«Шашачкі» ідуць у дамкі

Ці адбудзецца перадзел рынку пасля затрымання кіраўніка адной са службаў мінскага таксі

Мінулы тыдзень для мінскіх таксістаў выдаўся насычаным важнымі навінамі. Па-першае, дэпутаты прынялі ў другім чытанні папраўкі ў закон аб аўтаперавозках. Па-другое, у Мiнску затрымалі за нявыплату падаткаў уладальніка адной з самых буйных службаў таксі «Алмаз» Віктара Пузікава. Абодва факты могуць сур'ёзна скарэкціраваць сітуацыю на рынку. Аб падрабязнасцях даведаўся карэспандэнт «Р».


Машын павінна хапіць на ўсіх

Відавочна, што самае галоўнае, чаго чакаюць дыспетчарскія службы і вадзіцелі — гэта з’яўлення больш выразных правілаў гульні для «паўтаксі» (праграм па выкліку аўтамабіляў па прынцыпе Uber). І папраўкі ў закон аб аўтаперавозках гэтаму павінны паспрыяць. Прынамсі, на гэта спадзяюцца кіраўнікі традыцыйных службаў таксі, таму што праблема няроўнай канкурэнцыі іх цяпер турбуе больш, чым наступствы праблем з таксі «Алмаз».

— Усё працуе як раней. Проста канкурэнцыя заўсёды была. І зараз яна нікуды не падзелася. Само па сабе затрыманне Віктара Пузікава нічога не змяніла. Так, была на мiнулым тыднi невялікая хваля павелічэння выклікаў у іншых службах. Бо да гэтага паток выклікаў усталяваўся, а зараз баланс трохі парушыўся. Частка пасажыраў стала выклікаць іншыя службы замест «Алмазу». А ў тых можа не хапаць свабодных машын. Але глабальна гэта нічога не мяняе, — упэўнены старшыня праўлення асацыяцыі «Сталічнае таксі» Ігар Верхавец.

У офісе таксі «Алмаз» каменціраваць цяперашнюю сітуацыю з заказамі нiяк не сталi — адмовіліся. Але кіраўнік іншай буйной дыспетчарскай службы таксі «135» («Сталіца») Алег Радкевіч пацвярджае, што для іншых гульцоў рынку амаль нічога не змянілася:

— Калапсу адназначна няма. І, мяркуючы па ўсім, ніхто з вадзіцеляў нікуды не перабягае. Акрамя таго, праца таксі хвалепадобная. Ёсць пікі ў асенне-зімовы перыяд, а вясной і летам — спады, калі пры добрым надвор’і людзі аддаюць перавагу іншаму транспарту або ходзяць пешшу. Быў бы калапс, калі б у горадзе сапраўды не хапала машын. Але сёння ў Мінску аўтамабіляў, якія займаюцца перавозкамі (я спецыяльна не кажу слова «таксі»), зашмат. Так што калі нейкая частка вадзіцеляў зараз і пойдзе з рынку, то нічога рэзка не зменіцца.

У той жа час Ігар Верхавец лічыць, што калі з таксі «Алмаз» усё будзе дрэнна, то адна частка вадзіцеляў проста пойдзе працаваць на праграмах, іншая пяройдзе ў службы-канкурэнты.

— Без працы, мяркую, ніхто не застанецца, — упэўнены кіраўнік асацыяцыi.

Фота Паўла ЧУЙКО

Без аглядкі на кліента


Праўда, канкурэнцыя паміж вадзіцелямі цяпер на самай справе сур’ёзная. Калі самі службы па выкліку таксі неяк рынак падзялілі, то ўнутры кожнай з іх ёсць праблемы з барацьбой за кліентаў паміж канкрэтнымі таксістамі. Бо цяпер у Мінску толькі буйных традыцыйных службаў таксі чатыры — «135», «107», «7788» і «152». Але яшчэ невядома, колькі канкрэтна iснуе дробных удзельнікаў рынку, плюс тыя, хто працуе па праграмах.

— Я нават не магу адказаць, колькі цяпер у Мінску службаў таксі, — паціскае плячамі Ігар Верхавец. — Раней было 13—14, а цяпер вельмі шмат дробных. Акрамя таго, адна дыспетчарская можа працаваць пад некалькімі нумарамі. У асацыяцыі ў нас толькі сем арганізацый. Але, вядома ж, гэта не паказчык. Тым больш што «таксi- праграмы» ў патрэбны момант заяўляюць, што яны таксі не з’яўляюцца і правілам не падпарадкоўваюцца.

Дырэктар таксі «135» Алег Радкевіч скардзіцца, што таксістам цяпер фінансава несалодка.

— Заробак у іх не вышэй, чым у вадзіцеляў грамадскага транспарту. У сярэднім 700—800 рублёў у месяц. Гэта няшмат. Выдаткі на паліва, тэхнічнае абслугоўванне аўтамабіля, падаткі забіраюць большую частку даходу.

Жадаючы ўсё ж зарабіць больш, некаторыя таксісты пачынаюць хітрыць і браць заказы, якія ў рэальнасці ад месца іх цяперашняга знаходжання занадта далёка. Калі вы часам карыстаецеся паслугамі таксі, то, напэўна, заўважылі, што ў апошні час часта сутыкаешся з доўгім чаканнем машыны — можна прачакаць і паўгадзіны, і сорак хвілін. Пры гэтым дыспетчары называюць час падачы машыны максімум 10 хвілін. Часам вадзіцелі самі тэлефануюць і папярэджваюць, што яны ледзь не на іншым канцы горада, а другiм разам ты стаіш і чакаеш незразумела чаго.

— На жаль, такое бывае, — пацвярджае Ігар Верхавец. — Але тут віна на вадзіцелі, які не думае пра пасажыра.

У любым выпадку падобную сітуацыю ніхто не звязвае з якімі-небудзь збоямі ў працы службаў таксі.

Трэба нешта рабіць з тарыфамі


Яшчэ адна тэндэнцыя ў сферы паслуг па перавозцы пасажыраў — зніжэнне тарыфаў. Але не ўсё так проста. Магчыма, якраз папраўкі ў закон гэтую сітуацыю могуць змяніць.

Па словах Ігара Верхаўца, пры больш нізкім кошце кіламетра ў праграмах закладзены вялікія прастоі. У выніку атрымліваюцца практычна тыя ж кошты, што і ў традыцыйнага таксі.

— Напрыклад, у праграме кіламетр каштуе 40 капеек, у традыцыйным таксі — 55. Але затое ў іх тарыфікуецца час чакання пасажыра, час у дарозе. У таксометры ўсё па-іншаму. Калі машына рухаецца з хуткасцю менш за 10 км/г, то гэта лічыцца як прастой. Калі хутчэй, то ўлічваецца кіламетраж. У праграмах лічаць і тое і другое адначасова. Пасажыр гэтага не бачыць.

Акрамя таго, у традыцыйным таксі прастоі павінны разлічвацца па тарыфе не больш за 10% ад кошту кіламетражу. Калі тарыф 55 капеек, то гадзіна прастою будзе каштаваць 5,5 рубля. У праграмах гэта пакуль ніяк не абмежавана.

— Яшчэ закона няма, а праграмы абвяшчаюць, што працуюць абсалютна законна, — здзіўляецца старшыня «Сталічнага таксі». — Хоць усе яны на «белых» нумарах. Пры гэтым традыцыйныя таксі па-ранейшаму плацяць падаткі, купляюць дарагія таксометры...

Цяпер тарыфы, як лічаць самі таксісты, невысокія. Раней было 70 цэнтаў за кіламетр, а цяпер — 30. Пры тым, што ў Еўропе гэта ўжо даўно больш за еўра. Каб вырашыць праблему з дэмпінгам, Алег Радкевіч прапануе мясцовым уладам устанаўліваць стандартныя тарыфы:

— Каб на рынку ўсё было сумленна і выгадна як для пасажыраў, так і для перавозчыкаў, рэгулятары павінны разлічыць стандартны тарыф на паслугі таксі, ніжэй за які можна прапанаваць, толькі не плацячы падаткі або праводзячы нейкія яшчэ махінацыі. Тады ўсё будзе нармальна. Нядобрасумленныя гульцы будуць бачныя адразу.

Рацыянальная аснова ў гэтай прапанове, на мой погляд, ёсць. Бо калі зноў вярнуцца да гучнага затрымання Віктара Пузікава, то яно заснавана менавіта на ўхіленні ад выплаты падаткаў (агульная сума папярэдне ацэньваецца ў 1,4 мільёна рублёў). Як гавораць у Камітэце дзяржкантролю, «ухіленне ад выплаты падаткаў дазволіла дыспетчарскай службе таксі ўстанаўліваць больш нізкія тарыфы, чым у іншых падобных арганізацый, дзякуючы чаму на працягу апошніх гадоў ёй удалося заняць адну з дамінуючых пазіцый на рынку».

У прэс-службе Дзяржкантролю нам паведамілі, што матэрыялы гэтай крымінальнай справы перададзены ўжо ў Следчы камітэт. Там зараз будуць вырашаць, якое прад’явіць абвінавачванне, а таксама выберуць меру стрымання ў дачыненні да падазроных. Хто ведае, магчыма, гэты працэс стане каталізатарам (прычым не меншым, чым папраўкі ў закон аб аўтаперавозках) для ўстанаўлення новага балансу на рынку паслуг таксі. Пакуль жа ўсё застаецца па-ранейшаму.

kuletski@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?
Новости
Все новости