Сей поле, пакуль чаромха не распусцілася

НЕЯК пасля вайны прыехаў з дальняга хутара ў Глыбокае селянін Іван ЗАХАРЧОНАК, а тут як тут — цыганка перад ім. Зірнула на мазолістую сялянскую руку і прадракла, што доўгім будзе век гаспадара, і дадала, што трое дзяцей яшчэ народзіцца ў яго. Збянтэжаны хутаранін ледзьве не выпаліў, што два сыны ўжо падрастаюць. Але неўзабаве нарадзіліся яшчэ адзін сын і дачка. У сямідзясятых, калі вялося масавае перасяленне хутаран, сям’я Захарчонкаў мела выбар будучай сядзібы. Спыніліся на прыгожай мясціне каля рэчкі Мнюты. Перавезлі дом і самыя неабходныя гаспадарчыя пабудовы. Побач атабарыліся іншыя хутаране. Ажыла вёска Мнюта, дзе праз дванаццаць гадоў нарадзіўся яшчэ адзін хлопчык, назвалі яго Аляксандрам. Бацька, якому было ўжо за пяцьдзясят пяць, успомніў варажбу цыганкі. Хлапчук падрастаў, вельмі любіў слухаць дзеда Дзяніса па мацярынскай лініі, гаспадара дбайнага і руплівага. Невыпадкова Аляксандр яшчэ ў школе нідзе, акрамя вёскі, не ўяўляў сябе ў будучым. Таму падаўся асвойваць прафесію трактарыста-машыніста ў Глыбоцкае прафтэхвучылішча. Адслужыў у арміі, вярнуўся на Бацькаўшчыну і прадоўжыў вучобу ў Лужаснянскім сельгастэхнікуме. Атрымаў дыплом агранома і накіраванне на працу ў родныя мясціны, дзе ўжо чвэрць стагоддзя працуе на зямлі.

Толькі цяпер асэнсоўвае бацькаўскую сялянскую мудрасць галоўны аграном філіяла Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната Аляксандр Захарчонак

НЕЯК пасля вайны прыехаў з дальняга хутара ў Глыбокае селянін Іван ЗАХАРЧОНАК, а тут як тут — цыганка перад ім. Зірнула на мазолістую сялянскую руку і прадракла, што доўгім будзе век гаспадара, і дадала, што трое дзяцей яшчэ народзіцца ў яго. Збянтэжаны хутаранін ледзьве не выпаліў, што два сыны ўжо падрастаюць. Але неўзабаве нарадзіліся яшчэ адзін сын і дачка. У сямідзясятых, калі вялося масавае перасяленне хутаран, сям’я Захарчонкаў мела выбар будучай сядзібы. Спыніліся на прыгожай мясціне каля рэчкі Мнюты. Перавезлі дом і самыя неабходныя гаспадарчыя пабудовы. Побач атабарыліся іншыя хутаране. Ажыла вёска Мнюта, дзе праз дванаццаць гадоў нарадзіўся яшчэ адзін хлопчык, назвалі яго Аляксандрам. Бацька, якому было ўжо за пяцьдзясят пяць, успомніў варажбу цыганкі. Хлапчук падрастаў, вельмі любіў слухаць дзеда Дзяніса па мацярынскай лініі, гаспадара дбайнага і руплівага. Невыпадкова Аляксандр яшчэ ў школе нідзе, акрамя вёскі, не ўяўляў сябе ў будучым. Таму падаўся асвойваць прафесію трактарыста-машыніста ў Глыбоцкае прафтэхвучылішча. Адслужыў у арміі, вярнуўся на Бацькаўшчыну і прадоўжыў вучобу ў Лужаснянскім сельгастэхнікуме. Атрымаў дыплом агранома і накіраванне на працу ў родныя мясціны, дзе ўжо чвэрць стагоддзя працуе на зямлі.

ГАЛОЎНЫМ аграномам адной з найбольш слабых гаспадарак Глыбоччыны Аляксандр Захарчонак стаў дванаццаць гадоў таму. Пасля таго, як у 2005 годзе калгас стаў філіялам Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната, адкрыліся новыя магчымасці. Замест старой малаэфектыўнай тэхнікі на палях з’явіліся сучасныя машыны і агрэгаты, што дазволіла скараціць колькасць механізатараў. Новую тэхніку даверылі самым вопытным і старанным.

— Да аб’яднання была вельмі нізкая працоўная дысцыпліна. Трактарыст мог беспрычынна не выйсці на працу. І мне нічога не заставалася, як самому на трактары выязджаць у поле, — узгадвае галоўны аграном філіяла Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната Аляксандр Захарчонак. — Тэхніку дасканала ведаю. Але ж гэта не выхад. Такога зараз мы нават уявіць не можам. Разам з галоўным інжынерам, дарэчы, маім школьным сябрам Чэславам Рудаком, загадзя распрацоўваем маршруты кожнага механізаванага звяна. Нават пры такой высокай арганізацыі працы светавога дня не хапае, каб справіцца з аб’ёмам веснавых работ. Прадумваем кожны пераезд з поля на поле, каб максімальна выкарыстоўваць тэхніку. Нават запраўляць трактары сталі з вечара, каб на досвітку прыступалі адразу да працы.

Палі ў гаспадарцы пераважна дробнаконтурныя, закамененныя. Штогод даводзіцца ачышчаць іх. Аляксандр Іванавіч усталяваў трывалую сувязь з палешукамі са Століншчыны. Вось і зараз прыбыў палескі дэсант. Прыняць, размясціць, арганізаваць харчаванне і працу па збору камення — не самы важны клопат галоўнага агранома, але і ён патрабуе часу. Амаль дзве тысячы гектараў неабходна ў гэтую вясну засеяць яравымі. Перад тым, як адправіць пасяўны агрэгат на палетак, зямлю трэба ачысціць ад камення. Нават нязначная затрымка збівае тэмп на веснавым полі. Узнікаюць і самыя непрадбачаныя сітуацыі, таму Аляксандр Іванавіч увесь час побач. Вольную хвіліну ў такі гарачы момант яму выкраіць вельмі складана.

— Наш галоўны аграном — прафесіянал, — адзначае дырэктар Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната Валерый Дулінскі і дадае, што, нягледзячы на сярэднюю спецыяльную адукцыю, у Аляксандра Іванавіча багаты вопыт. На гэтай зямлі ён нарадзіўся і вырас, ведае кожны куточак.

Яшчэ падлеткам разам з дзедам Дзянісам крокамі вымерваў наваколле, спасцігаў сялянскую мудрасць. Старэйшыя браты падаліся ў горад. Сястра Валянціна пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага інстытута ўзначаліла агранамічную службу адной з гаспадарак Брэстчыны. Выйшла замуж і там асела. На позняга сына Аляксандра ў вялікай сям’і Захарчонкаў ляглі ўсе гаспадарчыя клопаты.

— Калі бацька араў канём зямлю, то размаўляў з ёю, — узгадвае Аляксандр Іванавіч. — Я вяду каня і слухаю яго ціхую размову з полем. Маці працавала ў паляводчай брыгадзе, а бацька даглядаў жывёлу, быў брыгадзірам. Усё ніяк не маглі яны забыць свой хутар. Там было 28 гектараў зямлі на дваіх з бацькавым братам. Яшчэ прадзед прыдбаў гэтую не надта спрыяльную для гаспадарання нізіну, дзе часта ўсё вымакала. Доўгі час там заставаліся нашы свіраны і хлявы, якімі карыстаўся калгас. Бацька браў мяне, і гадзінамі хадзілі па тых мясцінах. Ён расказваў пра хутарское жыццё. Мой старэйшы брат Леанід памятае ваенны час, калі сям’я хавалася ў лесе. Паліцаі ўнадзіліся прыязджаць на хутар то за парсюком, то кур пачнуць лавіць. Прыехалі забіраць чарговага падсвінка, а дзед Фёдар Сцяпанавіч смелы быў і аднаго паліцая кіем агрэў. Не даў ім нічога. Пайшоў у нямецкую камендатуру і паскардзіўся, што нядаўна аднаго парсюка ўжо забралі і зноў прыехалі. Выслухалі і, на здзіўленне, загадалі не забіраць больш нічога з хутара. Паліцаі пужалі, што адпомсцяць, таму сям’я хавалася ў лесе. Пасля вызвалення вярнуліся дамоў. Калі пачалі арганізоўвацца калгасы, уся зямля адышла ў калектыўнае карыстанне.

Пасля нашага перасялення з хутара меліяратары гэтыя нізіны асушылі, раскарчавалі сад, знеслі ўсе пабудовы, і атрымалася ўрочышча Захарчонкаў хутар, якое ўваходзіць у суседнюю гаспадарку «Сельцы». Там усе ўрочышчы называюцца імёнамі былых гаспадароў. Ёсць Максімаў і Наташын хутары. Пакуль жылі мае бацькі, то ў сэрцы трымалі хутар. Бацька, як і дзед, адказна ставіўся да сялянскай працы. Любіў, каб усё было дакладна: калі поле араць, то каб баразна клалася роўна і глыбіня ворыва была пастаяннай. Гэта ў нас спадчыннае. Мяне, як самага малодшага, не бэсціў, да парадку прывучаў. Толькі цяпер асэнсоўваю яго сялянскую мудрасць. Расказваў, што яшчэ ў сем гадоў яго бацька навучыў трымаць у руках плуг, касу, сякеру. Уменне засталося на ўсё жыццё. І мяне дзед Дзяніс і потым бацька вучылі, як, калі і што сеяць.

— Аляксандр Іванавіч, я ведаю, што і вы спрабавалі сябе ў ролі хутараніна?

— Спрабаваў. Гэта яшчэ ад дзядоў-бацькоў пыл заставаўся ў генах. Трымаў тры каровы, каня. Меў два гектары зямлі. Яшчэ бацькі жывыя былі. Старэйшыя браты дапамагалі. Як бацькоў не стала, не вытрымаў. У наш час гэта толькі для рамантыкаў, а не для справы. Трактар зламаўся, і самому немагчыма яго рамантаваць. У маіх продкаў сітуацыя была іншая. Звёў я сваю гаспадарку і вярнуўся ў калектыў.

— Як дапамагае вам сялянская навука дзеда і бацькі?

— Я ім вельмі ўдзячны за многае. Праз усё жыццё пранясу іх мудрыя парады, прыкметы, якія ніколі не падводзяць. Вярнуліся буслы з выраю — смела сей ярыну. Цеплалюбівыя культуры толькі пасля прылёту ластавак лепш сеяць.

І дзед і бацькі мяне вучылі трымаць слова. У нашай сям’і гэта было законам. Часта ў хату прыходзілі ўдовы за дапамогай. І хаця сваіх спраў заўжды процьма, але бацька ўсё адкладваў, кляпаў касу і ішоў касіць удовам. Слова трымаў цвёрда. Мы ўжо гадоў дваццаць жылі ў вёсцы, і аднойчы я пайшоў пазычыць вяроўку. У мяне найперш спыталіся, чый я? Калі пачулі, што хутаранца Івана Захарчонка, з павагай аднесліся. Колькі гадоў няма бацькоў, але людзі добрым словам узгадваюць іх. Звычайна пасля зімы знаходжу час, каб прыбраць магілкі. На Радаўніцу збіраемся на могілках, памінаем. Дзядок падышоў да нас і расказаў, што калі яго дом згарэў і ўсё ў доме знішчылася, мой бацька кажух з плеч зняў і аддаў яму. Самому хочацца быць не горшым.

— А ці заможна жылі вашы родныя на хутары?

— Мяркуючы па фотаздымках, якія я шаноўна захоўваю, яны мелі магчымасць прыстойна апранацца. Было за што. Мой бацька апрануты ў прыгожы касцюм-тройку, брат яго таксама прывабна выглядае. Жанчыны на гэтым здымку ў модных строях з капялюшамі. Абутак ва ўсіх скураны. Некалі мне яшчэ дзед распавядаў, хто лайдак быў, той нічога не меў.

— Вашы продкі спрадвеку гаспадарылі тут, цяпер вы ў адказе за гэту зямлю...

— У мяне маштабы не тыя і адказнасць большая. Тут аднаго вопыту мала. Патрэбны і тэарэтычныя веды. Як толькі глеба падсохла, адразу вывелі пасяўныя агрэгаты ў поле. Як вучылі мяне ў тэхнікуме, самы просты метад — зямлю скамечаную кінуў, і яна рассыпалася — смела пачынай сяўбу. Чакаць, пакуль чаромха распусціцца, як рабілі некалі папярэднікі, можна і прагадаць. З мінулага года засяваем і зямлю нашых суседзяў з Глыбоцкай птушкафабрыкі. Па 30 і болей цэнтнераў ячменю там намалацілі летась на круг. На нашай у 26 балаў зямлі атрымлівалі і па сорак цэнтнераў азімай пшаніцы з гектара. А калі я толькі стаў галоўным аграномам, то збіралі пятнаццаць цэнтнераў збожжавых з гектара. Стратнай была вытворчасць сельгаскультур. Паступова адпрацоўвалі тэхналогію, мянялі сарты культур, і эканамічныя паказчыкі паляпшаліся. Мы пастаўляем насенне пшаніцы іншым гаспадаркам. Найбольш рэнтабельны ў нас пакуль рапс. Рэнтабельнасць раслінаводства ў цэлым летась склала чатыры працэнты. Былі гады, што да васьмі працэнтаў вырастала. Усе асноўныя сельгаскультуры, якія вырошчваюцца на палях гаспадаркі, фуражнага прызначэння. Кукуруза, паўцукровыя буракі, лугавыя травы, якіх больш за тысячу гектараў, і значная частка збожжавых папаўняюць кармавыя запасы нашай жывёлагадоўлі. Плошчы пад кармавыя культуры пастаянна павялічваем. У перспектыве будзем пашыраць пасевы бабовых траў, якія ў нашых кліматычных умовах больш эфектыўныя.

— Віцебшчына не надта спрыяльная па кліматычных умовах для раслінаводства, як раяць вучоныя, лепш развіваць жывёлагадоўлю...

— З агульнай плошчы ўгоддзяў больш за тры тысячы гектараў мы палову засяваем травамі. За гады дзейнасці ў адкрытым акцыянерным таварыстве гаспадарка амаль падвоіла пагалоўе буйной рагатай жывёлы. Цяпер на нашых фермах каля трох тысяч галоў. Толькі дойных кароў тысяча. Такое пагалоўе дае магчымасць забяспечваць палеткі арганічнымі ўгнаеннямі. Сёлета кожны пасяўны гектар атрымаў па сто тон. Увосень пасеялі больш за чатырыста гектараў азімай пшаніцы, а таксама трыцікале і жыта. Спрабавалі летась высяваць і азімы ячмень.

— Ва ўмовах Віцебшчыны сеяць азімы ячмень даволі рызыкоўна?

— Мы эксперыментавалі, каб пачынаць уборку збожжавых на два тыдні раней і ў летні час забяспечыць фермы сваім фуражом. Летась нават 200 тон зернефуража пазычылі суседзям. Пасля эксперыменту ад ідэі сяўбы азімага ячменю адмовіліся.

Усе нашы механізатары — мясцовыя. Мы адзін аднаго добра ведаем, бо жывём усе побач. Сёлета хутка справіліся з сяўбой збожжавых. Тэхніка новая, адладжаная, люба на яе глядзець. Механізатары Аляксандр Каснікоўскі, Генадзь Анкудовіч — наша ядро. І моладзь не адстае ад іх: Алег Шынкевіч, Аляксандр Міхалоўскі, Аляксандр Буловіч, які неяк падаўся ў горад, уладкаваўся шафёрам да прадпрымальніка. Але доўга не вытрымаў, вярнуўся. Не змог без поля. На такім касцяку трымаецца гаспадарка. Па дзесяць—дванаццаць мільёнаў зарабляюць механізатары на сяўбе.

— Аляксандр Іванавіч, чаго вы больш за ўсё баіцеся?

— Акрамя Бога, нікога.

— Ваш самы шчаслівы дзень у жыцці?

— Цяжка адказаць. Служыў у арміі і лічыў дні да дэмабілізацыі. Вось так чакаеш нечага, чакаеш, а жыццё хутка пралятае. Ужо сам другую палову стагоддзя адлічваю. Кожнаму новаму дню радуюся і спадзяюся, што самы шчаслівы дзень мяне яшчэ чакае.

— А самы памятны дзень?

— Было шмат памятнага. Некалі вечарамі мы збіраліся на прызбах, і старэйшыя расказвалі пра мінулае. Цяжка ім было пасля вайны. Былых вясковых суседзяў хіба ж можна забыць. На нашай Віцебшчыне не кожны чацвёрты, а кожны трэці загінуў. Ёсць вёскі, што так і не адрадзіліся. У некаторых раёнах і зараз на дзясяткі кіламетраў ні адной жывой душы. З дзедам некалі пра жыццё разважалі, ён мне мудра раіў ад зямлі ніколі не адрывацца. У людзей яго пакалення энергетыка іншая. Нам бы іх працавітасць, цярпімасць, дабрыню.

— За што ў вас, як у агранома, больш душа баліць?

— За ўсё, што робіцца на полі. Пасеялі летась азімыя, панеслі пэўныя затраты. Давядзецца часткова перасяваць. За гэта душа баліць. У такіх умовах працуем. Не зона рызыкоўнага земляробства, а вельмі рызыкоўнага. Колькі разоў бывала, што радаваўся тучнай збажыне, а перад самым жнівом набягалі аднекуль хмары. Стаяў і маліўся, каб мінавалі.

— Які час года для вас больш жаданы?

— Зімой лягчэй крыху хлебаробу, але халады не люблю. Лета — цудоўны час, толькі прыгажосці гэтай не бачым з-за працы. Час імгненна ляціць. Быццам нядаўна закончыў Лужаснянскі тэхнікум. З трыццаці выпускнікоў нашай агранамічнай групы лічаныя засталіся ў прафесіі. З імі ператэлефаноўваемся, цікаўлюся справамі, а яны — маімі.

— Вясну любіце?

— А хто яе не любіць? Сёлета яна вельмі ранняя. Як расказваў мой дзед, ён жаніўся на Грамніцы, 15 лютага, а ў сакавіку яны сеялі. Было гэта яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя. Летась у нас 12 красавіка толькі 20 працэнтаў снегу сышло, а зараз ужо ўсе збожжавыя пасеяны.

— Аляксандр Іванавіч, чым можна зацікавіць хлебароба?

— Як ні банальна, але сацыяльным клопатам. І ў першую чаргу — добрымі заробкамі. Дзе добра плацяць, там і іншыя стымулы дзейнічаюць. Мы штогод будуем жыллё. Вось і зараз завяршаем чатыры катэджы. Чаргі на кватэры няма. Усе забяспечаны. Пасля ўваходжання ў Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат павысіліся заробкі. Летась сярэдняя зарплата механізатараў склала звыш пяці мільёнаў рублёў. Не менш важна і маральнае стымуляванне. Раней не надта высокія былі нашы паказчыкі, таму дзяржаўных узнагарод ніхто не атрымліваў. Але справы пайшлі, эканоміка гаспадаркі мацнее. Малюся, каб загучалі імёны нашых хлебаробаў не толькі ў раёне, але і на ўсю Беларусь.

Уладзімір СУБАТ, «СГ»

Фота аўтара

Глыбоцкі раён

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter