«Шчадрую, шчадрую, каўбасу чую»

У ГЭТУЮ нядзелю, 13 студзеня, беларусы святкуюць стары Новы год — «экватар» самай казачнай і загадкавай пары — Калядаў. Яны афіцыйна доўжацца два тыдні: ад Ражаства і да Вадохрышча — 19 студзеня (для праваслаўных вернікаў). Прычым на Беларусі ў кожнай лакальнай традыцыі, у кожным раёне існуюць свае асаблівасці ў святкаванні Калядаў. Аднак паўсюль катэгарычна забараняецца рабіць сур’ёзныя гаспадарчыя справы ў святыя, ці крывыя, вечары: шыць, вязаць, гнуць палазы, плесці лапці… Ці прытрымлівацца бабульчыных забабонаў, ці верыць ва ўсходнія гараскопы? На гэтыя і іншыя пытанні адказала падчас прамой лініі з чытачамі «БН» доктар філалагічных навук загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна ВАЛОДЗІНА.

Фалькларыст Таццяна Валодзіна параіла чытачам «БН» трымацца сваіх традыцый, а не ўціскаць сябе ў чужыя меркі...

У ГЭТУЮ нядзелю, 13 студзеня, беларусы святкуюць стары Новы год — «экватар» самай казачнай і загадкавай пары — Калядаў. Яны афіцыйна доўжацца два тыдні: ад Ражаства і да Вадохрышча — 19 студзеня (для праваслаўных вернікаў). Прычым на Беларусі ў кожнай лакальнай традыцыі, у кожным раёне існуюць свае асаблівасці ў святкаванні Калядаў. Аднак паўсюль катэгарычна забараняецца рабіць сур’ёзныя гаспадарчыя справы ў святыя, ці крывыя, вечары: шыць, вязаць, гнуць палазы, плесці лапці… Ці прытрымлівацца бабульчыных забабонаў, ці верыць ва ўсходнія гараскопы? На гэтыя і іншыя пытанні адказала падчас прамой лініі з чытачамі «БН» доктар філалагічных навук загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна ВАЛОДЗІНА.

— Таццяна Васільеўна, добры дзень! Я ведаю, што царква ставіцца да варожбаў катэгарычна адмоўна. Яны могуць быць лёсавызначальнымі? Ці можна для варажбы на Каляды выкарыстоўваць царкоўныя свечкі?

Наталля ІВАНОВА, г. Магілёў

— На Каляды нашы бабулі, прабабулі імкнуліся даведацца, ці пойдуць сёлета замуж, адкуль прыедзе суджаны, якім ён будзе. У немалой ступені калядныя варожбы мелі характар забавы. Даручаць  свой лёс і слепа давяраць ім — пра гэта казаць не даводзіцца. Калядныя варожбы — зусім не тое, што варожбы ў прафесіянальных варажбітак, якія зусім не бяскрыўдныя. Агучаны прагноз мае большую верагоднасць спраўдзіцца. Беларуская традыцыя калядных варожбаў сягае ў даўніну. Гэта цэлы сусвет жыцця моладзі, неабходны ёй для самасцвярджэння і фарміравання пары, таму асуджаць іх з пункту гледжання нейкай грахоўнасці проста не выпадае. Да слова, будучы ў палявых экспедыцыях, даводзіцца вельмі часта чуць, што ўбачанае ў калядных варожбах збываецца. Той хлопец, якога вы прыснілі, затым і сапраўды прыходзіць да цябе ў сваты.

А вось царкоўныя свечкі выкарыстоўваць для калядных варожбаў не трэба. Ёсць дастаткова спосабаў, якія абыходзяць царкоўную атрыбутыку.

— Добры дзень! Тэлефаную з Дрыбінскага раёна. Хачу дзяўчыну прываражыць. Можна гэта рабіць ці не?

— Праехаўшы як навукоўца ўсю Беларусь, адмыслова цікавілася гэтым пытаннем. Прываражыць, уласна кажучы, можна, але 95—97 адсоткаў вясковых інфармантаў сцвярджаюць, што да дабра гэта не даводзіць! Штучна злучаныя пары рэдка бываюць шчаслівымі, да таго ж адносіны будуць доўжыцца паўгода, год, а потым саюз закончыцца не вельмі хораша. Усё ж пажадаю вам сустрэць у жыцці сваю палавінку без прыварожак.

— Парайце, калі ласка, кніжкі, у якіх можна прачытаць пра гэта. Дзякуй.

— Свет убачыла вялікая энцыклапедыя «Міфалогія беларусаў», дзе прадстаўлены шматлікія бакі народнага жыцця. Там ёсць і шэраг артыкулаў, звязаных з любоўнай магіяй, варожбамі. Больш папулярнае выданне — трохтомнік Уладзіміра Васілевіча «Беларускія народныя прыкметы і павер’і». Дарэчы, па Магілёўшчыне ў 2001 годзе выдадзены том «Магілёўскае Падняпроўе» серыі «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў». У раённым аддзеле культуры ці бібліятэцы гэтыя кнігі павінны быць.

— Таццяна Васільеўна, добры дзень. Тэлефануе Юлія з Брэста. Многа напісана ў Інтэрнэце наконт таго, як сапраўды патрэбна адзначаць Ражаство. Усё ж раскажыце, калі ласка, якія стравы трэба ставіць на стол?

— Калі гаварыць пра заходнепалескую традыцыю, то куцця — гэта самая абавязковая страва. Другая абавязковая ўмова — гэтая вячэра перад Ражаством посная. Гэта значыць, што на стале не можа быць нічога скаромнага — мяса, малака і гэтак далей. У ідэале на стале павінна быць 12 страў. Іх лёгка можна зрабіць за кошт хатніх нарыхтовак. Гэта і агурочкі, і квашаная капуста, і грыбы…

Куцця — галоўная страва на святочным стале. Яе вараць з раніцы, і яна стаіць, чакае вечара. Гаршчок ставіцца не на голы стол (можна падаслаць шматок сенца), і абавязковая ўмова — куццю нельга пачынаць есці да самой Святой вячэры. З першай зоркай збіраецца за святочным сталом уся сям’я. Кашу адкладваюць на асобны сподачак для тых, хто адышоў у сям’і. А затым усе каштуюць куццю і посныя стравы на стале. Дарэчы, каб куцця была смачная, яе можна рабіць з грыбамі, са скваранай цыбуляй. Святая вячэра значыць, што пост скончыўся і пачынаецца Шчодры наедак.

— Таццяна Васільеўна, гэты год — Год змяі. Як ставіліся да гэтых жывёлаў нашыя продкі? Ці варта верыць ва ўсходнія гараскопы?

Андрэй Віктаравіч, г. Жлобін

— Дзякуй за цікавае пытанне. Год змяі — гэта глыбокая і даўняя традыцыя ўсходняга календара, які дужа далёкі ад традыцыйнай беларускай культуры. Безумоўна, мы можам «гуляцца» ў гульні з усходняй атрыбутыкай, і ставіцца да далёкіх ад нас традыцый мы мусім, безумоўна, з павагаю, але як да забавы. Экзотыка не можа рэгламентаваць наша жыццё, ці варта ўціскаць сябе ў зусім чужыя меркі. Нават урачы ці дыетолагі заклікаюць не верыць у суперуздзеянне нейкіх усходніх прадуктаў ці лекаў, да якіх мы не прывыклі генетычна. Будаваць сваё жыццё па ўсходнім календары, лічу, можна толькі вельмі ўмоўна. І шчыра спадзявацца, што, калі сустрэнеце Новы год у змяінай кофтачцы, вам вельмі пашанцуе, — смешна. Да таго ж тая ўсходняя змяя да нас яшчэ і блізка «не прыпаўзла»: Новы год пачынаецца па ўсходнім календары недзе ў лютым.

Я ўсё ж раіла б трымацца сваіх традыцый. У нас даволі цікавага, самабытнага і адметнага. Разам з тым штучнае распаўсюджванне ў горадзе вясковых абрадаў, якія ў нечым згубілі свой прагматычны змест, не заўсёды прыводзіць да адэкватных наступстваў. Папулярызаваць сваё варта, яго трэба «раскручваць». Як толькі справа камерцыялізуецца, падключаюцца СМІ, можна дасягнуць поспеху. Прыкладам, літаральна дзесяць год таму я нічога не чула пра Дзень святога Валянціна. А зараз гэта неверагодны брэнд і камерцыя: паштоўкі, падарункі, віншаванкі. Народныя ж традыцыі мала хто ведае і яшчэ менш хто раскручвае....

Калі прымерваць усходнія звычаі да сябе, то змяя ў беларусаў, асабліва вуж, гэта істота амаль свяшчэнная. Нават у старых кніжках можна сустрэць сведчанні, што вужы жылі ў хаце. Яны выпаўзалі, елі разам з дзецьмі, пілі малако з міскі. Забіць хатняга вужа пагражала небяспекай для ўсёй гаспадаркі.

— Турбуе вас Леанід Смольскі з Крупак. Таццяна Васільеўна, ведаю, што супрацоўнікі вашага Цэнтра сталі лаўрэатамі прэміі Акадэміі навук Расіі і Беларусі за працу «Беларусы Сібіры». Адзін з іх наш зямляк — Аляксандр Цітавец. А пытанне такое: ці будуць працягвацца беларуска-расійскія даследаванні па этнаграфіі?

— Кантакты беларускіх і рускіх вучоных даволі шчыльныя. Канкрэтна зараз група даследчыкаў распрацоўвае тэму беларуска-рускага памежжа. Яна вельмі вострая, бо ў многім абцяжарваецца гістарычнымі і палітычнымі момантамі. Афіцыйная дзяржаўная мяжа ніякім чынам не падзяляе два этнасы, бо этнічныя беларусы жывуць многа далей на ўсход за дзяржаўную мяжу. Напрыклад, заходняя Смаленшчына. Там жа прыгажэнны ўсходнебеларускі дыялект, нашы звычаі, нашы мелодыі. Тое ж самае і на Пскоўшчыне, на Бранскім Палессі.

— Тэлефануе Кацярына з Петрыкава. Мы з сяброўкамі збіраемся варажыць на стары Новы год. Ці правільна мы плануем? Падкажыце, калі ласка, народныя спосабы варажбы на жаніха.

— Варажылі перад старым Новым годам, ці перад Шчадрацом, у ноч з 13 на 14 студзеня. І ў пэўнай ступені — гэта ноч перад Вадохрышчам з 18 на 19 студзеня.

З найбольш даступных спосабаў варажбы на жаніха можна прыгадаць наступнае. Дзяўчына прычэсваецца мужчынскім (можа, бацькавым ці братавым) грабяньком, кладзе яго пад падушку і ні з кім не гаварыўшы сама сабе загадвае: «Суджаны-раджаны, прыходзь ка мне ў ночку касу часаць». Альбо дзяўчына надзявае адну панчоху і гэтаксама моўчкі загадвае: «Сасніся той, хто будзе мой, хто прыйдзе маю ножку разуваць».

Цікава, у горадзе ўжо нарадзіліся свае варожбы-забавы. У вёсцы дзяўчаты пяклі бліны, аладкі. І з гэтым спечаным бліном дзяўчына выбягала на вуліцу і пыталася ў першага сустрэчнага мужчыны, як яго завуць. Па гэтым яна вызначала, якое імя будзе ў яе будучага мужа. У наш час мне даводзілася чуць ад дзяўчат-студэнтак, што яны робяць усё тое ж самае, але звоняць па абсалютна выпадковым нумары тэлефона. Калі падымаў трубку мужчына, пыталіся пра яго імя.

Хочацца расказаць пра варажбу, якая калісь была вельмі папулярная на вёсках, ды і зараз яшчэ сустракаецца, бо вельмі эмацыянальная і з добрай доляй забавы. Дзяўчаты насыпалі кожная сваю кучку зерня і пускалі пеўня. Чыю кучку ён пачне дзяўбці першай, тая хутчэй выйдзе замуж. З сабакам ці з катом варажба ўвогуле цікавая. Кожная дзяўчына пячэ маленькую булачку, кладзе на парог, і ў пакой запускаюць сабаку. Чыю булачку ён з’есць першую, тая хутчэй замуж пойдзе. Калі сабака булачку пакусаў і кінуў, занёс на кут альбо закапаў — гэта вешчавала бяду.

Самыя страшныя і небяспечныя варожбы з люстрам. Бабулі сцвярджаюць, што ў вобразе жаніха магла паказацца нават нячыстая сіла.

— Добры дзень! Збіраюся зрабіць сваёй каханай прапанову рукі і сэрца. Ці падыходзяць Каляды для сватання?

Мікалай, г. Нясвіж

— Не трэба рабіць прапанову ў пост. У праваслаўных чатыры пасты — Пятроўскі, Успенскі, Піліпаўка (перад Калядамі) і Вялікі (перад Вялікаднем). У традыцыі ў сваты хадзілі пажадана ў мужчынскі дзень — чацвер, аўторак. Дарэчы, для вяселля самы найлепшы перыяд — ад Вадохрышча і да Масленіцы — гэта так званая Малая Свадзёбніца, і Вялікая Свадзёбніца — восень, калі прыбралі ўраджай і на самай справе ёсць што паставіць на стол.

— Жыву ў Мінску. Да нас часта прыязджаюць сябры з Расіі, у якія мясціны ці вёскі вы раілі б адвезці гасцей, дзе можна паглядзець абрад у яго першародным выглядзе?

— Гэта, напрыклад, калядны абрад «Жаніцьба Цярэшкі». Ён дагэтуль ладзіцца ў вёсцы Аношкі Лепельскага раёна. «Адпраўленне Каляды на дуб» у Новінах (Бярэзінскі раён). У Семежава (Капыльскі раён) «Калядныя цары» 14 студзеня. Улетку было б цікава паехаць у Неглюбку і Стаўбун, што на Веткаўшчыне. Там жывы звычай «Пахаванне стралы». Вельмі відовішчна і прыгожа ў вёсцы Вялікі Бор (Хойніцкі раён) праходзяць «Провады Русалкі». Свята ладзіцца ў суботу перад Троіцай. У Пінскім раёне на Троіцу водзяць «Куст». Гэта калі маладую дзяўчыну ўбіраюць у галінкі і абходзяць хаты з адмысловай песняй. На Юр’е (6 мая) вёска Пагост Жыткавіцкага раёна — славуты Тураўскі карагод.

Таццяна УСКОВА, «БН»

Фота Паўла ЧУЙКО, «БН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter