Шарыкі за грошыкі

Нават мяцеліца не замінае прадаваць па 50 марожаных у дзень

Нават мяцеліца не перашкаджае прадаўцу марожанага рэалізоўваць каля 50 порцый халоднага ласунку ў дзень

Улетку за дзень у аднаго прадаўца мінчане купляюць каля сямі кілаграмаў марожанага. Зімой гэтая лічба змяншаецца амаль удвая. Каб паглядзець на тых, хто і ў мінус дзесяць прагне прахалоды, карэспандэнт «Р» напрасілася ў памочнікі да Анастасіі Карытнік, буфетчыцы гандлёвага цэнтра «Кунцаўшчына».

Адзін-два шарыкі — і на мароз

Мая «адысея» пачалася роўна ў дзесяць раніцы. Мы з Насцяй апранаем шэрыя берэты і фартухі і чакаем першых наведвальнікаў. Побач — два халадзільнікі з марожаным. Пакуль кліентаў няма, прадавец бяжыць у суседняе кафэ за кубкам гарачай вады, у якую потым акунае лыжку.

— Цяпер марожанае да лыжкі не будзе прыставаць, і ляпіць з яго роўныя шарыкі атрымаецца значна прасцей, — кажа Анастасія.

На гадзінніку ўжо амаль адзінаццаць, а «купцоў» нешта не бачна.

— Часцей за ўсё ў першай палове дня бывае не больш пяці чалавек, — гаворыць Насця. — А вось пасля абеду пачынаецца сапраўдны ажыятаж. Таму вафельных ражкоў заўсёды рыхтую дзесьці на пяцьдзясят порцый.

— А што за марожанае «Бачо»? — перарывае нашу размову малады чалавек.

— Вам па-італьянску або па-руску растлумачыць? — жартуе Анастасія. — У перакладзе гэтая назва азначае «пацалунак». У ім спалучаюцца смак шакаладу і фундуку. Часцей за ўсё гэта марожанае з кавалачкамі арэхаў.

Рабочы дзень пачаўся весела, але пажартаваць гэтак можна не з усімі пакупнікамі.

— Узнікаюць і непаразуменні, — працягвае прадавец. — Учора малады чалавек папрасіў, каб я зрабіла яму марожанае з пяці шарыкаў. Вось толькі ў вафельны ражок іх больш за тры не ўмяшчаецца. Імкнулася яму растлумачыць, а ён у адказ: «Прынясіце кнігу скаргаў». Спачатку я вельмі перажывала, затое потым знайшла адказ на будучыню: «Па норме не паложана! Астатняе бярыце на лыжцы».

Праз некалькі хвілін каля халадзільнікаў з’яўляюцца яшчэ двое кліентаў. Бяруць чарнічнае марожанае і, не баючыся халоднага надвор’я, ідуць з ласункам на мароз.

— Зімой звычайна людзі купляюць па аднаму, радзей — па два шарыкі, летам — два-тры, — працягвае субяседніца. — На маёй памяці толькі аднойчы ў мінус 20 дзяўчына набыла ражок з трыма шарыкамі ды яшчэ шэсць папрасіла загарнуць з сабой.

Дарэчы, ахвотнікаў з’есці марожанае на холадзе няшмат. Таму пакупнікам прапаноўваюць запакаваць ласунак у спецыяльную пластмасавую форму, каб распачаць яго дома.

1200 грамаў на шэсць гадзін

Ужо бліжэй да абеду людзей становіцца больш. Збіраецца невялічкая чарга. Большасць з пакупнікоў — школьнікі, якія, бачна, вяртаюцца з заняткаў.

Вось праходзіць міма нас маці з двума дзецьмі. Хлопчык, больш старэйшы, моўчкі аглядае вітрыну здалёк, а дзяўчынка гадоў пяці не вытрымлівае і цягне маці за руку.

— Ну хоць адзін шарык купі, — выпрошвае на хаду малеча. Ды як такой адмовіш.

Нечакана з’яўляецца вольная хвілінка.

— Трэба прывесці да ладу вітрыну, — дае мне заданне Анастасія. — Крыху пратры шкло, а пасля формачкі з марожаным. А я потым далажу новага, каб тавар прывабны выгляд меў.

Продаж марожанага прымушае прадаўцоў быць заўсёды гатовымі да ўсякай сітуацыі.

— Вельмі важна трымаць халадзільнікі ў належным стане, — падкрэслівае субяседніца. — Аднойчы я прыйшла на работу, а адзін з іх зламаўся. Марожанае растала і перамяшалася. Прыйшлося выкінуць амаль тры кілаграмы.

— Шарык «Бубл-гам», калі ласка, — працягвае грошы інтэлiгентны дзядуля.

— Гэты мужчына, падобны да прафесара, — пастаянны кліент, — расказвае пасля Насця. — Наведваецца да нас тры-чатыры разы на тыдзень за марожаным для ўнучкі. Бывае, што і з ёй прыходзіць.

Цікава, што «Бубл-гам» падабаецца ўсім дзецям, якія хоць бы аднойчы пакаштавалі яго. Таму часцей, канечне, яго раскупляюць школьнікі. І тутэйшыя буфетчыцы амаль кожны тыдзень заказваюць пяцікілаграмовую ўпакоўку гэтага ружова-блакітнага ласунку.

Увогуле, гадзін за шэсць, пакуль я гандлявала побач з Анастасіяй, марожаным пачаставаліся сямнаццаць чалавек, купілі яны 25 шарыкаў ласунку — гэта прыкладна 1200 грамаў. Для параўнання, улетку за адзін дзень людзі купляюць каля пяці—сямі кілаграмаў, на цэлы сезон прыходзіцца па 60—70 кілаграмаў.

Пры такім халодным надвор’і, як зараз, не ўсякі хоча марозіцца не толькі звонку, але і ўнутры. Аднак я, як сапраўдная ласуха, вырашыла не адмаўляцца і выпрабаваць на сабе цудоўны смак дзяцінства. Дарэчы, калі на дварэ мінус шэсць, есці марожанае гэтак жа смачна, як і ў спёку.

------------------------------------

Каментарый у тэму

Таццяна КРАСНЮК, начальнік аддзела ўпраўлення арганізацыі спажывецкага рынку харчовых тавараў Міністэрства гандлю:

 У адрозненне ад зімы летам продаж марожанага вырастае ў два-тры разы. Толькі ў прошлы летні сезон ва ўсёй краіне раскупілі каля 6 тысяч тон марожанага, на 13 працэнтаў болей, чым у мінулым годзе. Асартымент прадукцыі пастаянна пашыраецца. Вось, напрыклад, Магілёўская фабрыка марожанага, якая ў гэтым годзе атрымала прэмію ў галіне якасці, мае ў асартыменце каля шасцідзесяці найменняў прадукцыі. Гродзенская — вырабляе звыш сотні відаў, прычым асартымент штогод папаўняецца больш чым дваццаццю навінкамі.

------------------------------------

На здымку: пакуль на вуліцы мяла мяцеліца, у нас з Анастасіяй КАРЫТНІК купілі 17 шарыкаў марожанага.

Фота: Ганна БУРАК

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter