«Сею на сваё поле чужое зерне і гляджу, як прарасце...»

У творчасці Міколы Мятліцкага (на здымку) — вядомага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Я. Купалы, галоўнага рэдактара часопіса «Полымя» перакладчыцкая дзейнасць займае значнае месца. Яго радкамі на беларускай мове загучалі вершы паэтаў многіх краін свету — азербайджанскіх, польскіх, казахскіх, турэцкіх, канадскіх, іспанскіх, індыйскіх, кубінскіх, балгарскіх, венгерскіх, рускіх, латышскіх, украінскіх, чылійскіх, грузінскіх... «Добра прайшоўся па зямным шары», — жартуе пісьменнік.
У творчасці Міколы Мятліцкага (на здымку) — вядомага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Я. Купалы, галоўнага рэдактара часопіса «Полымя» перакладчыцкая дзейнасць займае значнае месца. Яго радкамі на беларускай мове загучалі вершы паэтаў многіх краін свету — азербайджанскіх, польскіх, казахскіх, турэцкіх, канадскіх, іспанскіх, індыйскіх, кубінскіх, балгарскіх, венгерскіх, рускіх, латышскіх, украінскіх, чылійскіх, грузінскіх... «Добра прайшоўся па зямным шары», — жартуе пісьменнік.




Адна з апошніх яго работ — пераклады твораў ста самых адметных паэтаў Кітая пачынаючы з далёкай старажытнасці, IV стагоддзя да нашай эры, і заканчваючы ХХ стагоддзем, якія прадстаўлены ў зборніку «Пад крыламі Дракона».
Што такое мастацкі пераклад? Ці кожнаму ён пад сілу? І, нарэшце, як гэта робіцца? Пацікавімся ў прызнанага майстра слова.
— Мікалай Міхайлавіч, чаму выбар выпаў менавіта на кітайскую паэзію?
— На Усход у перакладчыцкай дзейнасці я скіраваўся не ўпершыню. Перад гэтым адкрыў для сябе паэзію Індыі, перакладаў многа паэтаў Таджыкістана, пасля выйшаў зборнік перакладаў майго любімага казахскага паэта Абая Кунанбаева «Стэпавы прастор». Можна сказаць, што з прастораў Казахстана я душою ўжо бачыў Вялікую Кітайскую сцяну, і мне рупілася творча зазірнуць за яе. Таму з вялікай цікавасцю наведаў Прэзідэнцкую бібліятэку, сабраў усё, што выдавалася і ў Расіі, і ў нас з кітайскай паэзіі, і, чытаючы, быў проста ашаломлены цэлым іканастасам імёнаў дасюль невядомых мне кітайскіх аўтараў, якія сёння сталі ўжо зразумелымі і вельмі дарагімі.
— Што ж так уразіла?
— Раней уся паэзія Усходу, блізкага і далёкага, мне здавалася нейкай адцягненай, абстрактнай. Але калі сутыкнуўся з паэзіяй Кітая, убачыў, наколькі яна рэалістычная, гістарычная. Уявіце: пісьмовая паэзія Кітая існуе ўжо 24 стагоддзі! Гэта значыць, яшчэ да нашай эры людзі пісалі вершы, і яны дайшлі да нашага часу. Яны гля¬дзелі на тыя ж зоркі і месяц, захапляліся хараством хрызантэмы і лотаса, любаваліся прыродай, думалі пра свой дом, агарод... А які боль, пакуты ў радках, калі наступала скруха, колькі трывогі за заўтрашні дзень, калі заканчвалася існаванне царстваў... Усё гэта блізкае, знаёмае і нам, сённяшнім насельнікам Зямлі, якія ўжо нават забыліся, што да нас жылі папярэднікі з такімі ж чалавечымі марамі, надзеямі і хваляваннямі. Наогул, уражвала многае. Скажам, самы знакаміты кітайскі паэт Тао Юаньмін, які адыграў у станаўленні кітайскай літаратуры, літаратурнай мовы такую ж ролю, якую ў свой час у рускай — вялікі Пушкін, жыў яшчэ напрыканцы IV стагоддзя! Уявіце, наколькі пазней з’явіліся ў нашай літаратуры Купала, Колас, Багдановіч, ва ўкраінскай — Шаўчэнка. Ці чытаеш вершы тысячагадовай даўнасці, аўтары якіх скардзяцца, маўляў, ці паспею за жыццё прачытаць напісаныя кнігі, якіх цэлыя вазы, і думаеш: а што было тым часам у нас...
Калі суадносіш культуру і літаратуру Кітая, гэтую стыхію цывілізаванага жыцця, з нашым часам, яшчэ больш думаеш аб тым, як, на жаль, мала мы ведаем пра другія народы, пра іх літаратуру, паэзію. Мне хацелася, каб Кітай прыйшоў на Беларусь у абліччы ста лепшых сваіх паэтаў. Каб гэтая кніга адкрыла Кітай у яго гістарычнай рэтраспекцыі, яго духоўнай перспектыве, бо гэта сапраўды магутная паэзія магутнага народа. Мне хацелася прайсці праз усе стагоддзі і эпохі, пабачыць, як мяняліся думкі, якія трывогі прыходзілі, якія радасці былі.
— Чым прываблівае паэтаў жанр перакладу?
— Пераклад — гэта самаўзбагачэнне і самаўдасканальванне для паэта, вя¬лікая практыка і вялікая творчая лабараторыя. І ў той жа час гэта важная місія. Ты пашыраеш рамкі не толькі свайго ўласнага творчага вопыту, але прымнажаеш, не баюся гэтага пафаснага слова, набыткі айчыннай літаратуры. Ні адна літаратура цывілізаванага свету не можа быць самазамкнутай, варыцца толькі ў сваіх нацыянальных праблемах развіцця. Жыць у доме з зачыненымі вокнамі — значыць не адчуваць свежага паветра. Калі мы раскрываем вокны насустрач другім літаратурам, да нас прыходзіць паветра з усяго свету, са сваімі пахамі, водарамі...
Наогул, праца над паэтычным перакладам дае незабыўныя ўражанні. Гэта вялікая ўнутраная справа, напружаны творчы працэс, але і вялікая асалода. Ты чытаеш паэта і бы трапляеш у яго пакой, бачыш, чым ён жыў ці жыве, адчуваеш яго час, само паветра. Ты бы ўваходзіш у сусвет іншага чалавека і пачынаеш дакладна яго разумець. І ты даеш яму магчымасць нарадзіцца нанова ў іншай моўнай стыхіі. Гэта цуд, што існуе пераклад.
— Каб перакладаць, абавязкова ведаць мову арыгінала?
— Гэта не пашкодзіла б. Але можна ісці і праз рускія пераклады ці лепш — праз дасканалы падрадкоўнік. Што датычыць маіх перакладаў з кітайскай, то мне вельмі дапамагалі супрацоўнікі Інстытута Канфуцыя БДУ. Наогул жа, так ці інакш, але паэты ўсяго свету гавораць на адной мове — на мове пачуцця, той духоўнай напругі, якая зразумелая ўсім. Паэзія — гэта музыка, яна гучыць. Калі ты пачуеш яе мелодыку, адчуеш сэрцам, прымеш, то зможаш і пераўвасобіць. Тая ж паэзія Кітая настолькі трапяткая, пачуццёвая. Яна як росная галінка бэзу, на якую можна глядзець з усіх бакоў і адчуваць хараство, якое прарастае праз слой мінуўшчыны. І сёння, чытаючы старажытную паэзію Кітая, разумееш, што яна ні на адну іскрыну не зблякла ад часу.
Я вельмі стараўся захаваць дух Кітая ў нашай беларускай моўнай стыхіі.
— Што, на вашу думку, самае важнае ў працы над перакладам?
— Важна даць паэту магчымасць застацца самім сабой. Ты не можаш яго замясціць. Ты не можаш падняцца над ім або, не дай Бог, прынізіць яго гучанне, зрабіць нешта самастойнае. Ён павінен застацца тым, кім ён быў ці ёсць у сваім часе. Каб ён з табой гаварыў, а не ты з ім. Каб не ты яму дыктаваў, а ён табе. Менавіта так я адношуся да творчасці ўсіх тых паэтаў, якіх перакладаю. А перакладаю я тых, хто блізкі мне па душы, каго я прымаю, хто прарастае ва мне, гаворыць ва мне сваім голасам, сваім словам. Сею чужое зерне на сваё поле і гляджу, як яно прарасце.
— І хто «прарастае» зараз?
— Нядаўна закончыў перакладаць класіка туркменскай літаратуры Махтумкулі. З яго вершамі працаваў упершыню і адкрыў цэлую скарбніцу мудрасці. Не змагу абмінуць і такую знакавую падзею, як 200-годдзе з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі. Мне, як чалавеку, які вырас на беларуска-ўкраінскім памежжы, яго творы вельмі родныя і блізкія. Дарэчы, яшчэ ў студэнцкія гады, як быў у Кіеве, купіў вялікі том «Кабзар» на ўкраінскай мове, дык і цяпер, праз гады з вялікай асалодай перачытваю.
— Дарэчы, а ў Кітаі вы бывалі?
— Пакуль толькі ў марах, думках і снах. Але ганаровае запрашэнне маю, так што, спадзяюся, ажыццяўлю пры нагодзе гэтае цудоўнае падарожжа.

Ірына СВІРКО, «Р»
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter