Шчаслівага свята!

Іду па святочным горадзе. Заўважаю праз вокны вялізных дамоў, як імгненна знікаюць залацістыя светлацені калядных агеньчыкаў, што ўпрыгожваюць сёння навагоднія ёлкі ў кожным беларускім доме. Адчуваю, як непрыкметна, пакрысе, сыходзіць стары год.

Няспынна рушыць час, імкліва, да лепшага, мяняецца наша жыццё. За ім у XXI стагоддзі бывае даволі цяжка паспець. Хуткасці надта вялікія.

У апошнім сёлета, 52-м, нумары штотыднёвіка мы пастараліся падвесці вынікі бягучага года, прадставіўшы на суд чытачоў найбольш прыкметныя і лёсавызначальныя падзеі, якія адбыліся ў нашай краіне. А іх, як вы бачыце, было зашмат.   

Яшчэ наперадзе доўгачаканыя калядныя дні. Іх мы сустракаем з асаблівым духоўным настроем. Напярэдадні свят працуем сапраўдным казачным Дзедам Марозам і, як дзеці, чакаем навагоднія цуды. Імкнемся зрабіць хоць невялікую добрую справу: набываем падарункі, рыхтуем багаты святочны стол, каб парадаваць чымсьці арыгінальным родных і сяброў.

Завяршаецца 2017-ы, застаюцца лічаныя гадзіны да Новага года. Якім ён будзе? Як гаворыцца: пажывём — пабачым...

Вядома, Новы год стане для кожнага з нас удачным і шчаслівым. Трэба толькі вельмі захацець. Спадзяюся, ён будзе больш багаты на добрыя падзеі, паколькі ўсё лепшае ў будучыню мы возьмем з сабой.

Галоўнае, што нашых чытачоў мы і надалей здолеем падтрымаць  інфармацыйна. Пра ўсе навіны ў 2018-м “Народная газета” распавядзе ў аналітычным ключы: аператыўна і дасціпна. Упэўнены, што журналісты “НГ” не расчаруюць сваіх пастаянных падпісчыкаў і здзівяць новых.

Няхай усё ж надыходзячы год прынясе нашай любімай краіне яркія і выбітныя дасягненні, дабрабыт, мір і спакой, а ўсім нам хочацца пажадаць моцнага здароўя, шчасця, сямейнага цяпла і ўтульнасці, поспехаў і  шматлікіх жыццёвых перспектыў.

З Новым годам і Раством, паважаныя сябры!

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter