Барацьба са спайсамі павінна атрымаць новую прававую аснову

Сем'і шукаюць пункты апоры

Барацьба са спайсамі павінна вось-вось атрымаць новую прававую аснову
Тэмы, якія трапілі ў поле зроку Камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце Міністраў, збліжае адзін прынцыповы момант: эксперты ўпэўнены, што трэба шукаць дадатковыя пункты апоры. Хоць у цэлым праблемы вельмі розныя. З адной – сацыяльна небяспечным становiшчам ў сям’i — мы змагаемся на дзяржаўным узроўні ўжо восем гадоў, у тым ліку дзякуючы Дэкрэту № 18. Другая — праславутыя курыльныя сумесі — востра паўстала на парадку дня год таму і з першых палос газет не сыходзіць.




 І тут, і там пэўныя крокі наперад зроблены, лічыць віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік, але шлях прайсцi прыйдзецца яшчэ доўгі. З таго часу, як уступiў у дзеянне Дэкрэт № 18, прыйшлося забраць з няшчасных сем’яў каля 30 тысяч дзяцей. Таксама прызнана, што яшчэ больш за 162 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. І хоць у 55—66 % выпадкаў сітуацыю атрымоўваецца «разруліць» — дапамагчы бацькам адумацца, вярнуць дзяцей або зняць іх з асаблiвага ўліку, многія дзецi так і застаюцца пад крылом дзяржавы, і кожны год тысячы разоў даводзіцца звяртацца да такіх вось метадаў «тушэння пажару». «Апошнія гады мы выразна бачым, што разлічваць на значную эфектыўнасць працы не прыходзіцца, — прама прызнае міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. — Занадта знешніх агрэсіўных фактараў — алкагалізацыя, наркатызацыя...» Не хапае цэнтральнага каардынуючага органа, «моцнай рукі» з усімі паўнамоцтвамі. Зараз ролю каардынатара выконваюць сацыяльна-педагагічныя цэнтры, але ў іх, на думку Мінадукацыі, недастаткова функцый, падтрымкі выканкамаў на месцах. А ў цэлым склалася даволі парадаксальная сітуацыя: кожнае ведамства, безумоўна, занята сваёй справай, але толькі «ад і да». Абарона дзяцей — прэрагатыва Мінадукацыі, сям’і — Мінпрацы і сацабароны... «Як можна адно ад другога аддзяляць? — здзіўляецца Анатоль Тозік. — Мы прыйшлі да высновы, што трэба стварыць адзіную структуру, орган, які каардынаваў бы ўсю працу ў раёне, вёў агульны банк даных, даваў бы імпульсы, каму што зрабіць — участковаму, медыцыне, школе. У нас ёсць для гэтага рэсурсы». Хто ж будзе «за галоўнага»? Ёсць прапанова стварыць у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны спецыяльны дэпартамент сям’і і дзяцей. Дарэчы, вопыт многіх дзясяткаў краін паказвае: гэты фронт — менавіта за сацыяльным міністэрствам. Прычым галоўным будзе менавіта клопат пра сям’ю, бо часта праблема ўсплывае, калі ўжо ўсё пайшло наперакасяк і забраць дзіця — адзіны выхад. Але і з сям’і павінна быць папытанне, лічаць эксперты. Гучаць нават заклікі дакладна вызначыць у выглядзе пераліку абавязкі бацькоў. А то некаторыя, падобна, уверавалі, быццам, як толькi малы пайшоў у 1-ы клас, цяжар адказнасці цалкам нясе школа...

Барацьба са спайсамі ў пры­ватнасці і наркотыкамі наогул павінна вось-вось атрымаць новую прававую аснову — дэпутаты плануюць разгледзець адпаведны законапраект на цяперашняй сесіі. Пашыраюцца паняцці, становяцца больш жорсткімі пакараннi — усё правільна. Аднак як працаваць з непаўналетнімі, якіх ужо раз’ядае гэтае зло, не да канца зразумела. Намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык наракае на адсутнасць аб’ектыўнага цэнтралізаванага ўліку юных наркаспажыўцоў. Афіцыйныя лічбы далёкія ад рэальных: на 1 верасня пад кантролем наркалагічнай службы знаходзілася крыху больш за 15 тысяч непаўналетніх (прычым статыстыка ўключае сюды тых, хто злоўжывае не толькі наркотыкамі, «хіміяй», але і алкаголем). А дыспансернаму нагляду, паводле звестак, падлягаюць толькі 45. І зводка здарэнняў, у якіх слова «спайс» фігуруе ледзь цi не кожны дзень, і медыцынская практыка сведчаць аб тым, што сапраўдны маштаб з’явы, прадстаўлены лічбамi, у разы вышэй. Бяда яшчэ і ў тым, заўважае першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, што прыкладна кожны трэці непаўналетнi, які трапіў з гэтай нагоды да ўрачоў, потым з-пад іх назірання сыходзіць. І пакуль няма ніякай зыходнай кропкі ў заканадаўстве, каб абавязаць, прымусіць іх лячыцца! Правы дзіцяці, разумееце...

Над тым, як змяніць такi парадак, будзе працаваць цэлая рабочая група. Час не чакае. Вось чаму ўжо да 5 студзеня Мінгарвыканкаму, Мінадукацыі і Міністэрству аховы здароўя даручана прадставіць праект нарматыўнага акта аб правядзенні эксперымента. Гаворка ідзе пра стварэнне цэнтра рэсацыялізацыі і сацыяльнай адаптацыі непаўналетніх, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, тых, у чые жыццi ўвайшлі зусім не дзіцячыя паняццi «наркаманія», «таксікаманія», «алкагалізм». Абласцям прапануецца паралельна таксама пра гэта вельмi падумаць. Тут, дарэчы, ёсць яшчэ і такі прыцэл. Калі ў нас усё ж такі будзе ўведзена крымінальная адказнасць за ўжыванне наркотыкаў і іншага зелля, то добра б было даць чалавеку альтэрнатыву. Двое «дзвярэй»: адбываць пакаранне ці лячыцца ў закрытай установе. Такое, напрыклад, з поспехам практыкуюць у Італіі.

gabasova@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter