Беларусы Даўгаўпілса для сябе адкрылі творчасць барда Арыка Крупа. Песні мінчаніна добра вядомыя сярод самадзейных турыстаў у многіх постсавецкіх краінах

Шчасце новых дарог

У даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры прайшла вечарына аўтарскай песні “Дарогамі Арыка Крупа”. Яе ладзіў разам з намі Мінскі адукацыйны праект “Навуковыя падарожжы”. Для нас было цікава даведацца, што паэт, класік бардаўскай песні Арык Круп нарадзіўся ў Даўгаўпілсе, потым жыў і тварыў у Мінску, а загінуў пад час паходу на Усходнім Саяне.

Госці з Мінска спявалі песні Арыка Крупа ў Цэнтры беларускай культуры ў Даўгаўпілсе

У інтэрнэце знаходзім: Арон (Арык) Якаўлевіч Круп (30.10.1937—25.03.1971) нарадзіўся ў сям’і адваката і настаўніцы. У вайну жыў у эвакуацыі ў Алма-Аце, потым — у Ліепаі. Закончыў Ленінградскі інстытут кінаінжынераў (1964), па размеркаванні паехаў працаваць у Мінск: інжынерам-оптыкам на Беларускі оптыка-механічны завод імя Вавілава. Меў два пасведчанні аб вынаходствах. Але больш вядомы Арык Круп сёння як падарожнік, аўтар прыгожых вандроўных песень. У 1959-м пачаў пісаць песні на свае ж вершы. Арык станавіўся лаўрэатам конкурсаў турысцкай песні Усесаюзных паходаў моладзі ў Брэсце і ў Маскве, удзельнічаў у Новасібірскім фестывалі ў Акадэмгарадку. Захапляўся горным турызмам, альпінізмам, удзельнічаў у складаных паходах. З аднаго і не вярнуўся. Арык Круп і восем яго таварышаў загінулі пад лавінай ва Усходнім Саяне. Яму было 33 гады. Пахаваны ў Мінску.


Выступае Арык Круп
І цяпер песні Арыка Крупа гучаць пад гітару: на турысцкіх прывалах, на фэстах, у сяброўскіх кампаніях... Можа, і не ўсе ведаюць, хто іх склаў. Скажам, вядомы радок “А всё-таки, всё-таки хочется жить…” — таксама крупаўскі. Ці вось яшчэ: “Как нужны, Беларусь, твоё небо нам,/ И песчаные кручи над Неманом,/ Стены Бреста, огнем опаленные,/ И леса твои вечно зеленые”. А які цудоўны прыпеў там жа: “В поездах и в машинах, и просто пешком,/ На байдарках, на лыжах, с тяжелым мешком,/ Не за школьной окрашенной партой/ Твою пестро-зеленую карту/ Изучили давно наизусть,/ Беларусь, Беларусь”. Заўважце: ужо тады назва нашай краіны ў рускамоўным тэксце гучала па-беларуску. Падаецца мне, шмат цікавага можна знайсці для сябе ў песнях Арыка Крупа і беларусам замежжа. У ягоных творах шмат любові да жыцця, да вандровак. Песні Арыка Крупа лёгка знайсці ў інтэрнэце.

У Мінску дзейнічае адукацыйны праект “Научные путешествия”, у плыні якога 17 снежня 2016 года ў Даўгаўпілсе высадзіўся “дэсант” прыхільнікаў творчасці Арыка Крупа. Госці хадзілі па вуліцах горада, у якім нарадзіўся і вырас Арык Круп, а потым у Цэнтры беларускай культуры была цудоўная, душэўная вечарына бардаўскай песні. Сабраліся прадстаўнікі як беларускай, так і яўрэйскай дыяспары. Для ўсіх нас хораша спявалі лаўрэаты міжнародных фестываляў аўтарскай песні Міла Скарнякова, Сяргей Скурат, Дзіма Каваленка і Андрэй Пасюк. Дзякуем, сябры! Такія песні збліжаюць людзей, узбагачаюць душы.

Голас Радзімы № 6 (3510), чацвер, 9 лютага , 2017 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter