Шчодры падарунак

Картины Пинхуса Кременя пополнят коллекцию Национального художественного музея

Беларуская зямля дала свету нямала таленавітых мастакоў. Вось толькі, на жаль, іх спадчына таксама захоўваецца дзесьці ў свеце. Работы многіх з іх вяртаюцца на радзіму толькі ў XXI стагоддзі. І для нас гэта сапраўды вялікія падзеі.

фото switzerland.mfa.gov.by
Чарговая радасная навіна — дзве карціны знакамітага прадстаўніка парыжскай школы жывапісу Пінхуса Крэменя папоўняць калекцыю Нацыянальнага мастацкага музея. Да гэтага моманту ў музеі не было работ гэтага аўтара. Між іншым у нас ёсць поўнае права называць мастака сваім.

Пінхус Крэмень нарадзіўся ў 1890 годзе ў мястэчку Жалудок Лідскага павета Віленскай губерні. Вучыўся ў мастацкай школе Вільні, дзе пасябраваў з Суціным і Кікоіным. У 22-гадовым узросце пераехаў у Парыж. Малады аўтар пасяліўся ў інтэрнаце мастакоў “Вулей”, дзе пазнаёміўся з Шагалам, Лежэ, Цадкіным, Мадыльяні і іншымі вядомымі майстрамі. Амаль адразу ж пры пераезде яго карцінамі пачалі цікавіцца парыжскія калекцыянеры. Пры жыцці Крэменя яго персанальныя выставы не раз праходзілі ў Парыжы, а таксама ў Лондане, Філадэльфіі, Лазане, Жэневе і іншых гарадах. Сёння яго карціны прадстаўлены ў музейных і прыватных зборах Францыі, ЗША, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Ізраіля, Расіі і іншых краін.

Выкананыя алеем на палатне “Нацюрморт з яблыкамі і букетам кветак” (1930-я) і “Гарадскі пейзаж” (1920), прызначаныя ў якасці падарунка беларускаму музею, былі набыты на аўкцыёне. За сваю гісторыю яны не раз змянялі ўласнікаў — былі ў прыватных калекцыях у Францыі, Японіі, ЗША, іншых краінах. Вяртанне іх у Беларусь стала магчымым дзякуючы намаганням швейцарскага бізнесмена Клода Шыфмана і ганаровага консула Беларусі ў Лазане Андрэя Нажэскіна, пры падтрымцы якога нядаўна былі вернуты тры карціны Надзі Хадасевіч-Лежэ і твор Міхаіла Кікоіна.

Карціны Пінхуса Крэменя ўжо ў Мінску. Але іх прэзентацыя ў музеі адбудзецца вясной, пасля невялікай рэстаўрацыі.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Новости и статьи