Шампанскае для міліцыянера

А ў мяне вялікая радасць! Нядаўна жонку адвёз у бальніцу — у радзільнае аддзяленне.

Не паспеў вярнуцца дадому, як прыбег сусед Міцька і з парога загарлапаніў:

— Віншую цябе, Федзя! Маладзец! Не мінула і трох месяцаў з дня шлюбу, як у цябе жонка раджаць будзе. Лоўка атрымалася. Прама хуткаспелка нейкая… Відаць, па новай тэхналогіі… Падзяліся вопытам! А каб Бог паслаў табе сыночка, налівай! Па поўненькай!

Селі за стол. Цяпнулі па чарцы, а потым — па другой… Здалося — мала… Давялося паставіць яшчэ пляшку. І назюзюкаліся! Не помню, як адключыліся. На ўсю ноч. А калі праспаліся, зноў селі за стол. Добра «ўзялі на грудзі». Міцька мне кажа:

— Схадзіў бы ты, Федзька, у бальніцу, у радзілку, а то прыбаўленне празяваеш.

Я паслухаўся. Купіў фруктаў, дзве пляшкі шампанскага, цукерак дарагіх, і пасунуліся мы ў бальніцу.

Але, тут жонка Міцькава — хваць яго за каўнер і пацягнула дамоў. Я з п’янкі разгубіўся, крычу:

— Дзе тая бальніца, Міцька?

— Ды мы амаль дайшлі, вунь будынак трохпавярховы. Вось туды і дуй!

Падыходжу я, значыцца, да будынка. На вокнах — краты. «Навошта? — думаю. — Каб немаўляткі не разбегліся? Ці каб мужыкі ўнутр не ўварваліся?» Задраў угору галаву і закрычаў:

— Лю-ся-я! Дзе ты?! Кім парадуеш?! Сынок ці дачушка?!

Тут раптам як з-пад зямлі ўзнікае міліцыянер. Капітан. Паглядзеў ён на мяне, як пракурор на злодзея, і грозна пытаецца:

— Ты чаго гвалт узняў? Што табе трэба?

— Жонцы перадачу прынёс, — прамармытаў я. — А ты хто такі? Што тут робіш? Жанчын вартуеш?

— Я дзяжурны па аддзяленні, — адрэкамендаваўся капітан і пацікавіўся: — А калі Люську забралі?

— Сёння вечарам.

— Гора тваё зразумець можна, але навошта так напівацца, што раніцу з вечарам пераблытаў. Яшчэ толькі 10 гадзін націкала… А якое ж злачынства ўчыніла жонка? Цяжкае?

— Ага, таварыш капітан, — пагадзіўся я. — Цяжкае. Бо важыць не менш чатырох пудоў. А каб падняць яе, трэба сілу мець. Інакш — апраставалосішся… Як роднаму брату прызнаюся — Люська не вінаватая. Гэта я яе падбухторыў…

— Учыніць злачынства? — твар дзяжурнага пакрыўся расінкамі поту.

— Так, спадар начальнік, так.

— Значыць, і цябе неабходна пасадзіць у «абязьяннік»! Як саўдзельніка!

— Не трэба... Пашкадуйце, — узмаліўся я. — Мяне ж Люська чакае. Я ж вітаміны прынёс... Яна вельмі любіць іх. Перадайце, калі ласка, вось гэтую «авоську».

— А што ў ёй?

— Кветкі, фрукты і шампанскае. Адна пляшка вам, а другая — жонцы.

— Ты з глузду з’ехаў?! — абурыўся дзяжурны. — Во прыдумаў! Кветкі і шампанскае — злачынцы? Па статуту не дазволена. I не прасі, і не малі! Не магу выканаць тваю просьбу. Бо хачу стаць маёрам. Але ёсць запасны варыянт: бяжы да начальніка міліцыі. Бухніся ў ногі і папрасі... Мо і дазволіць   сустрэцца    з     Люськай.

Пачуўшы пра начальніка міліцыі, вочы ў мяне зрабіліся па яблыку. Пастаяў трошкі, пашкроб патыліцу ды і кажу ласкава:

— Таварыш капітан, вы жартуеце ці здзекваецеся з мяне? Божа мой, Божа! I што гэта за парадкі?! Да чаго мы дажыліся?! Каб убачыць жонку, трэба пакланіцца ў ногі начальніку... А можа, мая Люська не дачакалася мяне і ўжо радзіла?! Я знайду на вас управу! Да міністра дайду!

— Супакойся, даражэнькі, і не петушыся, — звярнуўся да мяне міліцыянер. — А лепш патлумач: дзе твая жонка?

— Ну і тупагаловы! Нічога не сячэш! — успыліў я і дадаў: — Як дзе? У радзільным аддзяленні...

— А ты, галубчык, трапіў у райаддзел міліцыі, — залыбіўся капітан і ад смеху схапіўся за жывот. А я стаяў і выціраў слёзы з вачэй. Ад крыўды.

Вельмі спагадлівы аказаўся міліцыянер — не пасадзіў мяне ў КПЗ. А я яму за гэта аддаў торбу з шампанскім і паплёўся дамоў.

Перад сном «заліў за каўнер». А назаўтра раніцай звоніць мне жонка па тэлефоне:

— Ты што гэта, Федзя, завёз мяне ў бальніцу і носа не паказваеш?

Я разгубіўся дый ляпнуў:

— Няма часу. Дзіця замочваю.

— Якое дзіця! Ахламон! Мяне ж на прафілактыку палажылі, вітамінамі фаршыруюць...

Ой, зноў заляцеў я дык заляцеў. Больш кроплі гарэлкі ў рот не вазьму.

Мікола ПАДАБЕД, г. п. Бялынічы

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter