Да свайго 60-годдзя Нацыянальны гiстарычны дэманструе рарытэтныя экспанаты

Сем цудаў музея

Нацыянальны гістарычны музей вядзе сваю гісторыю ад Мінскага абласнога музея, з’яўленне якога стала магчымым пасля абвяшчэння беларускай дзяржаўнасці ў 1919 годзе.


Фота Артура Прупаса

З тых часоў неаднойчы мянялiся яго назва і функцыі. Цяжкі лёс напаткаў яго ў гады Вялікай Айчыннай: ужо ў першыя дні вайны ён быў разрабаваны, пазней частка калекцыі была вывезена ў Германію. Пасля тое-сёе вярнулася ў Мінск, а 15 снежня 1956 года з’явілася распараджэнне Савета Міністраў Беларускай ССР № 1728-р на стварэнне арганізацыйнай групы для правядзення падрыхтоўчых работ па адкрыцці Беларускага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея. Словам, сёння гэтай установе 60 гадоў. Разам з вучоным сакратаром музея Алегам Ладзісам мы вызначылі сем найбольш цікавых экспанатаў калекцыі і разам з тым даведаліся, як папаўняюцца зборы рарытэтаў.

Пояс Вітаўта. Гэта ўмоўная назва ўнікальнага паяснога гарнітура канца XIV – пачатку XV стагоддзя. Лічыцца, што гэты падарунак вялікаму князю літоўскаму зрабіў крымскі хан ХаджыГірэй. Хаця некаторыя даследчыкі называюць гэта звычайнай легендай. Але, як бы там ні было, гэта адзіная знаходка такога характару ва Усходняй Еўропе. Безумоўна, пояс з’яўляецца ўнікальным помнікам мастацтва тарэўцікі і мае вялікую гістарычную і мастацкую каштоўнасць. Ён складаецца з 11 сярэбраных круглых пласцін, дэкарыраваных раслінным арнаментам, выявамі птушак і васіліскаў, спражкі з наканечнікам і пяці злучальных прамавугольных планак. Агульная вага паяснога гарнітура звыш 800 грамаў.


Пояс быў знойдзены каля вёскі Літва Маладзечанскага раёна ў пачатку 90-х. Шмат гадоў ён знаходзіўся ў прыватнай калекцыі. Але пасля спробы вывезці сярэбраны выраб з пазалотай за мяжу яго канфіскавалі і ўнеслі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, пасля чаго перадалі ў збор Нацыянальнага гістарычнага музея.

Настольны гадзіннік, які належаў сям’і паэта Францішка Багушэвіча. Мяркуецца, што бронзавы прадмет з пазалотай быў выраблены ў Заходняй Еўропе ў XIX стагоддзі. Яго паўстагоддзя таму знайшлі ў Ашмянскай школе-інтэрнаце. Дарэчы, яшчэ адзін значны падарунак ад гэтай установы — альбом фотаздымкаў, які належаў беларускаму паэту Францішку Багушэвічу.


Наогул гадзіннікі — гэта адна з самых запатрабаваных для экспанавання калекцый. Пераважную большасць прадстаўляюць гадзіннікі побытавага прызначэння: кішэнныя, наручныя, настольныя, насценныя, падлогавыя, камінныя і адзін карэтны. На жаль, вулічныя і вежавыя гадзіннікі пакуль адсутнічаюць. Добра прадстаўлены вядучыя швейцарскія маркі DOXA, LONGINES, OMEGA, ZENITH. Шмат гадзіннікаў з дароўным надпісам. У калекцыі музея захоўваюцца ўзоры мадэляў

1960-х гадоў мінскага гадзіннікавага завода «Луч», а таксама серыйныя наручныя электронныя гадзіннікі з лічбавай індыкацыяй мінскага вытворчага аб’яднання «Інтэграл».

Прывілей каралевы Боны гарадоцкаму баярыну Алёшу Пятровічу на сяло Беражное. Гэта адзін з самых старажытных рукапісных дакументаў музея. Ён быў напісаны на пергаменце ў Кракаве ў 1524 годзе. Прывілей шмат гадоў захоўваўся ў Беларускім этнаграфічным музеі, але пасля яго расфарміравання ў 1946-м ён трапіў у Віленскі музей. У канцы мінулага стагоддзя ў Мінску ён апынуўся дзякуючы «віленскаму беларусу» Пятру Сергіевічу.



Наогул імя гэтага мастака стаіць асобна ў спісе тых, хто ахвяраваў рэчы на карысць Нацыянальнага гістарычнага. Ён прывёз з суседняй краіны шмат рарытэтных экспанатаў. Сярод іх і адзіны прыжыццёвы партрэт Льва Сапегі пачатку XVII стагоддзя. Наогул жа зараз у нашых фондах знаходзіцца больш за 1500 адзінак з Віленскага музея. Гэта дакументы, паштоўкі, творы графікі, жывапісу, скульптуры, абразы і гэтак далей.

Люстэрка Фабержэ. Гэты каштоўны экспанат апынуўся ў музеі ў першую чаргу дзякуючы беларускім мытнікам. Яны канфіскавалі яго падчас спробы незаконна перавезці ў іншую краіну. І ўжо пасля спецыяльная камісія Міністэрства культуры перадала люстэрка ў Нацыянальны гістарычны. Стапрацэнтнай гарантыі, што яго вырабіла менавіта майстэрня Фабержэ, якая, акрамя навагодніх сувеніраў, час ад часу займалася вытворчасцю люстэркаў, няма. Але спецыя-лісты з вялікай доляй верагоднасці лічаць, што менавіта так і было. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя
мала хто ў Еўропе меў справу з такой вялікай колькасцю каштоўных матэрыялаў – аправа люстэрка зроблена з серабра.


Малечскі скарб, Брылёўскі скарб… Калекцыя нумізматыкі ў музеі дастаткова багатая. Але Мінскі скарб тут стаіць асобна — ён адзін з нямногіх грашова-рэчавых. Гэта трынаццаць кілаграмаў серабра — усяго 547 прадметаў. Асноўная частка калекцыі – манеты і ўзнагароды Расійскай імперыі і Германіі мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў, а таксама вырабы расійскіх майстроў-сярэбранiкаў. Адкрыты скарб быў у 1988 годзе падчас экскаватарных работ на перакрыжаванні вуліц Рэспубліканскай (зараз – Гарадскі Вал) і Валадарскага.



Залаты віты бранзалет з зоаморфнымі канцамі. Гэта адзін з самых старажытных экспанатаў у музеі. Выраб XII стагоддзя ў калекцыю перадаў Інстытут гісторыі НАН, супрацоўнікі якога знайшлі яго падчас археалагічных раскопак на Мінскім замчышчы ў 1951 годзе. Наогул дзякуючы гэтай установе ў Нацыянальным гістарычным з’явілася шмат рарытэтных прадметаў. У пачатку стагоддзя музейшчыкі разам з гісторыкамі часта выпраўляліся ў экспедыцыі па розных кутках краіны.



Адным з самых цікавых экспанатаў у калекцыі зброі можна лічыць калясцовы пісталет XVII стагоддзя, ён мае заходнееўрапейскае паходжанне. Такую зброю прыдумаў вялікі Леанарда да Вінчы. Каштоўны пісталет аздоблены дрэвам і інкруставаны косцю. Яго ў 1957 годзе перадалі сюды з Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Асноўная частка калекцыі зброі была сабрана якраз у першае дзесяцігоддзе стварэння Нацыянальнага гістарычнага музея. Шляхі паступлення былі розныя, але ў асноўным сваім багаццем дзяліліся іншыя спецыялізаваныя ўстановы. Напрыклад, шабля кліентэлы князя Караля Радзівіла – мануфактурны выраб другой паловы XVIII стагоддзя – гэта таксама падарунак калег з музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.


Фота Алега ЛУКАШЭВІЧА і Аляксандра АЛЯКСЕЕВА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter