Агрогородок Сейловичи - богатое наследие Несвижского района

Сейлавічы: эстафета моцных гаспадарчых рук

Ля вытокаў невялікай рэчкі Тур’я, у баку ад ажыўленых магістралей, на перакацістых пагорках раскінуліся нясвіжскія Сейлавічы. Захавалася паданне пра назву паселішча, як адважная дзяўчына паехала па дровы і ў лясным гушчары ўбачыла хаціну. Зазірнула ў акенца, а там некалькі чалавек золата-срэбра дзялілі. Яна зразумела, што гэта рабаўнікі. Ціха завязала клямку дзвярэй, каб яны не выскачылі. Цурбалкам стала грукаць у сцяну і гучна клікаць людзей. Збянтэжаныя злодзеі праз вокны кінуліся наўцёкі. Смелая дзяўчына памчалася за тым, што нёс мяшок. Доўга гнала яго, пакуль уцякач не выдыхаўся. Бегучы па полі, ён рассеяў скарб. Людзі сталі тую мясціну абжываць і паселішча назвалі Сейлавічамі. 

Упершыню вёска пісьмова ўзгадваецца ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага 1586 года. Уладальнік нясвіжскай ардынацыі Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка падараваў каталіцкаму прыходу зямельны надзел вакол маёнтка Сейлавічы. Да пачатку ХVІІІ стагоддзя гэтыя землі належалі магнатам. У 1772 годзе Ганна Радзівіл аддала іх у леннае валоданне мясцовай шляхце. 

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Сейлавічы, у якіх пражывала паўтысячы сялян, адышлі да нясвіжскай ардынацыі Слуцкага павета Расійскай імперыі. 

У ХІХ стагоддзі вёску ўпрыгожыў драўляны касцёл Сэрца Ісуса, які захаваўся да нашага часу.

У 1921 годзе згодна з Рыжскім мірным дагаворам Сейлавічы ўвайшлі ў склад Нясвіжскага павета Навагрудскага ваяводства буржуазнай Польшчы. 

Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР вёска стала цэнтрам сельсавета Нясвіжскага раёна Баранавіцкай, а з 1954 года — Мінскай абласцей. Сяляне арганізаваліся ў калгас. Мірнае жыццё перарвала вайна. 

Помнікам увекавечана памяць пра землякоў, якія загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

У пасляваенныя гады аднавіў дзейнасць калгас «Світанак», рэфармаваны ў ААТ «Сейлавічы». Цэнтральная сядзіба — вёска Сейлавічы атрымала статус аграгарадка.


ДЗЯЖУРНАЯ Таццяна Шульга ў вестыбюлі вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа, адкуль пачалася мая вандроўка па нясвіжскім аграгарадку Сейлавічы, прапанавала апрацаваць рукі антысептыкам. Пандэмія ўскалыхнула чалавецтва. Адменены міжнародныя турыстычныя маршруты. На жаль, па-ранейшаму з розных куткоў свету паступаюць несуцяшальныя звесткі. Каранавірус не ведае межаў. Важна кожнаму быць максімальна пільным, у першую чаргу да асабістай гігіены. 

Школа працуе ў звычайным рэжыме. З дырэктарам Валерыем Казубоўскім прайшлі па светлым калідоры аднапавярховага мураванага будынка. У навучальных кабінетах вяліся заняткі. Ажыўленне панавала ў спартыўнай зале. Урок фізкультуры праводзіў выпускнік школы Сяргей Таратута. Пасля заканчэння Нясвіжскага дзяржпедкаледжа ён вярнуўся дамоў настаўнічаць. Прывёз з сабою жонку. Дар’я Сяргееўна — педагог-дэфектолаг. Маладыя жывуць у бацькоў Сяргея Аляксандравіча. Чакаюць чаргі на будаўніцтва кааператыўнай кватэры ў райцэнтры. Большасць настаўніцкіх сем’яў жыллё атрымалі ад гаспадаркі.

Дырэктар вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа Валерый КАЗУБОЎСКІ (у цэнтры) са старшакласнікамі.

Настаўнік Сяргей ТАРАТУТА праводзіць з вучнямі ўрок фізкультуры.

Педагогамі вярнуліся ў родную школу былыя яе выхаванцы Алена Багдановіч, Кацярына Сапон, Алена Казубоўская. Папаўняюць выпускнікі і калектыў ААТ «Сейлавічы». Механізатарамі працуюць Аляксандр Шульга, Яўген Таратута, Аляксандр Серада, аграномам — Дзмітрый Храмцэвіч. Адразу пасля заканчэння сярэдняй школы пайшоў даглядаць жывёлу Сяргей Чарнюк. Займеў сям’ю. Жонка Юлія — педагог. Трое дзяцей падрастаюць ў іх. Па дзяржаўнай праграме падтрымкі шматдзетных сем’яў пабудавалі ўласны дом у Нясвіжы. Будзе жыллё для кагосьці з дзяцей. Сяргей і Юлія не збіраюцца пакідаць Сейлавічы.

Жывёлавод Сяргей ЧАРНЮК.

Маладымі сем’ямі прырастае аграгарадок. Дзедаву хату абнавілі і жывуць там Настасся і Кірыл Макавозы з гадавалай дачушкай Ксеніяй. Пакінутыя дамы ў вёсках гара­джане выкупаюць пад лецішчы. Усе тры гаспадаркі, размешчаныя на тэрыторыі сельсавета, пастаянна будуюць жыллё. 

Амаль дваццаць катэджаў упрыгожылі ў Сейлавічах вуліцы Кветкавую і Цэнтральную. Летась васьмікватэрны дом заселены працаўнікамі ААТ «Сейлавічы». Сярод навасёлаў — жывёлаводы, механізатары і галоўны інжынер гаспадаркі Яўген Пазняк. Будаўнікі Нясвіжскай ПМК-218 узводзяць жылыя дамы для шматдзетных сем’яў жывёлавода Алены Дрэма і палявода Наталлі Гарадкавец. Мы завіталі на будоўлю, дзе кіпела праца. Кранаўшчык Анатоль Гаціла ледзьве паспяваў падаваць мулярам цэментны раствор, цэглу. Бетоннымі плітамі перакрыты першы паверх.

Кранаўшчык ПМК-218 Анатоль ГАЦІЛА на будаўніцтве жылога дома. 

Сельсавет пасля аптымізацыі аб’яднаў тры аграгарадкі і 12 вёсак. Яго спецыялісты выяўляюць пакінутыя сядзібы, і пасля юрыдычных працэдур пабудовы зносяцца. За мінулы год ачысцілі для паўторнай забудовы 7 участкаў. Сёлета плануецца перадаць пад паўторнае будаўніцтва 5 сядзіб. Тры новыя катэджы летась узведзены агракамбінатам «Нясвіжскі». За бюджэтныя сродкі па дзяржаўнай праграме «Чыстая вада» ў Сейлавічах пабудавана станцыя абезжалезвання і воданапорная вежа. Дзякуючы будаўніцтву жылля ў аграгарадку не меншае колькасць дзяцей. 

Больш за два дзясяткі выхаванцаў у дзіцячым садзіку, які дзейнічае пры школе. Колькасць вучняў у апошнія гады не мяняецца. Кожную раніцу спецыяльным аўтобусам Іван Кавальскі падвозіць на заняткі школьнікаў з суседніх вёсак Кунаса і Андрушы. 

Старшакласнікі на ўроках знаёмяцца з уводзінамі ў аграрную прафесію. Заняткі па прафарыентацыі праводзяць спецыялісты гаспадаркі. Летам для школьнікаў ладзіцца працоўны лагер. Пад кіраўніцтвам настаўніцы Вікторыі Сачук школьнікі на збожжавым полі праводзяць міжвідавую праполку, а ў жніво дапамагаюць дарослым пералапачваць зерне.

Сейлавіцкія юныя шахматысты.

ШЭФСТВУЮЦЬ вучні над ваеннымі помнікамі аграгарадка. У брацкай магіле на каталіцкіх могілках навечна спачывае сям’я народных мсціўцаў Некрашаў. Юныя краязнаўцы сабралі звесткі пра мужных братоў Адама і Станіслава Некрашаў, якія змагаліся з гітлераўцамі ў партызанскім атрадзе імя Шчорса брыгады імя Чапаева. У 1943 годзе акупанты даведаліся пра іх дзейнасць і расстралялі іх бацьку Адама Іванавіча. Зімою 1944 года ў час партызанскай аперацыі загінуў Станіслаў, а праз паўгода аддаў сваё жыццё ў барацьбе з ворагам Адам. У пасляваенныя гады ўдзячныя землякі перазахавалі братоў Некрашаў і іх бацьку ў брацкую магілу. Слухаючы расповед кіраўніка мясцовай улады пра гераічных землякоў, падумалася, што яны вартыя, каб адна з вуліц аграгарадка была названа ў іх гонар.

Летась да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у сейлавіцкім скверы ўрачыста адкрылі помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. На мармуровай пліце выбіты прозвішчы 29 франтавікоў.

Старэйшая жыхарка Алена Кувалдзіна памятае, як у першую пасляваенную вясну ўсёй вёскай дружна выйшлі ў поле. Зямлю аралі коньмі. Калгас толькі ўсталёўваўся. Тэхнікі не было ніякай. Косамі і сярпамі ўбіралі збажыну. На ферме кароў даілі ўручную. Да выхаду на пенсію Алена Міхайлаўна даглядала цялят. Заатэхнічную службу гаспадаркі ў тыя гады ўзначаліла выпускніца Сапоцкінскага саўгаса-тэхнікума Ніна Бутрымовіч. У мінулым месяцы яна адзначыла 80-годдзе. Кіраўніцтва гаспадаркі павіншавала Ніну Уладзіміраўну. 

Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Ніна БУТРЫМОВІЧ.

НА яе прыгожы падворак завіталі з кіраўніком мясцовай улады Васілём Чычко і старшынёю прафсаюзнага камітэта ААТ «Сейлавічы» Кацярынай Андрайчук. Паабапал ходнікаў, выкладзеных ад веснічак да парога прыгожага дома, каравулам выстраіліся вечназялёныя туі. Пад вясновымі промнямі сонца ажыў высцелены зялёны газон. На парозе нас сустрэла з кавенькаю ў руках здзіўленая нечаканым гасцям гаспадыня. Пры­зналася, што рада чарговай вясне. Пакуль сама ўпраўляецца накарміць курэй і сабаку. Кожныя выхадныя з Мінска прыязджае дачка Таццяна з зяцем Анатолем. Яны дабудавалі веранду, правялі газ і ваду ў дом, уладкавалі падворак. 

Старшыня сельвыканкама Васіль ЧЫЧКО.

Старшыня прафкама Кацярына АНДРАЙЧУК і дырэктар ААТ «Сейлавічы» Аляксандр КАСПЕР. 

Узгадала Ніна Уладзіміраўна пра сваё нялёгкае дзяцінства. Выпала яно на ваеннае ліхалецце. Бацьку свайго не памятае. Да вайны ён памёр. Маці з гадавалай дачушкай засталіся ўдзвюх. Іх хутар стаяў паміж карэліцкімі вёскамі Бурдзевічы і Вялікія Жухавічы. Пасля вайны да аўдавелай маці пасватаўся мясцовы майстар на ўсе рукі Андрэй Марцінеўскі. Добрае сэрца было ў яго. 

Уручную айчым вырабляў вок­ны, дзверы для мінскіх дамоў. Ездзіў у сталіцу мураваць у дамах печы, грубкі. Прывозіў пачастункі. Расказваў, як з руін аднаўляецца сталіца. Лёсам наканаваны яму быў кароткі век: прастудзіўся і памёр ад запалення лёгкіх.

Свайго будучага мужа Ніна Уладзіміраўна сустрэла ў Сейлавічах. Працаваў ён слесарам у рамонтнай майстэрні калгаса. Пажаніліся і вырашылі будаваць уласны дом. Падрасталі тры сыны і дачка. Маці дапамагала выхоўваць дзяцей. Трымалі сваю карову, свіней, хатнюю птушку. Маладая гаспадыня паспявала выконваць калгасныя справы, выкройвала час для хатніх клопатаў. Па два разы на год ездзіла на экзаменацыйныя сесіі ў Гродзенскі сельгасінстытут. 

Па вытворчых паказчыках сейлавіцкі калгас упэўнена трымаўся сярод лідараў у раёне. Галоўны заатэхнік пераймала вопыт у сноўскіх калег. Перадавым калгасам кіраваў Герой Сацыялістычнай Працы Якаў Аляксанкін. На сейлавіцкіх фермах адбіралі высокапрадукцыйных кароў для дойнага статка. Дзяржаўнымі ўзнагародамі адзначаны працоўныя поспехі Ніны Бутрымовіч. Адной з першых у Нясвіжскім раёне ёй прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі». Выбіралася дэлегатам партыйнага з’езда рэспублікі. Хапала ў жыцці і горычы. Смерць мужа падкасіла жанчыну. А неўзабаве памёр і сын Віталь. Ратавала праца. 

КАЛІ надышоў час ісці на заслужаны адпачынак, эстафету кіравання заатэхнічнай службай у Ніны Уладзіміраўны пераняў выпускнік Гродзенскага сельгасінстытута Іван Крупко. Прыемнай нечаканасцю было, што ён таксама з карэліцкіх мясцін. Малады спецыяліст хутка зарэкамендаваў сябе. Яго нестандартны погляд на многія рэчы і падзеі, лёгкасць на пад’ём, энергічнасць давалі плён. Галоўны заатэхнік смела ўкараняў на фермах гаспадаркі сучасныя тэхналогіі. Заўважна павысілася прадукцыйнасць дойнага статка. Яму даверылі кіраваць жывёлагадоўчай галіной раёна. І тут ён яскрава праявіў арганізатарскія здольнасці, як і на пасадзе старшыні Нясвіжскага, а потым Мінскага райвыканкамаў. Сёння Іван Іванавіч кіруе Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання. Заатэхнічную службу ААТ «Сейлавічы» ўзначальвае Зоя Кульманава. Па надоях малака гаспадарка сярод лепшых у раёне. Ад кожнай з 1200 кароў летась надаілі па 7700 кілаграмаў. Амаль на тону больш атрымалі ад кожнай з 600 кароў на малочна-таварнай ферме, якою загадвае Таццяна Жук. 

Галоўны эканаміст ААТ «Сейлавічы» Галіна Налівайка падлічыла: за мінулы год рэнтабельнасць вытворчасці малака звыш 60 працэнтаў. Яна пераканана, што паказчык можна яшчэ больш павысіць. Адзін з рэзерваў — паляпшэнне якасці таварнага прадукта. З 22 тон малака, рэалізуемых штодзённа, толькі 63 працэнты — гатункам экстра. 

Стабільна высокія вытворчыя паказчыкі і ў раслінаводстве. Значна папаўняе казну сельгаспрадпрыемства вытворчасць збожжа. Ура­джайнасць яго штогадова перавышае паўсотні цэнтнераў на круг. Амаль па 700 цэнтнераў дае кожны гектар цукровых буракоў. 

Вопытнага дырэктара гаспадаркі Сяргея Пілішчыка, які летась узначаліў Капыльскі райвыканкам, замяніў Аляксандр Каспер. З ім сустрэліся на веснавым полі, дзе працавала тэхніка. Аляксандр Сяргеевіч хвалюецца: важна ўтрымаць высокую планку эканамічнай дзейнасці. Часта бывае ў гаспадарцы старшыня райвыканкама Аляксандр Ломскі, цікавіцца жыццём калектыву. Калі неабходна, аказвае дапамогу маладому кіраўніку.

Праз палявую дарогу ва ўрочышчы Доннікава гара механізатар суседняга ААТ «Юшавічы» Алег Баханкевіч сеяў піваварны ячмень. За работай пасяўнога агрэгата сачылі галоўны аграном Любоў Сіманцік і выпускнік аграфака Белдзяржсельгасакадэміі Уладзіслаў Касцюкевіч. Ёсць чаму павучыцца яму ў вопытнага хлебароба. Сёлетняя сяўба для Любові Паўлаўны — саракавая, а ў пачынаючага агранома — першая.

Механізатар Алег БАХАНКЕВІЧ, аграном-насеннявод Уладзіслаў КАСЦЮКЕВІЧ і галоўны аграном ААТ «Юшавічы» Любоў СІМАНЦІК.

Землі трох гаспадарак разме­шчаны на тэрыторыі сельсавета. З сейлавіцкімі палямі мяжуюць угоддзі ЗАТ «Агракамбінат Нясвіжскі». Гас­падарка таксама ў ліку лепшых у раёне. Нездарма ў гэтыя калектывы едуць з іншых рэгіёнаў і застаюцца працаваць. 

Вось-вось цнатлівай зелянінай закрасуюць сейлавіцкія палісаднікі. Вясновы настрой пануе ў жыхароў аграгарадка. 

Нясвіжскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter