Інтарэс міжнародных фінансавых арганізацый да рэалізацыі праектаў у Беларусі расце

Шанцы для інвестараў:аптымістычны прагноз

Конрад Паўлік
Інтарэс міжнародных фінансавых арганізацый да рэалізацыі праектаў у Беларусі расце. Такое меркаванне выказаў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Конрад Паўлік у Мінску на семінары для польскіх інвестараў.

“Апошнім часам мы назіраем узрастаючы інтарэс міжнародных фінансавых арганізацый да рэалізацыі праектаў у Беларусі. Спадзяёмся, што паляпшэнне эканамічнага становішча ў Беларусі будзе садзейнічаць павышэнню крэдытнага рэйтынгу краіны, што ў сваю чаргу дапаможа ў далейшым інтэнсіфікаваць польска-беларускія эканамічныя адносіны”, — адзначыў Конрад Паўлік.

На яго думку, інтарэс міжнародных фінансавых арганізацый да Беларусі звязаны не толькі з праблемамі ў іншых краінах рэгіёна, якія да гэтага часу былі атрымальнікамі сродкаў Еўрапейскага банка рэканструкцыі ды развіцця, Сусветнага банка або Міжнароднай фінансавай карпарацыі. “Тое, што міжнародныя эканамічныя арганізацыі бачаць патэнцыял Беларусі ды перспектывы для сумесных праектаў, не здзіўляе. Гэта сведчыць, што шанцы на далейшыя станоўчыя змены ў функцыяванні эканомікі краіны ацэньваюцца аптымістычна не толькі намі. Галоўнае, каб рыторыка рэформ пераходзіла ў рэальныя дзеянні”, — лічыць ён.

Конрад Паўлік прапанаваў польскім кампаніям актыўней карыстацца магчымасцямі, якія прапаноўваюць міжнародныя арганізацыі ў Беларусі. Ён упэўнены, што гэта надасць дадатковы імпульс для яшчэ больш дынамічнага развіцця польска-беларускіх эканамічных адносінаў, эфектыўнага выкарыстання існуючага патэнцыялу.

Конрад Паўлік станоўча ацаніў выкарыстанне Беларуссю магчымасцяў, якія прадастаўляе польская банкаўская сістэма і Карпарацыя страхавання экспартных крэдытаў (KUKE). 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter