«Сем цудаў Беларусi» здзiвяць Мiр

30 мая ў Мiры адбудзецца свята мастацтваў «Мiрскi замак-2009»

30 мая ў гарадскiм пасёлку Мiр Карэлiцкага раёна Гродзенскай вобласцi адбудзецца свята мастацтваў «Мiрскi замак-2009», галоўным удзельнiкам якога стане заслужаны калектыў — Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусi. Як расказаў «Р» яго кiраўнiк, народны артыст краiны, прафесар Мiхаiл Фiнберг, да сёмага па лiку свята для жыхароў раёна i гасцей музыкантамi камерных калектываў аркестра падрыхтавана эксклюзiўная канцэртная праграма «Сем цудаў Беларусi». У яе ўвайшлi музычныя творы беларускiх кампазiтараў мiнулых стагоддзяў i сучасных аўтараў, якiя прысвечаны альбо маюць дачыненне да сямi знакамiтых гiсторыка-культурных i прыродных скарбаў нашай краiны — Мiрскага i Нясвiжскага замкаў, Полацкага Сафiйскага сабора i Барысаглебскай царквы ў Гародне, Брэсцкай крэпасцi, возера Нарач i Белавежскай пушчы.

— Мне падалася цiкавай iдэя ўзнавiць i паказаць мастацкую значнасць таго музычнага поля, у якiм iснавала i iснуе гэтае багацце беларускага народа, — адзначае маэстра Фiнберг.

Яшчэ адзiн канцэрт парадуе прыхiльнiкаў духоўнай музыкi. Дарэчы, у Мiры ён упершыню пройдзе ў касцёле святога Мiкалая, дзе з праграмай «Голас мiрскiх муроў» выступiць струнны аркестр пад кiраўнiцтвам заслужанага артыста Беларусi Валерыя Сарокi.

Завершаць свята «Мелодыi натхнення» — канцэрт сучаснай папулярнай музыкi, якi пройдзе ў Карэлiчах. У суправаджэннi Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi пад кiраўнiцтвам Мiхаiла Фiнберга выступяць вядомыя салiсты гэтага знакамiтага калектыву Мiкалай Скорыкаў, Ларыса Грыбалёва, Саша Нэма, Наталля Тамела, Дзмiтрый Качароўскi, Руслан Мусвiдас i iншыя. Песенную праграму музыканты прысвячаюць 65-годдзю вызвалення Беларусi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў i Году роднай зямлi.

Мiж тым «Мiрскi замак-2009» — свята не толькi музычнае. У ходзе яго, акрамя канцэртаў, адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкi, а таксама пройдуць традыцыйныя навуковыя чытаннi, тэма якiх на гэты раз вызначана так: «Музычная культура Беларусi: знаходкi i адкрыццi».

Свята мастацтваў «Мiрскi замак-2009» ладзiцца Нацыянальным аркестрам Беларусi пры падтрымцы Мiнiстэрства культуры краiны, Карэлiцкага райвыканкама i Мiрскага пасялковага Савета.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter