Вясна, вада і новыя трубы: з 10 мая ў краіне пачынаюцца планавыя адключэнні гарачай вады

Сезон, вада і новыя трубы

Штогод з вясны да восені ў краіне праводзяцца планавыя рамонтныя работы на цепласетках, з гэтым і звязана часовая адсутнасць гарачай вады ў кватэрах. Камунальнікі рыхтуюцца да новага ацяпляльнага сезона і паэтапна абмяжоўваюць водазабеспячэнне ў дамах з цэнтралізаваным ацяпленнем. Для спажыўцоў гэта як візіт да стаматолага — не надта прыемна, але ж абысціся без яго ніяк нельга: лепш тыдзень-другі пабыць без цёплага душа летам, чым застацца без ацяплення зімой.

Каб не дастаўляць гараджанам нязручнасцей, прафілактыку, рамонт і перакладку труб робяць не больш чым за 14 дзён
фота day.kh.ua

Перыяд планавага адключэння гарачай вады ў дамах складае не больш за 14 сутак. За гэты час трэба паспець выканаць шэраг работ. Па-першае, правесці гідраўлічныя выпрабаванні сеткі пад пэўным для кожнага ўчастка і віду труб ціскам. Выяўленыя пры гэтым пашкоджанні труб неабходна ліквідаваць. Акрамя прафілактычных і рамонтных работ на кацельнях, цэнтральных цеплавых пунктах, насосных станцыях, праводзіцца работа і па планавай перакладцы трубаправода. На гэты сезон УП «Мінсккамунцепласеткі» запланавана замена 54 км цеплавых сетак там, дзе сыходзіць тэрмін службы труб. Замест састарэлых фізічна і маральна труб цепласетак укладваюцца эканамічныя, удасканаленыя — папярэдне ізаляваныя. Гэта канструкцыя са стальной або пластыкавай трубы, пакрытай пенаполіўрэтанавай ізаляцыяй і закладзенай у вонкавую поліэтыленавую або ацынкаваную абалонку. Дзякуючы такой шматслойнай «вопратцы» трубы надзейна абаронены ад уздзеяння знешняга асяроддзя, механічных пашкоджанняў і перамярзання. Стальныя трубы звычайна выкарыстоўваюцца ў сістэме ацяплення, а пластыкавыя, або так званыя МДФ-трубы, — у сістэме гарачага водазабеспячэння.  

Марк Кагановіч, начальнік аддзела падрыхтоўкі і правядзення рамонтаў УП «Мінс­к­камунцепласеткі», падкрэслівае: 

— Перакладка цепласетак не звязана з паўторным адключэннем вады. Каб не дастаўляць нязручнасцей жыхарам горада, мы замяняем трубы паступова, на невялікіх участках, і ўкладваемся ў той жа 14-дзённы тэрмін, прызначаны для плана­вай прафілактыкі. 

Ужо з 2 мая гарачая вада адсутнічае ў некаторых дамах за МКАД: на вуліцах Красіна і Паўлоўскага, а таксама на тэрыторыі воінскіх часцей 31802 і 2007. З 10 мая расклады сеансаў у банях і наяўнасць гарачай вады ў родных і сяброў зацікавяць жыхароў вуліц Берута, Багдановіча, Волаха, Грушаўскай, Усходняй і іншых. З падрабязным перелікам іх можна азнаёміцца на сайце Мінгарвыканкама.

nevmer@mail.ru 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter