Як жыве шматдзетная “сям’я года” з Брэста

Шчаслівыя разам

У доме сям’і Рункевіч з Брэста па вечарах гучыць саксафон — адзінаццацігадовая Сафія рыхтуецца да заняткаў. У суседнім пакоі спявае яе малодшая сястрычка Маргарыта, а любіміца ўсёй сям’і Анюта, якой ужо споўнілася чатыры, так і намагаецца “дапамагчы” то адной сястры, то другой. Кім яна хоча быць, спявачкай ці музыкантам, Ганна яшчэ не вызначылася і пакуль у роздуме. Напярэдадні Дня маці карэспандэнт “НГ” пабываў у гасцях у выдатнай сям’і, дзе растуць чатыры таленавітыя і мэтанакіраваныя дзяўчынкі.

Фота аўтара

На сценах невялікай, але ўтульнай кухні з дзясятак дзіцячых фатаграфій. Побач дыпломы і самыя памятныя медалі — усё тое, чым зазвычай ганарацца дзеткі і нашмат больш — іх бацькі. Ала Рункевіч разлівае па кубках каву і распавядае пра поспехі дачушак:

— Наша старэйшая дачка Лізавета ўжо зусім дарослая, вучыцца ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Лячыць жывёл — яе дзіцячая мара. Спачатку яна паступіла ў медвучылішча, але неўзабаве зразумела, што сябе не падманеш, і падала дакументы ў ветэрынарную ВНУ. Цяпер яна абсалютна шчаслівы чалавек. Размеркавання не баіцца. Нашмат страшней для яе застацца без працы. Вось тут вісяць усе яе медалі. Яна ў нас займалася кулявой стральбой.

У малодшых сястрычак Лізы інтарэсы зусім іншыя. Васьмігадовая Маргарыта спявае, займаецца танцамі і спрабуе сябе ў ігры на цымбалах. Сафія акрамя цымбалаў іграе на саксафоне. Вольнага часу ў дзяўчынак практычна няма. Яны займаюцца музыкай у роднай гімназіі, а яшчэ ездзяць у прыгарадныя Клейнікі — урокі ў мясцовай музыкалцы ім вельмі падабаюцца. Мама Ала глядзіць на дачок і радуецца:

— Часта даводзіцца чуць ад бацькоў: “Мы хочам аддаць сваё дзіця на тэніс, на скрыпку ці яшчэ кудысьці”. Я такога стаўлення не разумею. Якая розніца, чаго хочуць бацькі? Перш за ўсё трэба высветліць, чаго хочуць дзеці.

— А я вось хачу стаць ветэрынарам, як старэйшая сястра, — уступае ў размову Сафія. — У нас было шмат жывёл. Хамякі, сабакі, чарапашкі. Нядаўна не стала хвалістага папугая Шуры, які пражыў з намі сем гадоў. А яшчэ ў нас быў класны сабака Чып. Калі з’явіўся гэты дом, мы прывезлі сюды Чыпа, пакінулі на ноч. Дык ён сышоў і праз тры дні з’явіўся на парозе старой кватэры. Уяўляеце?

На руках у бацькі прыстроілася непаседа Анечка. Уладзімір слухае сваіх дачушак, усміхаецца. Пра тое, што ў яго будзе вялікая сям’я, ён ніколі не думаў. Хоць у яго бацькоў было трое дзяцей. Для сваёй сям’і ён робіць усё што можа. І, здаецца, крыху больш:

— Пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна я сем гадоў выкладаў у роднай ВНУ. Сёння працую на Брэсцкім мясакамбінаце. Практычна без выхадных. Увогуле стараюся зарабляць, а жонка займаецца дзецьмі. Усе заслугі нашых дачок сталі магчымымі толькі дзякуючы ёй. Такую маму, як Ала, яшчэ пашукаць трэба. 

Будучых мужа і жонку пазнаёміў сябар Уладзіміра. Тая выпадковая сустрэча хутка забылася, але праз год яны ўбачыліся зноў, каб больш не расставацца:

— Я шчаслівы, што ў мяне ёсць любімая жонка, чатыры дзіўныя дачкі. Словазлучэнне “шматдзетная сям’я” гучыць з нейкім грэблівым адценнем. Мы гэтае вызначэнне не любім. У нас нармальная, звычайная сям’я. Такая, якой яна і павінна быць.

Ала ківае, згаджаецца з мужам:

— У бацькоў маёй мамы было чацвёра дзяцей. І я рэгулярна ўчыняла допыт: чаму нас з братам толькі двое? Ужо ў дзяцінстве ведала, што ў мяне будзе вялікая сям’я. Пастаянна малявала маму, тату, а вакол шмат дзетак. Пацешна, што не хлопчыкаў — менавіта дзяўчынак. У сукеначках і сарафанах.

Мама Ала ў сваіх дзяўчынках душы не чуе. Стараецца акружыць іх клопатам. Прызнаецца: часам увагі, можа быць, нават зашмат. Каб быць бліжэй да дачок, Ала нават уладкавалася медсястрой у тую ж гімназію, дзе вучацца яе дзяўчынкі:

— Мне проста трэба ведаць, што ў іх усё добра. Як і для любой мамы, для мяне самае галоўнае, каб дзеці былі здаровыя і атрымлівалі задавальненне ад таго, што яны робяць. Чым займацца, якой прафесіі сябе прысвяціць — гэта выключна іх выбар. Наша задача — дапамагчы і падтрымаць. Сафія, напрыклад, пэўны час іграла на флейце, потым вырашыла паспрабаваць саксафон. Мы доўга збіралі на інструмент, купілі. Захацелі дзяўчынкі маляваць — тата зрабіў мальберт.

З урокамі тая ж гісторыя. Дзеткі просяць дапамагчы — бацькі кідаюць усе справы. У мамы свой “профіль”, у таты свой. Акрамя фізікі і матэматыкі Уладзімір выдатна ведае англійскую і нямецкую мовы, цяпер вось вывучае польскую. Характэрна, што ўсур’ёз за вывучэнне замежных моў ён узяўся ўжо пасля вучобы ў ВНУ:

— Адкуль гэты інтарэс? Цяжка сказаць. Я ж нават за мяжой ні разу не быў. Ёсць у мяне сябар, які скончыў інстытут замежных моў і некалькі гадоў працаваў у ЗША. Калі ён вярнуўся, я папрасіў яго пазаймацца англійскай са мной. Праз паўтара года практычна асвоіў універсітэцкую праграму. Цяпер вось узяўся за польскую. Цікава!

Управіцца з пяццю дамамі Уладзіміру бывае няпроста — у кожнай з іх свой характар. Але для самых блізкіх людзей ён не проста муж і тата — сапраўдны сябар, на якога заўсёды можна разлічваць:

— У мяне часта пытаюцца, як гэта, гадаваць чацвярых дачок. Якая розніца, хлопчыкі растуць у сям’і ці дзяўчынкі? Галоўнае любіць сваіх дзяцей, паважаць іх. Яны мне таксама ва ўсім дапамагаюць. Мы разам працуем у агародзе, нешта майструем, ездзім на рыбалку і па грыбы. Мне з імі вельмі пашанцавала!

Тым часам дзяўчынкі сабраліся вакол стала, нешта пішуць, малююць. Аказалася, рыхтуюць паштоўкі да Дня маці. Яны ведаюць: для мамы гэтае свята самае галоўнае. Пра яе яны распавядаюць, перабіваючы адна адну:

— Калі я вырасту, хачу быць такой жа добрай. Я навучуся гэтак жа заплятаць валасы і пячы такія ж смачныя торты. 

А яшчэ ў мяне абавязкова будзе шмат дзяцей. Пяць ці нават больш.

Ала смяецца, абдымае дзяўчынак. 

А я лаўлю сябе на думцы: у тым, што Рункевічы атрымалі тытул лепшай шматдзетнай сям’і Ленінскага раёна Брэста і дыплом другой ступені на абласным конкурсе, няма нічога дзіўнага. Статуэтка пераможцы займае ганаровае месца ў іх доме. Ала распавядае:

— Прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе, і мы пасля нядоўгіх роздумаў пагадзіліся. Чаму не? У нас выдатная, захопленая сям’я. Нам ёсць што расказаць і што паказаць. Да таго ж я заўсёды была актывісткай. Арганізоўвала капуснікі, гуляла ў КВЗ, была старастай групы. Дзесяць дзён і начэй мы рыхтаваліся да конкурсу. Зрабілі прэзентацыю, касцюмы, да дробязей адрэпеціравалі музычныя нумары, я спякла незвычайны торт. І ўсё атрымалася, хоць для нас гэта быў новы вопыт. Дзяўчынкі былі проста шчаслівыя!

Ала прызнаецца: яна з дзяцінства ведала, што такое ідэальная сям’я. З бацькамі ёй пашанцавала. Тата быў ваенным. Жылі на Далёкім Усходзе, потым у Ашхабадзе. Бацька прайшоў Афганістан, быў кантужаны. З мамай яны заўсёды жылі душа ў душу. Цяпер шанаваць сямейныя сувязі Ала вучыць сваіх дачок.

p.losich@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter