Шарж на классика: неожиданный, шутливый и ироничный Якуб Колас

Шарж на класіка

Яго пяро было іскрыстым

Што дала ежу для шаржыстаў

Прайшлі гады і неўзабаве

З’явілісь шаржы на выставе

На вядомых нам партрэтах народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, тых партрэтах, якія мы прывыклі бачыць у падручніках і кнігах, пісьменнік звычайна паказаны сталым і сур’ёзным, такім, якім і сапраўды павінен выглядаць класік беларускай літаратуры. Напярэдадні Дня гумару нам хацелася б паказаць Коласа зусім іншым – незвычайным і нечаканым, жартаўлівым, смешным і па-сяброўску іранічным.

Многія жыхары Мінска, прагульваючыся па парках нашай сталіцы позняй вясною ці летняй парою, сустракалі мастакоў, якія малююць графічныя партрэты ці шаржы на прахожых.  Шарж – асобны жанр у выяўленчым мастацтве. Слова “шарж” мае французскае паходжанне і выкарыстоўваецца для назвы малюнка, выкананага ў гумарыстычным стылі, які іранічна і гратэскна перадае вобраз персанажа, што выклікае сяброўскую ўсмешку. Адным словам, шарж – гэта малюнак-жарт. Многае яднае гэты жанр з карыкатурай, але для апошняй характэрныя сарказм і насмешка, а для шаржа – добрая ўсмешка. У апошні час сяброўскі шарж становіцца папулярным падарункам на вяселле, юбілей ці дзень нараджэння. А ў XIX і XX стагоддзях аб’ектамі для шаржаў станавіліся палітыкі, вядомыя дзеячы навукі, культуры і літаратуры. Графікі-шаржысты не абмінулі ўвагай і асобу народнага паэта Беларусі, класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа.

Храналагічна першым нам вядомым гумарыстычным партрэтам Якуба Коласа з’яўляецца сяброўскі шарж графіка-карыкатурыста Янкі Кашкеля, які быў надрукаваны ў газеце “Звязда” за 31 снежня 1927 года. На гэтым навагоднім шаржы Якуб Колас выглядае як сапраўдны селянін у зімовай вопратцы – кажуху, валёнках, шапцы-аблавусе. 


Партфель, які трымае ў руках паэт, выдае вясковага інтэлігента-настаўніка. Уражвае сур’ёзны позірк пісьменніка, скіраваны на гледача, ён нібыта чытае твае думкі. Напэўна, такім чынам мастак хацеў падкрэсліць, што Якуб Колас выйшаў з народа і з’яўляецца сапраўдным народным пісьменнікам. Цікава, што аўтарству Янкі Кашкеля належаць сяброўскія шаржы яшчэ на некалькіх дзеячаў беларускай культуры – на лепшага сябра і паплечніка Якуба Коласа Янку Купалу, на роднага дзядзьку Якуба Коласа, вядомага беларускага грамадскага дзеяча і мовазнаўцу Язэпа Лёсіка, на беларускага паэта і празаіка Уладзіміра Дубоўку, з якім Якуб Колас быў добра знаёмы. Янка Кашкель таксама з’яўляецца ілюстратарам казкі для дзяцей “Два маразы”, якая выйшла ў апрацоўцы Якуба Коласа ў Мінску ў 1928 годзе ў Белдзяржвыдавецтве.

Яшчэ адзін смешны партрэт Якуба Коласа быў намаляваны вядомым савецкім мастаком-графікам, ілюстратарам і карыкатурыстам Барысам Іванавічам Антаноўскім у 1934 годзе, незадоўга да заўчаснай смерці мастака, які пражыў вельмі мала – 43 гады. Антаноўскі скончыў юрыдычны факультэт Новарасійскага ўніверсітэта, мастацкую адукацыю атрымаў на спецыяльных курсах жывапісу і малюнка ў Адэсе, якія скончыў у 1914 годзе. Працаваць мастаком-карыкатурыстам стаў на пяць год раней – у 1909 годзе, супрацоўнічаў з такімі часопісамі як “Новый Сатирикон”, “Крокодил”, “Смехач”, “Бегемот”, “Огонёк” і іншымі. Нагодай для з’яўлення шаржа на Якуба Коласа стаў І Усесаюзны з’езд пісьменнікаў, які адбыўся ў Маскве ў жніўні 1934 года. У склад дэлегацыі беларускіх пісьменнікаў акрамя Якуба Коласа ўвайшлі такія вядомыя дзеячы беларускай літаратуры як Янка Купала, Міхась Лынькоў, Змітрок Бядуля, Пятрусь Броўка і іншыя. Прамова Якуба Коласа на з’ездзе пад назвай “Пути белорусской литературы” была надрукавана  ў газеце “Известия” 24 жніўня 1934 года. У гэтым жа выданні выйшаў шарж на Якуба Коласа, а таксама на Горкага, Новікава-Прыбоя, Рыльскага, Твардоўскага, Маршака і многіх іншых пісьменнікаў. Арыгінал графічнага малюнка Якуба Коласа Антаноўскага захоўваецца ў Дзяржаўным музеі гісторыі расійскай літаратуры імя У.І. Даля ў Маскве.  


Шарж Галіны Дакальскай выйшаў у друку 11 кастрычніка 1936 года ў газеце “Літаратура і мастацтва” з нагоды 30-годдзя літаратурнай дзейнасці Якуба Коласа. 


Галіна Дакальская – беларуская мастачка, сястра артысткі Купалаўскага тэатра Біруты Дакальскай, вядомай па ролі Паўлінкі ў аднайменнай п’есе Янкі Купалы. Галіна Дакальская скончыла Віцебскі мастацкі тэхнікум (1932 г.), для яе творчасці характэрныя шырокі стылявы дыяпазон – ад абстракцыянізму да натуралізму, зварот да беларускай гісторыі і культуры, у тым ліку і да творчасці класіка беларускай літаратуры.

Сяброўскі малюнак мае вершаваны подпіс: 

Пяро і слова – твая зброя,

Яе не любіць вораг наш.

Прымі ж, паэт, парад герояў,

Якім камандуе Талаш.

На шаржы класік беларускай літаратуры прадстаўлены ў смешным выглядзе – з вудай і шчупаком за плячыма, з нізкай грыбоў сярод галоўных герояў сваіх твораў – “Дрыгва”, “Тоўстае палена”, “Савось-распуснік”,  “Міхасёвы прыгоды” і іншых. Такі вобраз песняра не выпадковы, бо Якуб Колас любіў вудзіць рыбу і збіраць грыбы, жартаўліва называў сябе “міністрам грыбной гаспадаркі”. Малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч успамінаў, што бацьку часам выпадала назбіраць за адзін раз больш за 500 баравікоў. 


Анатоль Валянцінавіч Волкаў – беларускі мастак, працаваў у сатыры (карыкатура, плакат), кніжнай і станковай графіцы, жывапісе. Супрацоўнічаў з такімі выданнямі як “Раздавім фашысцкую гадзіну” (1944–1945 гг.), “Вожык” (1945–1980 гг.). Ілюстраваў кнігі Якуба Коласа “Новая зямля” (1958 г.) і “Дзед Талаш” (1971 г., на ўкраінскай мове). Цікава, што яго бацька Валянцін Віктаравіч Волкаў, народны мастак Беларусі, аўтар партрэта Якуба Коласа (1959 г.), а Анатоль Волкаў – навагодняга шаржа на Якуба Коласа, што выйшаў у “ЛіМе” ў 1940 годзе.

Волкаў Валянцін Віктаравіч. Партрэт Якуба Коласа.1959 г.

Шарж на Якуба Коласа Волкава Анатоля Валянцінавіча

У фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа захоўваюцца графічныя партрэты вядомага рускага паэта і перакладчыка твораў класіка на рускую мову Сяргея Мітрафанавіча Гарадзецкага.

Якуб Колас і Сяргей Гарадзецкі, 1947 г.

Прадстаўленыя работы хутчэй за ўсё адносяцца да жанру сяброўскіх замалёвак, а не шаржаў, бо іранічны кампанент адсутнічае, але яны вельмі цікавыя і вартыя ўвагі. Графічныя партрэты Якуба Коласа былі зроблены Сяргеем Гарадзецкім у час знаходжання беларускага паэта ў Маскве ў 1940-я гг.  




Яшчэ адзін шарж на класіка належыць аўтарству Дзмітрыя Красільнікава – таленавітага мастака-графіка, члена Саюза мастакоў БССР (1946 г.). Ён скончыў Маскоўскі паліграфічны інстытут (1933 г.), у 1930-я гады працаваў  ілюстратарам шэрагу маскоўскіх часопісаў, у гады Другой сусветнай вайны – супрацоўнік беларускага выдання “Раздавім фашысцкую гадзіну”, з 1945 г. – мінскага часопіса “Вожык”. Шарж “Цуд на Нёмане” Красільнікава выйшаў у часопісе “Полымя” ў 1947 годзе з нагоды першай публікацыі паэмы Якуба Коласа “Рыбакова хата” ў гэтым жа часопісе (друкавалася часткамі з 1946 г.). Шарж мае вершаваны подпіс Тараса Палясоўшчыка:

Там іншыя цягалі

Маляўку з шумным гоманам

Закінуў сець у хвалі

Рыбак стары над Нёманам

І вось… рукой умелаю

Ён цягне… хату цэлую.

Яна далёка свеціць

Ваконцамі вясёлымі

Яна не тоне ў Леце

І не гарыць у “Полымі”.


Яшчэ адзін шарж, на гэты раз групавы, намаляваў Сяргей Рыгоравіч Раманаў – беларускі мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1966 г.), які працаваў у тэхніцы станковай і кніжнай графікі, жывапісе. Ён аўтар ілюстрацый да аповесці Якуба Коласа “Дрыгва”. Шарж выйшаў у навагоднім нумары газеты “Літаратура і мастацтва” за 1 студзеня 1949 года, які быў прысвечаны 30-годдзю БССР. На ім Якуб Колас кіруе калгасам “Новая зямля”, ён выступае на паседжанні ў “Рыбаковай хаце” перад героямі сваіх твораў і чытачамі. Пятрусь Броўка ідзе з вялікім партфелем з “Роднага дома” да “Роднае хаты”, каб адтуль аглядаць “Родныя берагі”, на якіх буйна красуе беларуская літаратура. Аркадзь Куляшоў капае “Новае рэчышча”, імкліва нясе Івана Шамякіна “Глыбокая плынь”. Максім Танк пасадзіў на кургане дрэва, на якім выраслі яго творы – паэма “Янук сяліба”, зборнік вершаў “Вастрыце зброю”. На граніцы нясуць варту “Нёманскія казакі”  Янка Брыль і Янка Маўр, іх са свайго бліндажа перасцерагае Міхась Лынькоў – “Пільней трымайцеся на граніцы! “Навальніца” яшчэ не скончана”. Шарж можна разглядаць вельмі доўга, бо на ім намаляваны і многія іншыя беларускія пісьменнікі, ёсць звароты да іх твораў, і гэта сведчыць аб тым, што мастак быў добра знаёмы з беларускай літаратурай. 


Аўтар наступнага шаржа – Іосіф Ігін , вядомы савецкі мастак-карыкатурыст, які стварыў шаржы на многіх савецкіх дзеячаў літаратуры і мастацтва. Не абмінуў ён увагай і асобу класіка беларускай літарататуры. Шаржы Іосіфа Ігіна друкаваліся ў розных часопісах, у тым ліку і ў “Кракадзіле”. Разам са сваім сябрам паэтам Міхаілам Святловым у 1962 годзе ён выдаў зборнік смешных малюнкаў на вядомых дзеячаў культуры, кніга выйшла пад назвай “Музей сяброў”. Да малюнкаў Ігіна Святлоў прыдумаў подпісы-характарыстыкі ў вершах. Шарж на Якуба Коласа падпісаны так:

Уже давно решен вопрос

Что он и ко ́лос и коло ́сс


Цікава, што мастак пазнаёміўся з творчасцю Якуба Коласа яшчэ ў школе, а значна пазней яму выпала шчасце сустрэць і самаго паэта. Гэта адбылося ў 1954 годзе. Ігін успамінаў: “После одного из утренних заседаний Второго съезда писателей группа белорусских литераторов пригласила меня пообедать с ними в ресторане гостиницы, где остановилась их делегация.

– Надо бы зайти за Якубом Коласом, – сказал один из делегатов.– Странно, что его не было сегодня на съезде…Братцы, да ведь он уже здесь. Но что же он ищет под столом?

Навстречу нам поднялся почтенного возраста человек. В руке у него был кусочек черного хлеба.

– Надо же было случиться такому греху, – смущенно сказал он. – Уронил хлеб…

Он сдул невидимую пыль с хлебного ломтика и положил его возле своего прибора.

– Ну что вы, Константин Михайлович, – сказал кто-то. – Ведь на столе полно хлеба. Стоило ли вам затрудняться?

– Затрудняться?! – ответил Колас. – Нет, батенька, вы, кажется, не то слово сказали. Это теперь у нас хлеба полно. А раньше мой народ веками обливался за него потом и слезами. Кровью платил, чтобы стать его хозяином. Ну ладно,– перебил он сам себя. – Вы лучше расскажите, о чем говорилось на съезде. Я прихворнул и не выходил из гостиницы”.

Іосіфу Ігіну таксама запомніліся расповеды аб дзялянцы жыта, якое расло каля сядзібы Якуба Коласа ў Мінску. Паэт беражліва даглядаў яе, а з васількоў, што раслі ў жыце, рабіў невялікія букеты і дарыў сябрам.


Яшчэ адзін цікавы шарж, на гэты раз групавы, належыць аўтарству Яўгена Маркавіча Ганкіна  – беларускага мастака, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1968 г.), які працаваў у станковай і кніжнай графіцы, сатырычным малюнку, жывапісе. 

Шарж выйшаў у часопісе “Вожык” у верасні 1954 года з нагоды Трэцяга з’езда пісьменнікаў БССР. Ён прысвечаны шэрагу беларускіх пісьменнікаў, узначальвае працэссію “ваякаў з пяром” Якуб Колас, за ім Кандрат Крапіва, Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Пятро Глебка і іншыя.


Рэдакцыя часопіса пад шаржам змясціла верш, які пачынаецца наступнымі радкамі:

Сягоння векапомны дзень:

На з’езд свой армія ідзе,

Хоць невялікая па ліку,

Ды кожны з іх, таварыш мой,

Ці-то малы, ці-то вялікі,

Літаратурны выйграў бой.

К штыху прыроўнены іх пёры,

Аб гэтым знае друг і вораг

Сябры-пісьменнікі, я вас

Вітаю шчыра ў добры час! 

Цікава, што мастак сустракаўся з класікам. У фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа захоўваецца графічны партрэт Якуба Коласа, які быў намаляваны Яўгенам Ганкіным па ўспамінах сустрэчы з паэтам, якая адбылася ў кастрычніку 1936 года. 


На 60-годдзе літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа беларускі карыкатурыст і шаржыст, член Беларускага саюза мастакоў, супрацоўнік газеты “СБ. Беларусь сёння” Алег Карповіч падарыў музею некалькі сваіх работ. Адна з іх была намалявана на 80-годдзе беларускага мастака, аўтара ілюстрацый да паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” (2002 г.), кніг “З майго летапісу”(1967 г.) і “Вершы” (1972 г.) Васіля Пятровіча Шаранговіча. На шаржы два таленты – класік беларускай літаратуры Якуб Колас і народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч – намаляваны ў час сяброўскай сустрэчы. 


Усе шаржы можна будзе ўбачыць на выставе “Шарж на класіка” ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, прымеркаванай да Дня гумару.

Васіліна Міцкевіч, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, праўнучка Якуба Коласа і Янкі Маўра


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter