Маладыя літаратары ад 18 да 30 гадоў могуць паўдзельнічаць у міжнародным літаратурным конкурсе “Першацвет”, які ў Беларусі праводзіцца ўпершыню

Шанец для таленавітых

Маладыя літаратары ад 18 да 30 гадоў могуць паўдзельнічаць у міжнародным літаратурным конкурсе “Першацвет”, які ў Беларусі праводзіцца ўпершыню

Конкурс літаратараў будзе штогадовым і, лічаць арганізатары (Міністэрства інфармацыі, рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Выдавецкі дом “Звязда”, выдавецкае прадпрыемства “Мастацкая літаратура”), дапаможа адкрываць новых таленавітых аўтараў. Ужо ідзе першы прыём твораў. Пра тонкасці справы можна больш даведацца на сайце Мінінфармацыі. У бліц-інтэрв’ю для партала sozvuchie.by , які прысвечаны літаратуры і публіцыстыцы краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў, галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Святлана Дзянісава сцвярджае: “Сам факт аб’яўлення такога конкурсу павінен пераканаць маладога літаратара: напісанае варта паказаць прафесіяналам, а не толькі сябрам і родным”.

Што важна: у конкурсе могуць паўдзельнічаць таксама і замежныя грамадзяне. На конкурс прымаюцца паэтычныя і празаічныя творы, якія не публікаваліся раней і не ўдзельнічалі ў іншых конкурсах. Аб’ём твора пры тым не павінен перавышаць трох аўтарскіх аркушаў. Кожны ўдзельнік конкурсу мае права накіраваць арганізатарам толькі адзін твор на рускай альбо на беларускай мове. Іх разгледзіць экспертны савет. Аўтараў дзесяці паэтычных і дзесяці празаічных твораў, якія набралі найбольшую колькасць балаў, ён прызнае пераможцамі конкурсу.

Не спазніцеся: матэрыялы прымаюцца ў электронным выглядзе па адрасе projects.zviazda@gmail.com з 1 сакавіка па 30 кастрычніка ўключна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter