Сэрцу міла ўсё

Ялкавы по-русски — прогорклый, а дзядзінец — большой двор

Многія лічаць, што гэта вядомая кожнаму песня мае народныя вытокі. На самай справе аўтарам яе слоў з’яўляецца беларуская паэтка Канстанцыя Буйло (Калечыц). Верш быў напісаны яшчэ ў 1913 годзе. Песня і да гэтага часу гучыць па радыё, яе выконваюць Дзяржаўны народны хор, ансамблі «Бяседа», «Сябры», «Калінка» і іншыя. Яе спяваюць у кожнай вёсцы, гэты своеасаблівы гімн прыродзе і людзям стаў візітоўкай нашай роднай краіны. Нагадаем чытачам радкі з твора:

Люблю наш край — старонку гэту,

Дзе я радзілася, расла,

Дзе першы раз пазнала шчасце,

Слязу нядолі праліла.

Люблю народ наш беларускі,

Хаціны ў зелені садоў,

Залочаныя збожжам нівы,

Шум нашых гаяў і лясоў,

І рэчку, што імкліва воды

Імчыць у нязведаную даль,

І схілы берагоў пясчаных,

І яснасць чыстых яе хваль.

Люблю вясну, што ў кветкі, зелень

Аздобіць радасна зямлю,

Буслоў на гнёздах клекатанне

І спеў жаўроначка люблю.

Гарачую спякоту лета

І буру летнюю з дажджом,

Як гром грыміць, а ў чорных хмарах

Маланка зіхаціць агнём.

І восень сумную люблю я,

І першы звон сярпоў і кос,

Як выйдуць жнеі збожжа жаці,

А касары — на сенакос.

Люблю зіму з яе марозам,

Што вокны прыбярэ ва ўзор,

І белы снег, што, укрыўшы поле,

Ірдзіцца бляскам ясных зор.

Люблю ў пагодную я ночку

Дапозна на дварэ сядзець,

Сачыць за сініх зор мігценнем,

На месяц залаты глядзець.

І песню родную люблю я,

Што дзеўкі ў полі запяюць,

А тоны голасна над нівай

Пераліваюцца, плывуць.

Усё ў тым краі сэрцу міла,

Бо я люблю край родны мой,

Дзе з першым шчасцем я спазналась

І з гора першаю слязой.

І напрыканцы некалькі слоў перакладаў:

Разумнік — умник, умница

Свацця — сваха

Шавецтва — сапожничество

Ялкавы — прогорклый

Рупіцца — заботиться

Прыгнятанне — угнетение

Асабісты — личный

Галлё — ветки, хворост

Дзядзінец — паперть, большой двор.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter