Городские цветы: почему, когда возвращается домой, сердце охватывает щемящее чувство

Шчасце ў хатнім антуражы

Два тыдні я была ў чарговым адпачынку. Хацелася правесці яго на жоўценькім пляжным пясочку, у ласкавых, цёплых хвалях сіняга, дакладней, Чорнага мора. Але сёлета выпраўляцца ў далёкае падарожжа не адважылася: страшна сустрэцца з небяспечным вірусам на значнай адлегласці ад дома, дзе, як вядома, і сцены, і ўрачы дапамагаюць. Відаць, давядзецца чакаць наступнага разу. А пакуль бавіла час у вясковай бацькоўскай хаце. Загарала ў цікавых позах на градах, купалася ў невялічкім мясцовым возеры, гатавала прысмакі для вялікай сям'і, вяла няроўны знясільваючы бой з фітафторай, якой уздумалася раптам вераломна апанаваць мае памідоры, рабіла закаткі з адваяванай у яе здабычы — словам, забаўлялася як магла. 

Дома нават цяжкая праца ў радасць.
takprosto.cc
Міжвольна прыходзілі на памяць гарачы трапічны вецер, салёныя пырскі марскіх хваль, зялёныя пальмавыя пальцы… Прыгожа? Бясспрэчна! Прывабна? Вельмі! Хочацца затрымацца ў гэтым эдэме? Ні ў якім разе!

Экзатычныя кветкі, пальмы, марскія хвалі з «баранчыкамі», горы, скалы, вадаспады і іншая прыгажосць — выдатныя дэкарацыі для сэлфі. Я ўспрымаю іх менавіта так — як нешта не зусім натуральнае. У дэкарацыях, як вядома, жыць нельга. Мінае некалькі дзён замежнага адпачынку — і пажоўклая ад пякучага сонца трава пачынае раздражняць: мне б прайсціся па зелянюткім лузе. Хочацца падняць галаву і ўбачыць не выцвілае, бляклае неба, а наша, пранізліва-сіняе, з аблокамі быццам з цукровай ваты. А ці можна параўнаць тую пальму з роднай бярозкай? Дадому, хутчэй дадому! Дарэчы, не толькі коні пачынаюць спяшацца, учуўшы пах роднай стайні, — самалёты таксама ляцяць у аэрапорт прыпіскі хутчэй, ды і ў аўтобусаў зваротны шлях займае менш часу. Кожнае вяртанне як свята.

Аднойчы мы ўязджалі ў Мінск на аўтобусе вельмі рана, сонца ўжо залівала вуліцы, але пешаходы і машыны яшчэ спалі. Каля вялізнай клумбы дзесьці на ўездзе з Магілёўскай трасы стаяла і стварала вясёлку палівальная машына. Яркія кветкі, малахітавая зелень, брыльянтавыя пырскі, свежае халаднаватае паветра, нібы вымытыя тратуары і дамы — ад захаплення аж сэрца зашчымела. Мы дома!

Іншы раз вярталіся ўжо на машыне з аэрапорта. Звярнулі на сваю вуліцу, спадзеючыся, што без праблем знойдзем месца для паркоўкі ў дзве гадзіны летняй суботняй ночы. Ага, зараз! Давялося ставіць аўто ледзь не ў квартале. Ускліквалі «мы дома!» ужо з іншай інтанацыяй, але калі падумаць, што ж тут дрэннага — як мінімум адна, а то і дзве машыны ў кожнай сям'і. Не раскоша, а зручны сродак руху…

У мінулым годзе, калі ўсе сябры нарэшце з'ехаліся ў Мінск пасля адпачынку, захацелі сустрэцца, дзе-небудзь пасядзець кампаніяй, падзяліцца ўражаннямі. Рашэнне ўзнікла спантанна, таму столік не забраніравалі. І дарэмна! Паўгорада прайшлі, перш чым знайшлі, дзе «кінуць косці». Праўда, настрой гэта не вельмі сапсавала — і пагаварылі па дарозе, і пасмяяліся, і парадаваліся за суайчыннікаў, якія запаланілі ўсе кафэ і рэстараны. 

Зрэшты, нам яшчэ пашанцавала з адпачынкам гэтым летам. Многія паспелі пабываць у Албаніі, Чарнагорыі, некаторыя збіраюць чамаданы ў Турцыю ці Егіпет. Я захацела — і без праблем з'ехала ў вёску. А вось сяброўка, што жыве ў адной з краін Цэнтральнай Азіі, ужо колькі месяцаў не тое што свой населены пункт не пакідала — з дзецьмі не бачылася! 

Пасля часовага паслаблення яны зноў вымушаны выконваць правілы строгага каранціну. «Думаеце, гэта падобна да адпачынку, які можна правесці дома, разабраць шафы, зрабіць генеральную ўборку? Усё значна больш складана! — скардзіцца яна. — Пакідаць двор можна, толькі каб хутка збегаць у бліжэйшы магазін ці аптэку. Ды не надта ўжо ёсць за што туды бегаць — колькі часу не працуем… Нам яшчэ добра, мы жывём у прыватным доме. У кватэры ж вельмі цяжка вытрымліваць 45-градусную спёку!»

Спачуваю ёй і яшчэ раз думаю: дзякуй богу, што мы дома, пры рабоце і ў спакоі! 

nevmer@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter