Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Вёскі ды гарады Бацькаўшчыны заўсёды вабяць да сябе тых, хто адтуль родам

Сэрца часцінка ў вёсцы Хамінка

Завітаўшы на пачатку года ў рэдакцыю газеты “Брянский рабочий”, старшыня Беларускага зямляцтва на Браншчыне Мікалай Голасаў падзяліўся ўспамінамі пра сваю мінулагоднюю паездку на малую радзіму — у Лоеўскі раён.

У жыццё Віктара Канаваленкі прыходзіць новая вясна
Мікалай Голасаў

— Мікалай Іванавіч, дзе вы нарадзіліся, у якой сям’і?

— Ёсць на Гомельшчыне, у Лоеўскім раёне, вёска Хамінка — там і нарадзіўся. Гэта ў вусці рэчкі Сож, прытоку Дняпра, на мяжы з Украінай. Найпрыгажэйшыя мясціны з пышнымі лугамі, лясамі, невялікімі рэчкамі. У разводдзе вёска наша ўвогуле аказваецца на вялікім востраве. За савецкім часам была вялікаю: да 1300 жыхароў. Яны працавалі ў калгасе, леспрамгасе, у параходстве — тады па Сажы хадзілі параходы, буксіры, сплаўлялі лес. У вёсцы былі магазін, бальніца, аптэка, пошта, клуб, бібліятэка, школа, царква, кузня... Калі пачалася вайна, жыхары Хамінкі пайшлі на фронт, у партызаны, каб змагацца з нямецка-фашысцкімі акупантамі. Многія не вярнуліся з палёў бітваў, былі знішчаны карнікамі. У баях за вёску ў кастрычніку 1943-га загінулі 154 савецкія салдаты з 65-й арміі, 11 мясцовых жыхароў забіта карнікамі, якімі спалена 82 двары. У цэнтры вёскі стаіць помнік загінулым воінам, там штогод у Дзень Перамогі праводзяцца мерапрыемствы. На іх прыязджала з Бранска сям’я Канаваленкі Валерыя Аляксандравіча, унук якога выступаў перад вяскоўцамі на мітынгу. Дарэчы, уся тая сям’я ўваходзіць у наша зямляцтва. Пасля вызвалення вяскоўцы адбудавалі дамы, узвялі фермы, набылі трактары, камбайны, іншую тэхніку. Памятаю статкі кароў, цялят, табуны коней, гул машын... Раніца ў нас поўнілася рознымі галасамі: працавалі радыёрэпрадуктары, рыпалі брамкі, чуўся звон вёдраў, брэх сабак, мыканне кароў. Вядома ж, ішлі дымы з комінаў. А днём на ўсю вёску чуўся школьны званок: у нас была сямігодка, потым — васьмігодка. Са школы чуліся галасы і смех дзятвы. У ёй, дарэчы, дырэктарам, завучам працаваў мой бацька — удзельнік вайны. А вечарамі ў клубе заліваўся гармонік...

— Вы расказваеце пра тую даўніну з сумам у вачах ...

— Так... Прайшлі гады, шмат што змянілася. Развіваліся гарады — і ўсё менш людзей заставалася ў вёсках. Вось і ў Хамінцы рэдка пачуеш дзіцячыя галасы, змяніўся і рытм яе жыцця: стаў нейкім запаволеным. Карэнных жыхароў засталося няшмат. Мы ўдзячныя ім за тое, што захоўваюць традыцыі вёскі, аберагаюць магілы продкаў, дапамагаюць падтрымліваць сувязі паміж тымі аднавяскоўцамі й сваякамі, хто ў свой час падаўся ў свет, і нашаю малою радзімай.

— А колькі беларусаў у Бранскай вобласці?

— Больш за 10 тысяч. Такіх, як і я, былых вяскоўцаў за межамі зямлі нашых продкаў шмат, і з лёсам, як у Хамінкі, на Беларусі многа вёсак. Зрэшты, наведваючы малую радзіму, мы бачым, як развіваюцца ў Беларусі базавыя вёскі. Яны пераўтвараюцца ў аграгарадкі, вяскоўцы маюць у дамах прыродны газ, ваду, на дарогах — асфальт. Ёсць крамы, пошта, школы…Так і ў суседняй вёсцы Шарпілаўцы, куды перасялілася частка жыхароў Хамінкі.

— Мікалай Іванавічы, а вы часта бываеце ў роднай вёсцы?

— Раз на год — абавязкова. У нас ужо традыцыя: на Радаўніцу збірацца на могілках, каб пакланіцца памяці продкаў. У гэты дзень прыязджаюць многія выхадцы з тых мясцін. Праведваюць сваякоў і на святы: Дзень Перамогі, Новы год, Каляды… А часам — каб падыхаць знаёмым з дзяцінства паветрам, нахадзіцца па лугах, пасядзець з вудаю на рацэ ці схадзіць у лес па ягады, грыбы.

Родныя людзі, родная вёска Хамінка. 2016 г.
Мікалай Голасаў

— У вас ёсць знаёмыя сярод тых, хто застаўся жыць у Хамінцы?

— А яны ўсе там знаёмыя ці радня. З роду Даронькі-Канаваленкі, у якім было 10 дзяцей, застаўся ў вёсцы Віктар Аляксандравіч, былы трактарыст саўгаса “Карпаўка”. Яго бацька загінуў на вайне. Разам з Віцем падымала маці на ногі яшчэ аднаго сына й дачку. Сербанулі гора пад час акупацыі — нікому не пажадаеш такога. Але выжылі. Аднавілі разбураны дом, гаспадарку. Цяпер Віктар Аляксандравіч старэйшы ў родзе, і едуць да яго пагасцяваць шматлікія сваякі з многіх куткоў былога Савецкага Саюза. І мінулым летам сабраліся ў яго стрыечныя браты й сёстры, якія жывуць у Расіі (Бранск), Літве (Вільнюс), Беларусі: Ніна Падвальная, Таццяна Місачэнка, Валянціна Карнавушанка ды я. Гутаркі былі цікавыя, разыходзіцца не хацелася. Успаміналі родных, гаварылі пра жыццё, перспектывы. А гаспадар, параўноўваючы тое, як жыў у час вайны ды пасля яе, заключыў: “Жыццё атрымалася, і цяпер я жыву так, як ніколі не жыў. Сыты, апрануты, абуты, магу купіць любую рэч”. Уладкаваныя й яго дзеці: жывуць у Гомелі. Мы прайшліся па вёсцы, сустракаліся з аднавяскоўцамі, наведалі могілкі. Узялі па жмені зямлі, каб рассыпаць яе на магілах сваіх сваякоў, якія пахаваны далёкіх ад родных месцаў — у Расіі, Літве.

— Вас саміх дадому цягне?

— Так, нейкая невядомая сіла цягне на Бацькаўшчыну, і не толькі мяне... Штогод летам прыязджае ў Хамінкі мая дачка Ала, кандыдат навук, дацэнт Маскоўскага медуніверсітэта. Ёй тамтэйшая прырода падабаецца, бывае ў лесе, на рацэ, а заадно лечыць родных, суседзяў. Кажа: лепшага адпачынку не бывае. Пастаянна наведвае сваіх бацькоў Віктара і Валянціну Нікіценкаў іхні сын Канстанцін, былы ваенны, які жыве ў Маскве. Разам з ім прыязджае й жонка Ірына, якая родам з вёскі Карпаўкі. Канстанцін, дарэчы, не раз казаў, што марыць перасяліцца ў вёску: чакае, калі дзеці скончаць ВНУ. На лета ў бацькоўскай хаце засяляецца і сям’я Ніны Даронькі, а сама яна адпачынак спалучае з сельгаспрацамі.

— Скажыце, а зямляцтва беларусаў на Браншчыне таксама нагадвае ім пра малую радзіму?

— Так, мы ж дзеля таго і ўтварылі суполку. Беларусы, якія апынуліся за межамі Бацькаўшчыны, імкнуцца аб’яднацца між сабой, стварыць суполку ці далучыцца да яе, каб дапамагаць і падтрымліваць адзін аднаго. Нам важна не згубіць сваю культуру, мову, звычаі. Акрамя таго, праз суполку лягчэй наладзіць кантакты з мясцовымі ўладамі, палітычнымі партыямі, грамадскімі аб’яднаннямі, мацаваць сяброўства з брацкім рускім народам.

— Хто цяпер далучаны да грамадскай працы ў зямляцтве?

— Людзі розных прафесій: дэпутаты, прадпрымальнікі, лекары, вайскоўцы, студэнты, пенсіянеры... Значная частка — выхадцы з Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Сярод іх Тамара Старчанка — начальнік упраўлення сацыяльнай абароны вобласці (яна з вёскі Старое Закружжа Веткаўскага раёна), Юры Маджараў — дырэктар аднаго з гандлёвых цэнтраў Бранска (з вёскі Страдубка Лоеўскага раёна), Віталь Макарэвіч — прадстаўнік камерцыйнай фірмы (з пасёлка Чырвонае Жыткавіцкага раёна), Аляксандр Цопаў — адвакат (з мястэчка Уваравiчы Буда-Кашалёўскага раёна) ды іншыя. Нашай суполцы 10 гадоў, яна актыўна ўдзельнічае ў жыцці Бранска і вобласці. Калі хто пабывае на малой радзіме, то ладзім сустрэчы з бранцамі, дзелімся ўражаннямі ад паездкі, перадаем у этнамузей рэчы з нацыянальным каларытам: ручнікі, калаўроты, прадметы побыту. Знаёмім з экспазіцыямі школьнікаў, расказваем пра Беларусь, яе жыхароў. Ладзім экскурсіі ў Гомель, Магілёў, Хатынь, Брэст. Цяпер рэалізуем праекты: “Беларусь — Расія: дзве сястры”, “Хатынь — Хацунь: адзін лёс”, “Беларускі этнамузей”. Такая дзейнасць спрыяе ўмацаванню беларуска-расійскага сяброўства.

Гутарыў Мікалай Ягораў, карэспандэнт абласной газеты “Брянский рабочий”

Голас Радзімы № 13 (3517), чацвер, 30 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter