Хлебаробы ААТ «Даватарскі» Шаркаўшчынскага раёна аднымі з першых даватарцы распачалі і пасяўную

Сеялкі просяць дажджу

ХЛЕБАРОБЫ ААТ «Даватарскі» Шаркаўшчынскага раёна сабралі на круг па 32 цэнтнеры зерня...
Хлебаробы ААТ «Даватарскі» Шаркаўшчынскага раёна сабралі на круг па 32 цэнтнеры зерня. Гэта самы высокі ўраджай сярод тутэйшых гаспадарак. Аднымі з першых даватарцы распачалі і пасяўную. Праходзіць яна ў даволі складаных умовах, бо з-за доўгай засухі суглінкавыя глебы нібыта закамянелі.


На адным з палёў, напрыклад, перад тым як пусціць пасяўны агрэгат, давялося пасля ворыва двойчы апрацоўваць глебу дыскамі. А гэта лішнія выдаткі на гаручае, хутчэйшы знос і выхад са строю рабочых органаў агрэгата. Малады механізатар Яўген Максімаў зазначае, што вечарам даводзіцца праводзіць тэхнічны агляд машыны і яе рамонт, каб раніцою без праблем выехаць у поле. Нягледзячы на пэўныя    складанасці, руплівы хлебароб выдае за дзень да дзвюх нормаў, замест 15 гектараў засявае 30.


За строгім захаваннем тэхналогіі на сяўбе сочыць галоўны аграном Павел Яфімаў. Дарэчы, ён не ўседзеў на пенсіі і вярнуўся на свой пост. Больш таго, стаў летась удзельнікам рэспубліканскіх «Дажынак» і «Чалавекам года Шаркаўшчыны». Вопытны спецыяліст выдатна ведае ўсе палі, дакладна падбірае папярэднікі. А значныя плошчы, занятыя ў гаспадарцы пад канюшыну, дазваляюць не толькі кампенсаваць недахоп азоту, але і атрымоўваць добрыя вынікі ў жывёлагадоўлі.


Сёння тут дояць ад каровы больш за 17 кілаграмаў малака ў суткі, на 2 кілаграмы больш за мінулагоднія. «Малочных грошай», як сказаў дырэктар гаспадаркі Сяргей Струй, хапае не толькі на зарплату, але застаецца яшчэ трохі і на гаручае, і на запчасткі да тых жа пасяўных агрэгатаў.


У ААТ «Даватарскі» неабходна пасеяць 1200 гектараў азімых. Першая сотня ўжо ёсць. 


Сяўбу на азімым полі ў раёне пачалі таксама ў ААТ «Юдыцына», КУП СГП «Маркава».


У вобласці азімы палетак зойме 300 тысяч гектараў. Да гэтай работы падключаюцца паступова ўсе раёны. Сяўба азімага рапсу ўжо праведзена на 70 працэнтах запланаваных плошчаў і павінна завяршыцца да 28 жніўня.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter