Шаноўныя слухачы!

Вяртаемся ў мінулае на гукавой машыне часу

Вяртаемся ў мінулае на гукавой машыне часу

Нібыта героі фантастычных раманаў Рэя Брэдберы, зараз мы слухаем музыку на вуліцах і ў транспарце праз “ракушкі” — навушнікі, “урубаем музон” дома на камп’ютары, а радыёкропкі і магнітафоны, не кажучы пра патэфоны і прайгравальнікі, усё часцей апынаюцца на сметніку. У дзяцінстве я вельмі любіла слухаць на музычнай радыёле казкі, запісаныя на чорную вінілавую пласцінку. Калі вы апошні раз трымалі такую ў руках? Для нашых бабуль і дзядуляў доўгі час прайгравальнік быў музыкай на хатніх святах. Карэспандэнт “НГ” вырашыла даведацца, якія ж рэдкія аўдыяфайлы з мінулага захоўвае Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў. А таксама спытаць ў жывых сведкаў, пад якую музыку танцавалі беларусы больш за паўвека таму. Падставай для даследавання стаў фотаздымак з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.

Летапіс у гуках

У Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў знаходзіцца больш за 15,6 тысячы адзінак захоўвання фонадакументаў. Гэта своеасаблівая гукавая гісторыя мінулага нашай краіны, дагэтуль мала даследаваная, адзначае намеснік дырэктара БДАКФФД Алена Грыневіч. Архіў — адзінае ў краіне месца захоўвання аўдыявізуальных дакументаў, якія ілюструюць гісторыю нашай краіны на працягу больш як ста гадоў. Так, самы стары фонадакумент — пласцінка с запісам 1903 года (перазапісана ў 1983 годзе) “Са скарбніцы сусветнага выканальніцкага мастацтва, І. Алчэўскі, Л. Кляменцеў, опера Ж. Бізэ “Кармен”.

Крыху з гісторыі грамзапісу. У 1888 годзе немец Э. Берлінер вынайшаў грамафон — цуд стагоддзя, і пачалася эпоха масавай культуры. У 1907 годзе супрацоўнік французскай фірмы “Патэ” Гільён Кемлер прапанаваў удасканаліць грамафон. Яго ідэя палягала ў тым, каб змясціць рупар унутр корпуса грамафона.

Галасы мінулага

Адзін з цікавых “раздзелаў” фонаархіва — запісы прамоў і выступленняў кіраўнікоў партыі і ўрада, а таксама запісы выступленняў выдатных дзеячаў навукі, літаратуры і мастацтва. Сярод іх — прэзiдэнт Акадэмii навук Беларускай ССР Мікалай Барысевіч, Якуб Колас, Янка Купала, Васіль Купрэвіч і іншыя. Толькі ўявіце: мы можам пачуць голас Купалы, запісаны ў 1940 годзе ў час яго выступлення на вечары, прысвечаным 85-годдзю з дня смерці Адама Міцкевіча. Крыху стомлены, са своеасаблівым акцэнтам голас чалавека, які шмат перажыў у сваім жыцці, — гэта сапраўдны голас эпохі.

Некаторыя аўдыязапісы ілюструюць гістарычныя падзеі. Напрыклад, у архіве захаваўся запіс выступлення народнай артысткі СССР Ларысы Александроўскай пра першую пастаноўку оперы Яўгена Цікоцкага “Алеся” (7 лютага 1974 года). У аснове сюжэта оперы — адносіны двух закаханых, Сяргея і Алесі, у часы партызанскай барацьбы ў Вялікую Айчынную вайну: “Спектакль мы паказалі нашаму гледачу ў Мінску ў 1944 годзе. Яшчэ вайна ішла, а ў нас ужо была зроблена опера. У той час глядач наш быў асобы. Людзі прыходзілі да нас у той (ваеннай) вопратцы і  часам са зброяй, таму што вайна. Яны прыходзілі не толькі як слухачы, а як непасрэдныя ўдзельнікі. Яны прыходзілі да нас за кулісы, і ў нас працягваўся спектакль за кулісамі. І яны нам расказвалі, што правільна, што вось гэта точна так было, а чалавек з другога партызанскага атрада нам казаў: “А ў нас было па-іншаму”.

Як паслухаць гэтыя цікавыя аўдыязапісы? Да наступнага года супрацоўнікі БДАКФФД плануюць падрыхтаваць даведнік па фонадакументах архіва, у папяровым і электронным варыянтах. Упершыню ў якасці дадатку да гэтага даведніка плануецца зрабіць аўдыядыск, на якім будзе размешчана каля трыццаці фрагментаў найбольш цікавых запісаў з калекцыі.

Надзея і вера

Чаму нам так падабаюцца старыя чорна-белыя фотаздымкі? Вядомы драматург і артыст Яўген Грышкавец у адным са сваіх спектакляў адказаў так: на гэтых здымках была надзея. Паглядзіце на гэтае “поўнае надзеі” фота, датаванае 1958 годам. Паводле анатацыі, на ім мы бачым сям’ю Салаўёвых, супрацоўнікаў  Віцебскага станкабудаўнічага завода імя Кірава ў час адпачынку. Вельмі сціплая інфармацыя, ды і прозвішча досыць распаўсюджанае. Аднак мне ўдалося знайсці хоць не саміх членаў гэтай сям’і, а чалавека, які іх ведаў. Гэта 85-гадовы ветэран працы, які амаль сорак гадоў аддаў Віцебскаму станкабудаўнічаму заводу, Валянцін Мікалаевіч Грыбушкін. Ён распавядае:

— Я памятаю Васіля Салаўёва, ён працаваў на прадпрыемстве шафёрам. У сям’і было чацвёра дзяцей: дзве старэйшыя дачкі і два сыны. Дочкі працавалі ў вымяральнай лабараторыі завода, абедзве пайшлі замуж. Адну, здаецца, звалі Луіза. Зараз сярод жывых са старэйшага пакалення той сям’і, здаецца, застаўся толькі адзін сын, аднак дзе яго шукаць, я не ведаю.

Што гэта за скрыня?

Але вернемся да нашай тэмы аўдыязапісаў. Што маглі слухаць члены гэтай сям’і на невялікім патэфоне? Па меркаванні загадчыцы аддзела дзяржаўнага ўліку і навукова-даведачнага апарата БДАКФФД Алы Кот, у 1958 годзе яны маглі танцаваць, слухаючы фантазіі на тэмы беларускіх народных песень у выкананні Дзяржаўнага народнага аркестра БССР. У 80-гадовай жыхаркі Валожына Ніны Фёдараўны Галіеўскай свае цікавыя ўспаміны, звязаныя з патэфонам:

— У 1939 годзе, пасля аб’яднання Беларусі, у наш горад прыехала аўталаўка з Мінска, прадавалі розныя рэчы. Мой тата ўбачыў там патэфон і купіў яго.  Спачатку ў нас было ўсяго шэсць пласцінак. Такі быў цуд, цікавіліся ім усе, прыходзілі да нас паслухаць музыку.

Цікава склаўся далейшы лёс патэфона.

— У час вайны нас бамбілі, шафу, у якой ляжаў патэфон, мы вынеслі на вуліцу разам з іншымі рэчамі, каб не згарэлі, — расказвае  Ніна Фёдараўна. — Аднак бомба ўпала каля самага дома і шафа разляцелася, а патэфон захаваўся цэлым у гародзе! Пласцінкі разляцеліся па ўсёй вуліцы, іх нам прыносілі назад суседзі. І пасля вайны да нас прыходзіла шмат людзей на святы паслухаць патэфон, хто скакаў, хто падпяваў. Калі ў 1953 годзе я працавала ў аддзеле культуры, наш патэфон граў там перад кінасеансамі. Потым, у 1954-м, я аддала яго на вяселле адной дзяўчыне, у якой іншай музыкі не было. Напэўна, ён і зараз працуе.

Аўтар выказвае падзяку дырэктару Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Віктару Васільевічу Баландзіну за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter