Шатры, кастры, неабдымнае неба

Фестываль праводзіўся ў цудоўным месцы...

У вёсцы Шчаткава, што пад Бабруйскам, прайшоў Міжнародны музычна-паэтычны фестываль «Культурная эвалюцыя».

Фестываль праводзіўся ў цудоўным месцы, на ўзбярэжжы ракі Бярэзіны, непадалёк ад сядзібы, у якой нарадзіўся класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Мерапрыемства сабрала нямала прыхільнікаў аўтарскай песні і паэтычнага слова. Больш трох дзесяткаў выканаўцаў былі заяўлены для праслухоўвання, а колькі яшчэ нефармальных удзельнікаў, проста аматараў музыкі, паэзіі. З’ехаліся прадстаўнікі такога адметнага мастацтва з розных рэгіёнаў Расіі, Украіны, Малдовы і нашай рэспублікі.

Былі палаткі і кастры, неабдымнае неба, да якога ўзляталі музыка, песні. А яшчэ сустрэчы з такімі мэтрамі аўтарскай песні, як Сяргей Нікіцін, Галіна і Барыс Вайханскія, Алёна Казанцава, Барыс Бурда (ён, апрача ўсяго, правёў яшчэ і інтэлектуальную гульню), тэатральны і літаратурны крытык Леў Анінскі, паэты Леў Валодзін, Дзмітрый Суслаў і іншыя. Яны не толькі дэманстравалі сваё музычнае і паэтычнае мастацтва, але і праводзілі майстар-класы для сваіх маладых калег.

У свята спрабаваў умешвацца дождж. Гэта быў своеасаб-лівы экзамен для выканаўцаў і гледачоў, які яны вытрымалі з гонарам: калі не было магчымасці выступаць на свежым паветры, пераходзілі ў шатры-палаткі, крытыя пляцоўкі. Адным словам, фестывальнае жыццё не спынялася ні на хвіліну.

І за гэта трэба аддаць належнае яго арганізатарам: дырэктару вядомаму тэлевядучаму Артуру Шуляку, каардынатару Вользе Залескай, прадзюсеру Леаніду Дынерштэйну, а таксама гарадскому і раённаму кіраўніцтву. Пачатак пакладзены. Напэўна, у яго будзе працяг. Ва ўсякім разе, яго ўдзельнікі, шматлікая глядацкая аўдыторыя на гэта спадзяюцца.

На здымку: фрагменты фестывалю.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter