Шацк: на пераломе стагоддзяў

Шацк в начале второй половины своего тысячелетия

У БЕЛАРУСІ, як і ў Расіі і Украіне, некалькі паселішчаў маюць назву Шацк. Каля аднайменнага пухавіцкага аграгарадка захаваліся курганы — помнікі гісторыі, якія сведчаць пра стаянку старажытных людзей. 

Сядзібы Шацка выцягнуліся на крутых пагорках да поймы рэчкі Шачы, што ўпадае ў Пціч. Тут праходзіць мяжа Мінскага ўзвышша і Палескай нізіны. Вядомы рускі географ і вандроўнік Сямёнаў-Цян-Шанскі ў навуковым выданні “Расія. Поўнае геаграфічнае апісанне нашай айчыны” адзначыў, што ў ІХ стагоддзі мястэчка належала Турава-Пінскаму княству.



Праз рэчышча Шачы пралягала воднае адгалінаванне з Нёмана ў Днепр вялікага гандлёвага шляху “з варагаў у грэкі”. 

Пісьмова паселішча ўпершыню ўзгадваецца ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага 1492 года як падарунак ад польскага караля Аляксандра Казіміра Ягелончыка кашталяну віленскаму Пятру Яну Кішку. 

Амаль тры стагоддзі Шацкам валодалі магнаты Радзівілы, пасля якіх часта мяняліся гаспадары. У 1732 годзе маёнтак атрымаў Герваз Людвіг Аскерка, які аднавіў праваслаўны храм. Нашчадак яго Юзаф Габрыэл Аскерка ў 1790 годзе на рачным беразе ўзвёў мураваны палац. Вакол яго заклалі класічны парк, рэшткі якога захаваліся. 

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Шацк адышоў да Расійскай імперыі. У канцы ХVІІІ стагоддзя стаў цэнтрам воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні. Былі свая бальніца, тэлеграфнае аддзяленне, народнае вучылішча, царква, сінагога. Тутэйшыя працавалі на зямлі, займаліся ганчарствам, бондарствам, выраблялі гонту. Дзейнічалі саматужная гарбарня, ваўначоска, алейня, капялюшная арцель. Чатыры пякарні забяспечвалі мясцовы люд хлебам.



З 1924 па 1927 год Шацк — раённы цэнтр Мінскай акругі. 

У першыя гады калектывізацыі тут арганізаваўся калгас, рэфармаваны ў ААТ “Шацк”.

Нямецка-фашысцкія захопнікі ў Вялікую Айчынную вайну стварылі ў мястэчку яўрэйскае гета і зверскі знішчылі звыш 700 вязняў. Актыўнае супраціўлене ворагу аказвалі народныя мсціўцы. Мемарыялам “Вечная памяць” ушанаваны ў Шацку ахвяры вайны. 

На тэрыторыі сельсавета дзейнічаюць два сельгаспрадпрыемствы, тры лясніцтвы, участак вопытна-эксперыментальнага завода, дрэваапрацоўчы цэх, харчовае прадпрыемства, бальніца, установы адукацыі, культуры. Шацк мае статус аграгарадка Пухавіцкага раёна.

Кіраўнік спраў сельсавета Марына ДАЛІДОВІЧ.

ШТОДЗЁННА раніцай і ўвечары са сталічнай дыспетчарскай станцыі “Аўтазаводская” праз пасёлкі Дружны, Рудзенск, Праўдзінск курсіруюць рэйсавыя аўтобусы ў пухавіцкі аграгарадок Шацк. Значна карацейшы шлях сюды — па слуцкай аўтамагістралі. Гэтай дарогай і адправіўся ў чарговую вандроўку.

Глыбокай восенню праз аголеныя дрэвы шацкія сядзібы відаць здалёку. Да новай вуліцы, забудаванай паўтара дзясяткамі прывабных катэджаў, ярка-зялёным дываном падступае поле руні. Аграгарадок перасякаюць юркая рачулка Шача і аўтамагістраль з Узды на Мар’іну Горку.

Загадчыца аптэкі Любоў КЛОЧКА.

Непадалёку ад дарожнага моста на скрыжаванні дарог застаўся невялікі павільён аўтакасы. На яго сцяне перад уваходнымі дзвярамі вецер гойдаў прымацаваны на плечыках світар. Адчыніў дзверы і трапіў у цёплае памяшканне, пераабсталяванае ў прамтаварную краму. Пазнаёміўся з гаспадыняй Зояй Гайдукевіч, якая выкупіла будынак аўтакасы і перарабіла яго пад гандлёвую кропку. Дровамі паліць печку. Цёпла і ўтульна. Паскардзілася, што мала пакупнікоў. Пачуў ад Зоі Міхайлаўны, што ў Шацку прыватны гандаль выціснуў спажывецкую кааперацыю. Гэта пацвердзіла і кіраўнік спраў сельвыканкама Марына Далідовіч. Індывідуальныя прадпрымальнікі выкупілі ў цэнтры аграгарадка мураваны будынак магазіна і па-сучаснаму яго пераабсталёўваюць. Мясцовыя жыхары, каб набыць неабходную рэч для хатняй гаспадаркі, вымушаны ехаць у Рудзенск альбо Мар’іну Горку.

Рабочыя лясгаса Алег КРАЎЧУК і Сяргей КРЭПСКІ.

Хвалюе жыхароў Шацка праблема працаўладкавання. Рабочыя дрэваапрацоўчага цэха Алег Краўчук і Сяргей Крэпскі скардзіліся, што іх вытворчасць пад пагрозай закрыцця. Адзінае прамысловае прадпрыемства на тэрыторыі сельсавета — Шацкі ўчастак ААТ “Пухавіцкі вопытна-эксперыментальны завод”, які размешчаны ў суседняй вёсцы Габрыелеўка. Паспяхова дзейнічае прыватнае харчовае прадпрыемства. Бухгалтар вытворчасці Марыя Філіпчык штомесячна налічвае заробкі паўсотні яго працаўнікам. Прыгатаваныя па арыгінальных рэцэптах сальцісоны, халадцы, заліўныя стравы пастаўляюцца ў розныя рэгіёны рэспублікі.

ЧАМУСЬЦІ тут не развіваецца фермерства. Абодва сельгаспрадпрыемствы, размешчаныя на тэрыторыі сельсавета, спецыялізуюцца на вытворчасці малака і ялавічыны. На парозе канторы ААТ “Шацк” сустрэў заклапочанага выконваючага абавязкі дырэктара Леаніда Алізара. Ён спяшаўся да правяраючых, што прыехалі ў гаспадарку. Пра жыццё калектыву гаварылі з працаўнікамі бухгалтэрыі. Сельгаспрадпрыемства на працягу апошніх гадоў па многіх эканамічных паказчыках замыкае раённую зводку. Заробкі невысокія. Не стае жывёлаводаў, механізатараў, спецыялістаў. Для працаўнікоў пабудавана звыш трыццаці катэджаў. Чаргі на атрыманне жылля няма.

Прадавец Алена ЦЫМАНАВА.

Прасторны дом на чатыры пакоі атрымалі Вольга Ярац і сям’я яе дачкі Джуліі, з якімі сустрэўся на вуліцы аграгарадка. Прыехалі ў Шацк з Дзяржынскага раёна. Працуюць даяркамі. Зяць Валерый Васільевіч таксама жывёлавод. Чатырохгадовую Вангелію і на год старэйшага Мікітку вадзіць у дзіцячы садзік у суседнюю вёску Габрыелеўка нязручна. Зяць сваімі рукамі паступова дом абуладжвае. Правёў ваду. Навёў парадак на прысядзібным участку.

Надвор’е для вандроўкі па аграгарадку выдалася не надта спрыяльнае. Халодны вецер зрываў апошнія лісты з дрэў. З комінаў дамоў слаўся дым. Газаправод пакуль не дайшоў да Шацка. Запаслівыя гаспадары загадзя нарыхтавалі дроў.

З ЦЁПЛАЙ канторы накіраваўся на вуліцу Адраджэння, забудаваную новымі катэджамі. У палісадніках дагаралі яркім колерам апошнія восеньскія кветкі. Каля хлеўчыкаў корпаліся куры. Два дзясяткі амаль што блізнят-дамоў красуюцца ўздоўж усланай гравіем вуліцы, за якой праз засеянае азімымі поле віднеецца жывёлагадоўчая ферма.

Жывёлаводы Вольга ЯРАЦ і яе дачка Джулія.

Сярод навасёлаў вуліцы і сем’і братоў Ігара і Дзмітрыя Дубовікаў, маці якіх Надзея Аркадзьеўна доіць калгасных кароў. Пасля заканчэння школы яе сыны атрымалі прафесію механізатара і засталіся ў гаспадарцы. Малодшы Дзяніс таксама сеў за руль трактара. Летам трое працавалі на жніве, а потым сеялі азімыя, рыхтавалі глебу пад веснавыя палявыя работы. Зараз падвозяць кармы да ферм, рамантуюць сельгасмашыны.

Побач з вуліцай Адраджэння цаглянымі мурамі забудавана Палявая, на якой жывуць у асноўным сем’і перасялянцаў з забруджаных радыяцыяй вёсак Ельскага, Чачэрскага і Касцюковіцкага раёнаў. Трыццаць гадоў таму іх прынялі ў Шацку. Краіна выдзеліла сродкі на будаўніцтва жылля. Новае паслячарнобыльскае пакаленне вырасла. Але, як шчыра прызналася бухгалтар Кацярына Жураўская, дагэтуль шчыміць сэрца. Душа ірвецца зірнуць на асірацелыя мясціны дзяцінства. У адным пакоі з Кацярынай Сцяпанаўнай трыццаць гадоў працуе бухгалтарам Таццяна Кірыенка. Яе родную вёску Печанеж у Касцюковіцкім раёне таксама накрыла чорная хмара Чарнобыля, і іх вымушана перасялілі. Чатыры сям’і жывуць у аграгарадку.
Таццяна Васільеўна балюча прызналася, што ў сне часта вяртаецца ў бацькоўскі сад, гуляе па росным лузе дзяцінства. Штогод на Радаўніцу адпраўляецца ў Печанеж памінуць тых, хто пакоіцца на вясковых кладах. Там сустракаецца з землякамі, якіх чарнобыльская трагедыя параскідала па свеце.
Завітаў у сярэднюю школу. Белакаменны двухпавярховы мур прыгожа ўпісаўся на адным з пагоркаў. Гэтая частка паселішча здаўна называецца Чорны Шацк. Тут былі падворкі заможных яўрэяў, колькасць якіх да Вялікай Айчыннай вайны ў мястэчку, як сцвярджаюць архівы, перавышала 80 працэнтаў агульнага насельніцтва.

Нязвыкла ціха было ў школьным калідоры на перапынку. Намеснік дырэктара Алена Долгіна паведаміла, што ў школе 130 вучняў. Раздаўся званок, і педагогі з падручнікамі, сшыткамі разыходзіліся па класах. Адна з настаўніц, абапіраючыся на кавельку, таксама пайшла на ўрок. Інтуіцыя падштурхнула завітаць да яе ў клас. Такому нечаканаму візіту яна не здзівілася, а мяне збянтэжыла. Аказалася, з яе мужам Антонам Мацэральнікам мы разам вучыліся ў Горках. Наталля Леанідаўна родам з Гарадоцкага раёна Віцебшчыны. 35 гадоў таму закончыла механіка-матэматычны факультэт Белдзяржуніверсітэта і настаўнічае. У кожным доме аграгарадка яе ведаюць, паважаюць. Выпускнікі Наталлі Леанідаўны працуюць спецыялістамі розных галін народнай гаспадаркі. Збіраюцца на сустрэчы ў роднай школе і абавязкова запрашаюць любімую настаўніцу.

Ветэран вайны і працы Пётр КІСЕЛЬ.

Цікавай выдалася сустрэча і са школьным бібліятэкарам Нінай Крэпскай, малая радзіма якой у тураўскай вёсцы Запясочча. Пасля заканчэння Полацкага педвучылішча прыехала настаўнічаць у Шацк. Выйшла замуж і назаўсёды засталася тут. Шмат гадоў загадвае бібліятэкай. Мяне ўразілі прыгожа аформленыя стэнды пра гісторыю роднага краю, традыцыі, вядомых землякоў.

Перахапіўшы мой позірк, спынены на квітнеючых на вокнах вазонах, гаспадыня прызналася, што не толькі кветкамі захапляецца, а яшчэ і пчоламі, і пачаставала бурштынавага колеру салодкім ласункам. Паўсотні вуллёў на іх сямейным пчальніку. Летам на двух павільёнах вывозяць пчол на медазбор. Ніна Васільеўна пераканана, што без жадання ніякая справа не атрымаецца. Па сваёй ініцыятыве сабрала літаратуру пра гісторыю і людзей Шацка. Сярод гэтых выданняў і дзве кнігі, напісаныя адышоўшай у вечнасць Наталляй Вайцэховіч, якая пэўны час кіравала школай.

Раз-пораз у бібліятэку заходзілі вучні. Адчувалася, што ім тут утульна і цікава. Акрамя праграмных прадметаў, сёлета адноўлены заняткі для дзяўчынак па набыцці прафесіі швачкі-матарысткі. Прафесійнаму майстэрству іх вучыць вопытны спецыяліст Жанна Уляхіна.

Школьны бібліятэкар Ніна КРЭПСКАЯ.

На асобным стале ў бібліятэцы выкладзены перыядычныя выданні, сярод якіх пажадана бачыць і “Сельскую газету”.

З Нінай Крэпскай адправіліся далей вандраваць. Прайшлі каля ўчастковай бальніцы. Летась яе ўзначаліла выпускніца Белдзяржмедунівер- сітэта Ірына Арцюх. Ёсць у Шацку і аптэка, якой сорак гадоў нязменна загадвае Любоў Клочка.

З УЗВЫШША як на далоні віднеліся будынкі сельвыканкама, недабудаванай царквы святога Прарока Іллі, памяшкання клуба. 

Па шырокай вуліцы з дагледжанымі падворкамі, многія з якіх сталі лецішчамі, прайшлі да дома з прымацаванай таблічкай і чырвонай зорачкай, у якім жыве ветэран вайны і працы Пётр Андрэевіч Кісель. На ганку нас сустрэў невысокага росту гаспадар. Разам з ім у амаль што стогадовым доме жыве ўнук Дзмітрый, які працуе ў Рудзенску. На пачатку мінулага стагоддзя бацькі Пятра Андрэевіча перабраліся сюды з хутара. У спадчыну дом дастаўся яму. Две дачкі і сын яго адведваюць. Сельсавет забяспечвае дровамі. У свае дзевяноста тры гады франтавік добра чуе, бачыць, да дробязей памятае перажытае за доўгі век.

Урок матэматыкі ў 10-м класе вядзе Наталля МАЦЭРАЛЬНІК.

Шаснаццаты год яму ішоў, як пачалася вайна. У мястэчка гітлераўцы ўварваліся на матацыклах. У навакольных лясах пачалі арганізоўвацца партызанскія атрады. Бацька Андрэй Самуілавіч для байцоў употайкі шыў боты і перадаваў праз пасыльных. У Шацку стаяў фашысцкі гарнізон, якому не давалі спакою народныя мсціўцы. Лютаваў камендант, якога партызаны ў 1944 годзе падарвалі.

Пры ўспамінах пра вайну рукі выдаюць унутранае хваляванне ветэрана. На яго вачах фашысты гналі на расстрэл вязняў Шацкага гета. Перад вызваленнем Шацка ад ворагаў у лесе завязаўся бой, у якім разам з іншымі мясцовымі жыхарамі загінуў бацька Пятра Андрэевіча. 

Радавым II-га Беларускага фронту змагаўся з гітлераўцамі Пётр Кісель. У адным з баёў на тэрыторыі Польшчы атрымаў раненне. Пасля лячэння ў шпіталі вярнуўся на перадавую. Баявыя подзвігі франтавіка адзначаны медалямі “За адвагу”, “За ўзяцце Кёнігсберга” і ордэнам Айчыннай вайны II ступені. Пасля вайны пяць гадоў служыў у арміі. Дома яго чакала аўдавелая маці. Займеў сям’ю. Да выхаду на пенсію рамантаваў швейныя машыны ў Доме быту.

Пётр Андрэевіч — паважаны госць у школьнікаў, выступае на святах. Летась яго ўшаноўвалі на 525-годдзі Шацка. Ёсць што расказаць дзядулі ўнукам і праўнукам.

Пухавіцкі раён.

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...
Новости