Шануй слова, як хлеб

Арганізатарам i ўдзельнiкам яно запомнiцца сваёй напружанасцю i шалёным рытмам падчас падрыхтоўкi да мерапрыемства, калi на ўлiку была практычна кожная хвiлiнка. Пакiдалi ж Хойнiкi госці са светлым пачуццём смутку ад блiзкага дакранання да велiчы гiсторыi, якую ў вобразах i асобах змаглi ажывiць таленавiтыя артысты хойнiцкай зямлi.

Хойнікі перадалi эстафету Ганцавiчам…

Арганізатарам i ўдзельнiкам яно запомнiцца сваёй напружанасцю i шалёным рытмам падчас падрыхтоўкi да мерапрыемства, калi на ўлiку была практычна кожная хвiлiнка. Пакiдалi ж Хойнiкi госці са светлым пачуццём смутку ад блiзкага дакранання да велiчы гiсторыi, якую ў вобразах i асобах змаглi ажывiць таленавiтыя артысты хойнiцкай зямлi.

Адкрыццё…

На ўрачыстым адкрыццi свята на Цэнтральнай плошчы горада намеснік прэм’ер-міністра Беларусi Уладзiмiр Патупчык адзначыў, што Дзень пiсьменнасцi аб’ядноўвае старонкi багатай гiсторыi i намаганнi пакаленняў суайчыннiкаў, якiя шанавалi i неслi свету беларускую мову, збераглi культурную спадчыну, стварылi асветнiцкiя цэнтры, залажылi фундамент далейшага духоўнага развiцця радзiмы.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон назваў свята «вялiкай нацыянальнай падзеяй». Па яго словах, пiсьменнасць з’яўляецца сiмвалам духоўнасцi нацыi i фундаментам яе культуры.

— А таму наша галоўная задача, як удзячных нашчадкаў i патрыётаў Айчыны, — захаваць мову, што звязвае часы, пакаленнi i брацкiя народы, — зазначыў ён.

Напэўна, больш за ўсiх у гэты дзень хваляваўся i адначасова ганарыўся сваiм горадам старшыня Хойнiцкага райвыканкама Аляксандр Бiчан, якi выказаў упэўненасць у тым, што дзякуючы святу на радзiме Iвана Мележа, па-першае, яго творы набудуць больш моцнае гучанне, па-другае, «пра наш горад, багаты сваiмi працоўнымi i культурнымi традыцыямi, будуць ведаць далёка за межамi краiны».

— А самая галоўная адметнасць Дня беларускага пiсьменства заключаецца ў тым, што шануецца i не забываецца родная мова, — лiчыць кiраўнiк раёна. — I гэта — узор дзяржаўнага клопату аб развiццi нацыянальнай культуры i духоўнасцi, наглядны прыклад любовi не толькi да роднага слова, але i да сваёй культуры, да Бацькаўшчыны.

Гiсторыя i сучаснасць

Пачынаючы з 1998 года Дзень пiсьменства традыцыйна праводзiўся ў гарадах, якiя з’яўляюцца гiстарычнымі цэнтрамі культуры, навукi, лiтаратуры i кнiгадрукавання. У iх лiку — Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвiж, Орша, Пiнск, Заслаўе, Мсцiслаў, Мiр, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь. Хойнiцкая зямля таксама дала нямала таленавiтых людзей. Але імя народнага пiсьменнiка Беларусi Iвана Мележа, бадай, самае знакамiтае. Яго трылогiя «Палеская хронiка» стала класiкай еўрапейскай літаратуры.

Напярэдаднi

Мерапрыемствы Дня беларускай пiсьменнасцi пачалiся яшчэ напярэдаднi Дня ведаў. Iх па добрай традыцыi адкрыла рэспублiканская навукова-асветнiцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподня. У складзе экспедыцыi — вядомыя дзеячы навукi, культуры i мастацтва, настаўнiкi, прадстаўнiкi мiнiстэрства i духавенства. Iх благаславiў у шлях Мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi Фiларэт, Патрыяршы Экзарх усея Беларусi, якi надае гэтай экспедыцыi важнае значэнне. Яе ўдзельнiкi прайшлi праз святое Поле i вёску Паручын Баранавiцкага раёна, пасёлак Гарадзея Нясвiжскага раёна Мінскай вобласцi, Петрыкаў, Нароўлю, пасёлак Камарын i Лоеў на Гомельшчыне.

Свята на радзiме Мележа

5 верасня ў Хойнiках святочны дзень пачаўся з пасадкi i асвячэння Саду Малiтвы, потым адбыўся хросны ход да Пакроўскай царквы i святочны Малебен.

Галоўным месцам правядзення свята стала цэнтральная гарадская плошча i гарадскi парк. У парку, акурат перад сядзібай, апошнімі гаспадарамі якой былі заможныя Аскеркі, адбылося адкрыццё скульптурнай кампазiцыi “Па старонках твораў Iвана Мележа”. Як паведамiлi арганiзатары свята, спачатку планавалася, што кампазіцыя будзе складацца з васьмі фігур, але ж урэшце сышліся на чатырох. Ганна, Васіль, Хведзька і маці Васіля стаяць на мележаўскім рукапісе кожны на сваёй купіне.

Адкрываючы скульптурную кампазiцыю, мiнiстр культуры Рэспублiкi Беларусь Павел Латушка адзначыў:

— Сёння свята ўсіх, хто неабыякавы да роднага слова, да роднай культуры. Кожны народ стварыў хаця б адзін твор геніяльны, і гэтым геніяльным творам з’яўляецца мова. Як геніяльным з’яўляецца слова, пачынаючы ад Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага ці Францыска Скарыны, лірыкі Багдановіча, класікі Купалы і Коласа, гістарычнай праўды Караткевіча і Быкава. Зразумела, што да гэтага выключнага слова належыць і творчасць вельмі важнай асобы для нашай краіны — пісьменніка з вялікай літары — Івана Мележа. Іван Мележ так казаў пра «Палескую хроніку»: «Прыйшло заданне напісаць кнігу, героем якой быў бы народ. Людзі, якіх чамусьці называюць простымі, кнігу, у якой бы цудоўнае жыло ў звычайным, трагізм у велічным». І сапраўды быў створаны велічны твор — твор аб Палессі, аб палешуках, аб тых лю- дзях, якія жывуць на гэтай зямлі. Твор, які нельга назваць рэгіянальным. Яго можна назваць нацыянальным. Але належыць ён не толькі беларускаму народу, належыць ён еўрапейскай культурнай спадчыне. Сёння дзякуючы гэтаму манументу мы кажам словы пашаны выбітнай асобе, выбітнаму чалавеку — Івану Мележу і яго цудоўнай трылогіі «Палеская хроніка».

«Сядзібны дом »

Напэўна, самым прыгожым i запамiнальным для гараджан i гасцей свята стала адкрыццё музейнага комплексу «Сядзiбны дом» — архiтэктурнага помнiка канца ХIХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Тут нiбыта ажыла сама гiсторыя з яе самымi яркiмi i значнымi падзеямi, пачынаючы з 1512 года, калi ўпершыню мястэчка Хвойнiчак узгадваецца ў складзе Брагінскага графства Вялікага княства Літоўскага. У сямі залах музея па крупiцах сабраны нават самыя дробныя рэчы паўсядзённага быту i адлюстраваны значныя эпахальныя падзеi мiнулага стагоддзя акурат да сённяшняга часу. Не забыты трагiчны 1986 год аварыi на Чарнобыльскай АЭС, воiны-афганцы, якiя загiнулi, выконваючы свой iнтэрнацыянальны абавязак, вызначаны таксама станоўчыя тэндэнцыi ў прамысловым сектары раёна.

Тут жа, у сядзiбе, адбылася цэрымонiя гашэння паштовай маркi “Герб Хойников” i мастацкага канверта з арыгiнальнай маркай “День белорусской письменности в г. Хойники”, якiя былi выпушчаны з нагоды свята Мiнiстэрствам сувязi i iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь.

Жыхары i госцi горада мелi магчымасць пазнаёмiцца з лепшымi творамi сучасных мастакоў Гомельшчыны, а на сцэне новага Летняга амфiтэатра адбылося ўшанаванне пераможцаў нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнiгi-2010» i рэспублiканскага конкурсу на лепшы твор у галiне паэзii, прозы, драматургii, лiтаратурнай крытыкi i дзiцячай лiтаратуры. Лепшыя кнiгi, кнiгавыдавецтвы i аўтары атрымалi свае «Залатыя фалiянты» i «Залатыя Купiдоны».

На завяршэнне свята яго гасцям была прадстаўлена абноўленая версiя рок-оперы «Курган» на музыку народнага артыста Беларусi Iгара Лучанка па матывах паэмы народнага паэта Янкi Купалы, якой у гэтым годзе спаўняецца 100 год. Адбылася ўрачыстая перадача эстафеты наступнаму Дню беларускага пiсьменства, якi пройдзе ў 2011 годзе ў г. Ганцавiчы Брэсцкай вобласцi.

На стэндзе «БН»

Дастойна на гэтым свяце была прадстаўлена і “Белорусская нива”. Стэнд нашай газеты не пуставаў ні хвіліны. Хтосьці падыходзіў, каб атрымаць свежы нумар ці кнігу, якая расказвала пра гісторыю выдання, некаму хацелася атрымаць адказ на яго пытанне з вуснаў галоўнага рэдактара Сяргея Міховіча, яшчэ нехта хацеў пазнаёміцца з журналістамі “БН”. Не абмінулі наш стэнд і афіцыйныя асобы. Цёплыя словы ў адрас старэйшай сялянскай газеты выказалі ў час сустрэчы намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Патупчык, міністр культуры Павел Латушка, міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў.

Наталля ВАКУЛIЧ, «БН»

 НА ЗДЫМКАХ: Дзень беларускай пісьменнасці ў Хойніках; выступае намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір ПАТУПЧЫК; ажывалі старонкі гісторыі ў «Сядзібным доме»

Фота аўтара і БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter