Аб чым пісала «Сельская газета» 60 год таму

Шаманiн сее у калгасе iмя Сталiна

У 1955 годзе СМІ надрукавалі зварот ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР да перадавых работнікаў прадпрыемстваў, навуковых устаноў, партыйных, камсамольскіх і прафсаюзных арганізацый краіны аб узмацненні адстаючых калгасаў кіруючымі кадрамі. Многія беларусы адгукнуліся на гэты заклік. “Першымі добраахвотнікамі сталі работнікі Мінскага трактарнага завода: начальнік цэха І. Зданюк, начальнік змены М. Дзееў, старшы майстар В. Ларын, інжынер М. Вярхоўская. У партыйныя органы Віцебскай вобласці трапіла звыш 140 заяў ад грамадзян з просьбай накіраваць іх на работу ў адстаючыя калгасы. Сярод іх — навуковыя работнікі ветэрынарнага інстытута С. Макоўкін, Т. Несцераў, П. Канапелька, І. Грыцэнка, Н. Ермаловіч, В. Ляпёшкін. Усе добраахвотнікі даюць слова апраўдаць давер працоўных калектываў, абяцаюць аддаць усе сілы і веды справе пад’ёму сельскай гаспадаркі”.


“У Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце адбыўся першы выпуск маладых спецыялістаў — аграномаў і заатэхнікаў. Яны выязджаюць на працу ў МТС і саўгасы Беларусі, а таксама ў раёны асваення цалінных земляў Казахстана”, — пісала газета.

На Брэстчыне напачатку красавіка нарошчвалі тэмпы сяўбы. “Трактарная брыгада М. Карпешука з Камянецкай МТС працуе на сяўбе ў калгасе імя Сталіна (на здымку). Агрэгатам з трох сеялак умела кіруе малады трактарыст Мікалай Шаманін. Механізатары ўжо закончылі сяўбу аўса і пачынаюць сяўбу пшаніцы. У гэтым годзе справа ідзе больш арганізавана, чым мінулай вясной. Зерне падвозяць своечасова, паліва дастаткова. Калгаснікі разам з механізатарамі энергічна рыхтуюцца да сяўбы кукурузы. У гэтым годзе частка папарнага поля будзе занята пад гэтую культуру, што на 15 працэнтаў павялічыць валавыя зборы зерня. У бліжэйшыя дні ў калгасе будзе пачата пасадка бульбы квадратна-гнездавым спосабам”. 

“У Клімавіцкім раёне праходзіць фестываль сельскагаспадарчых фільмаў. Кінамеханік Таццяна Крысанава паказала ўжо сельскаму гледачу такія фільмы, як “Грэчка”, “Механізацыя працаёмкіх работ у жывёлагадоўлі”, “Збожжа на пясках”, ”Комплексная механізацыя палявых работ” і многія іншыя. 15 сельскагаспадарчых фільмаў прадэманстраваў  калгаснікам Хатавіжскага, Дамамерыцкага і Кісялёва-Будскага сельскіх Саветаў кінамеханік Васіль Касценка. Дэманстрацыя фільмаў суправаджаецца лекцыямі і дакладамі”. 

“Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута энергетыкі Акадэміі навук БССР кандыдат тэхнічных навук І. Л. Любошыц стварыў новую ўстаноўку для скарасной сушкі збожжа. Устаноўка складаецца з сушыльнай трубы, у якой збожжа награваецца, шахты для ахаладжэння і топкі. Дзякуючы ўздзеянню вентылятара, збожжа з вельмі высокай хуткасцю перамяшчаецца ў трубе. Такая сушка з наступным ахала- джэннем паўтараецца некалькі разоў. Чаргаванне кароткатэрміновага нагрэву і ахаладжэння ахоўвае збожжа ад перагрэву і механічных пашкоджанняў. Павышаюцца яго насенныя якасці, знішчаюцца шкоднікі. Увесь працэс сушкі працягваецца не больш за 25—30 хвілін, што ў некалькі разоў хутчэй за звычайныя спосабы. Новая ўстаноўка дазваляе механізаваць і перадпасяўную цеплавую пераапрацоўку насення. Распрацавана некалькі варыянтаў новай сушылкі з прадукцыйнасцю ад адной да васьмі тон у гадзіну”. 

На працягу першага красавіцкага тыдня ў БССР праходзіў агляд сельскай мастацкай самадзейнасці. Усяго ў беларускіх вёсках налічвалася ў той час 6 тысяч самадзейных калектываў, у якіх удзельнічала 80 тысяч чалавек. У рэспубліканскім аглядзе прынялі ўдзел пераможцы, якія прайшлі адбор на раённых, а пасля — абласных этапах. “Добра працуюць члены льнаводчага звяна калгаса “Зара камунізма” Любчанскага раёна, якім кіруе Ніна Коўзелева. Яе звяно — удзельнік Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі 1954 года. Звяно атрымала на плошчы 7,5 гектара па 7,8 цэнтнера льносемя і па 7,3 цэнтнера валакна з гектара. Любяць ільнаводы і песні. Усе яны з’яўляюцца ўдзельнікамі калгаснага хору. Разам з імі спяваюць таксама даяркі Феафанія Пыжык, Марыя Емельяновіч, Алена Стасевіч і іншыя калгасніцы. Гэты харавы калектыў разам з 17 іншымі стаў удзельнікам рэспубліканскага этапа агляду сельскай мастацкай самадзейнасці”, — пісала “Калгасная праўда”. 

Падшыўкі гартала Юлія БАЛЬШАКОВА, “СГ”

bolshakova@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter