Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі паказаў на галоўнай расійскай сцэне спектакль “Вітаўт”

Сэрца прыгажуні не схільнае да здрады

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі паказаў на галоўнай расійскай сцэне спектакль “Вітаўт”



Пра герояў былых часоў


У розныя гады артысты прывозілі ў Маскву свае лепшыя пастаноўкі — “Рагнеду”, “Карміну Бурану”, “Легенду пра Уленшпігеля”. Гэтым разам гастролі прайшлі ў рамках Дзён культуры Беларусі. Калі паўстала пытанне, чым здзіўляць масквічоў сёлета, беларусы, не разважаючы, вызначыліся: вядома, “Вітаўтам”!

Балет “Вітаўт” — адносна малады, з’явіўся ў рэпертуары тры гады назад. Але за гэты час паспеў стаць тэатральным бестсэлерам і лаўрэатам Прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”.

Паставіў спектакль Юрый Траян, у савецкі час адзін з самых праслаўленых артыстаў Беларусі, а цяпер — мастацкі кіраўнік балета Нацыянальнага Вялікага тэатра. Музыку напісаў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, кампазітар Вячаслаў Кузняцоў, а над лібрэта працаваў драматург Аляксей Дудараў, чые п’есы з поспехам ідуць і ў расійскіх тэатрах.

“Вітаўт” самі беларусы называюць нацыянальным балетам: героі спектакля — асобы гістарычныя, эпохі росквіту Вялікага Княства Літоўскага. Стрыечныя браты — Вітаўт і Ягайла, мужныя воіны, героі Грунвальдскай бітвы. Барацьба за ўладу і сэрца прыгажуні Ганны зрабіла іх ворагамі.


Адказнасць — каласальная


За межамі радзімы балет паказвалі ўпершыню. Перад гастролямі артысты прыкметна нерваваліся і доўга рэпеціравалі без таго вывучаныя назубок мізансцэны. У Маскву прывезлі лепшы склад выканаўцаў: дзве галоўныя мужчынскія ролі сыгралі вядучыя майстры — Антон Краўчанка і Алег Яромкін. А партыю княгіні Ганны станцавала Людміла Хітрова, расійская артыстка, выпускніца Ніжагародскага тэатральнага вучылішча. Для многіх выканаўцаў — гэта першае выступленне на праслаўленай расійскай сцэне.

— Адказнасць адчуваем каласальную. Бо кожны артыст марыць хоць бы раз у жыцці станцаваць у Вялікім тэатры, — прызнаўся перад пачаткам спектакля выканаўца галоўнай ролі Антон Краўчанка.

Моладзь на генеральным прагоне падбадзёрваў мастацкі кіраўнік.

— Шмат разоў выступаў на гэтай легендарнай сцэне, калі яшчэ сам быў артыстам, — з настальгіяй успамінаў Юрый Траян. — Столькі вады з тых часоў сплыло! Гістарычную сцэну адрэстаўравалі — нарэшце ўдалося пабываць і паба­чыць усё на свае вочы.

Зала апладзіравала беларусам, як сваім, родным. “Вітаўт” — балет вытанчаны, імпрэсіянісцкі, які толькі пункцірна апісвае фрагменты мінулага. Размова ў спектаклі зусім не пра ваенныя подзвігі або падзел тэрыторый, а пра агульначалавечыя каштоўнасці — каханне, давер, мужнасць, якія на мове танца зразумелыя любому.

Акрамя масквічоў, паглядзець беларускую пастаноўку прыйшло шмат замежных турыстаў. Мяркуючы па ажыўленых абмеркаваннях пасля заканчэння спектакля, балет спадабаўся.

З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ

Юрый Траян — рэжысёр-пастаноўшчык, кіраўнік балетнай трупы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі:

— Заўсёды хацеў паставіць балет пра гісторыю Беларусі, паколькі цікаўлюся слаўным мінулым нашага народа. І вось аднойчы натрапіў на п’есу А. Дударава “Князь Вітаўт”, якая ў 1990-х з вялікім поспехам ішла ў многіх драматычных тэатрах краіны. Вырашыў, што было б цікава перанесці яе на балетную сцэну.

Гэты балет — мужчынскі, і асноўная лінія сюжэта засяроджана на ўзаемаадносінах Вітаўта і Ягайлы: іх абсалютна розныя лёсы часта перапляталіся. Да таго ж, на мой погляд, мужчынскі танец у балеце недаацэнены. Класіку танцуюць у асноўным балерыны.

Таму хацелася аднавіць справядлівасць.

Спадзяюся, што і расійскія артысты хутка прыедуць на абменныя гастролі. У нас іх чакае выдатны ўдзячны глядач.

ЗВАНОК АЎТАРУ

Драматург Аляксей Дудараў расказаў пра тое, як стваралася лібрэта і чаму гістарычныя падзеі такія папулярныя ў сучасным тэатры.

— Аляксей, у аснове лібрэта — ваша п’еса “Князь Вітаўт”. Пра што для вас гэтая гісторыя?

— Для мяне любая гісторыя ў першую чаргу пра каханне, якое зможа супрацьстаяць любой жорсткасці. У дадзеным выпадку — пра каханне Вітаўта і Ганны. І як для патрыёта Беларусі для мяне важна, што нашы легендарныя героі па-ранейшаму жывыя: у літаратуры, на сцэне і на экране. Тэатр павінен спяваць пра тую зямлю, на якой стаіць.

— А як пазбегнуць гістарычнай няпраўды?

— Вывучаць крыніцы. Але, разумееце, у чым справа: сапраўдная, праўдзівая гісторыя знаходзіцца ў архівах і акадэміях. А творцы проста не павінны яе парушаць.


— Удзельнічалі ў рэпетыцыях?

— Толькі музыку слухаў. Рабіў нейкія заўвагі, але не настойваў — я ж драматург і ў балеце нічога не разумею.

— Задаволеныя вынікам?

— Безумоўна! І публіка ў захапленні — ведаю, што вельмі складана дастаць білеты на спектакль. Наогул заўважыў, што гістарычная тэма цяпер вельмі папулярная на сцэне.


Ірына Мустафіна
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter