарбузікаў і сядзі палузгвай пад барматанне тэлевізара.

kurak@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter