У студзеньскім нумары часопіса “Полымя” за 2017 год змешчаны пераклады вершаў класіка азербайджанскай паэзіі Мікаіла Мушфіга

Шчасце сябруе з вершамі

“Самыя нешчаслівыя мінуты майго жыцця — гэта мінуты, якія праходзяць без вершаў…” Так выкладаў сваю сутнасць як мастака слова і грамадзяніна Мікаіл Мушфіг. Цяпер ягоная творчасць адкрываецца чытачам і праз пераклады на беларускую мову. Перакладчыкі — Юлія Алейчанка і Адам Шостак. Сем вершаў у “Полымі”: многа гэта ці мала? Мне падаецца, дастатковая прастора, каб уявіць асобу аўтара, пранікнуцца яго памкненнямі да паэтычнага прачытання Сусвету. “Высокі я абраў сабе маршрут — /Пад’ём і барацьба, не зацісканне ў кут. / І добра жыць і марыць мне тады,/ Як бачу справе я сваёй адданасць. / Плён ў працы дорыць чалавеку радасць!/ Я малады, я мару, што святло спаткаю…” (Пераклад Адама Шостака).

Паэт нарадзіўся ў 1908 годзе, у сям’і паэта і настаўніка Мірзы Кадыра Ісмаілзадэ. Яго бацька — аўтар лібрэта оперы “Шах Ісмаіл”, якую напісаў Муслім Магамаеў: дзед славутага азербайджанскага і савецкага спевака Мусліма Магамаева. Ужо ў 18 гадоў Мушфіг стаў адным з самых прызнаных паэтаў Азербайджана. Вершы пра каханне ствараліся ім поруч з паэмамі, вершамі на сацыяльныя тэмы. Маладога чалавека хвалявала жыццё ва ўсіх праявах. Гэтым, відаць, і цікавая сапраўдная паэзія: што ёй да ўсяго ёсць справа. Мушфіг выступаў за пераход да лацініцы ў азербайджанскім пісьме — спадзяваўся, што так хутчэй будзе ліквідавана непісьменнасць. У 1936 годзе Мікаіл разам з легендарным паэтам Гусейнам Джавідам наведаў Мінск, прыняў удзел у пленуме праўлення Саюза савецкіх пісьменнікаў. Адбыўся тады ў сталіцы БССР і вечар азербайджанскай паэзіі, на якім выступілі абодва: і Гусейн Джавід, і Мікаіл Мушфіг.

Каміль Камал і яго партрэт класікаў

А ўжо ў 1937-м паэта арыштавалі, на самым пачатку 38-га расстралялі. “Свабода — душа творчасці і верша…” Мікаіл Мушфіг, усёю душой і ўсім сэрцам прыняўшы новы час, жывучы спадзяваннямі на лепшыя перамены ў лёсе свайго народа, сваёй старонкі, лічыў, што свабода, сумленне, шчырасць і адкрытасць — галоўныя рухавікі гуманістычнага развіцця свету. Так яно, зразумела, і ёсць. Ды гаспадары таго часу, у якім расквітнеў талент магутнага мастака слова, лічылі іначай. Скарыцца ім паэт не змог, як не змог, не пажадаў падладзіцца пад чужыя перакананні. Сталінскі махавік раструшчыў творцу, а напісанае ім засталося. І вось гучыць і па-беларуску.

У многім нараджэнню “палымянаўскай” падборкі паспрыяла Салатын Мірзаева, якая жыве і працуе ў Мінску, а ў Беларускім педуніверсітэце імя Максіма Танка кіруе Цэнтрам культуры Азербайджана. Не так даўно там быў прэзентаваны партрэт Мікаіла Мушфіга і Максіма Багдановіча, які выканаў беларускі мастак азербайджанскага паходжання Каміль Камал.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter