Сэнс ахвяраванняў

Размаўляючы з многімі людзьмі і проста чуючы іх выказванні адносна Касцёла ці Царквы, амаль заўсёды ўзнікае пытанне наконт таго, што людзі нясуць у храмы грошы. Здараецца, любая канфесія ўспрымаецца як інстытут узбагачэння адных за кошт іншых.


Паразважаць над гэтым пытаннем можна дзякуючы параўнанню. Давайце ўявім сабе якую-небудзь вёску ці маленькі горад, дзе група, напрыклад, католікаў захацела мець сваё месца малітвы — невялікі касцёл. Які парадак дзеянняў у такой сітуацыі? Гэта група людзей просіць аб афіцыйнай арганізацыі сваёй парафіі (прыхода) і накіраванні да іх якога-небудзь святара на служэнне. Аднак застаецца яшчэ пытанне самой будоўлі храма. На якія сродкі ён будзе ўзведзены? Калі хтосьці будуе сабе дом, ён спадзяецца на свае сілы. Касцёл ці царква — гэта дом малітвы, які будуецца за сродкі тых, хто будзе іх наведваць. Лагічна, што такія будынкі ўзводзяцца не за дзяржаўныя сродкі, бо яны не выконваюць дзяржаўныя функцыі.

Уявім, што наша ўмоўная група вернікаў мае свой будынак для малітвы. Жывучы ў доме ці кватэры, мы ведаем, што мала набыць ці пабудаваць іх. Хтосьці павінен аплачваць камунальныя паслугі і рамантаваць тое, што сапсавалася. Вось з гэтага і складаюцца асноўныя бягучыя плацяжы кожнай супольнасці вернікаў.

Існуюць дзве асноўныя крыніцы фінансавання рэлігійных арганізацый — ахвяраванні вернікаў і прадпрымальніцкая дзейнасць. Рэлігійныя арганізацыі маглі б зусім нічога не прасіць у вернікаў на сваё ўтрыманне і заняцца толькі прадпрымальніцтвам, але ж тады гэта былі б выключна прадпрымальніцкія арганізацыі, якія маюць за мэту дасягнуць як мага большага прыбытку.

«Работнік заслугоўвае платы сваёй», — вучыць нас Святое Пісанне, а гэта звязана з тэмай нашага разважання. Ахвяраванні людзей прызначаюцца таксама на ўтрыманне духавенства. Інакш бы яны ўвогуле не мелі б за што жыць. Касцёл заахвочвае сваіх супрацоўнікаў жыць так, як жыве сярэднестатыстычны чалавек там, дзе яны служаць.

У Каталіцкім Касцёле, напрыклад, прынята лічыць, што грошы, ахвяраваныя за служэнне Імшы, прызначаны святару, які яе служыў. Насамрэч грошы, сабраныя падчас Імшы, прызначаюцца на патрэбы парафіі. З глыбокім расчараваннем неабходна канстатаваць, што некаторыя вернікі пачынаюць ленавацца і не шукаюць святара, які служыў бы Імшу за нейкага канкрэтнага чалавека, а аб'ядноўваюць свае просьбы за жывых ці памерлых як за нейкую групу людзей. Такая традыцыя лічыцца нетыповай для каталіцкага ўспрыняцця літургіі.

Можна прыходзіць у Касцёл, нічога ніколі не ахвяраваўшы. За споведзь у грахах і ўдзел у літургіі плаціць не прымушаюць і нават не намякаюць на гэта. Аднак той, хто жыве «жыццём» свайго прыхода, ведае, што там рэалізуецца шмат добрых ініцыятыў. Гэта не толькі ўтрыманне будынка малітвы, але і дапамога бедным, іншыя формы дабрачыннасці. У жыцці не бывае нічога бясплатнага. Аб'ядноўваючы свае намаганні, вернікі могуць дасягнуць многага.

Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter