«Сем прыгажунь» і здраднік

У выхадныя ў Вялікім тэатры — прэм’ера «Сямі прыгажунь»

Пошук арыгінальных матэрыялаў балета ператварыўся ў паўдэтэктыўную гісторыю

У выхадныя ў Вялікім тэатры — доўгачаканая прэм’ера «Сямі прыгажунь». Задумка паставіць гэты балет з’явілася некалькі гадоў таму. Але шмат часу спатрэбілася на збор нотнага матэрыялу і напісанне новага лібрэта. Сёння спектакль чакаюць не толькі гледачы, але і самі стваральнікі. Што ж атрымалася ў выніку?

«Мы даўно хацелі мець у рэпертуары балет на тэму Усходу, і вось лёс падарыў нам яго», — не хавае свайго задавальнення мастацкі кіраўнік балета Вялікага тэатра народны артыст Беларусі Юрый Траян. Шлях да пастаноўкі атрымаўся складаным. Нягледзячы на тое, што з моманту першай пастаноўкі «Сямі прыгажунь» Кара Караева ў Баку прайшло ўсяго шэсцьдзесят гадоў, арыгінальны матэрыял быў амаль страчаны. Пазней ішлі іншыя інтэрпрэтацыі, але яны толькі аддалена нагадвалі твор азербайджанскага кампазітара. Беларусы ж вырашылі зрабіць спектакль, блізкі да першакрыніцы. У выніку атрымалася паўдэтэктыўная гісторыя, гаворыць дырыжор Вячаслаў Воліч. Менавіта ён узяўся за пошук страчаных матэрыялаў, у першую чаргу трэцяга і чацвёртага актаў балета, пра існаванне якіх ужо наогул мала хто памятаў. Знойдзеныя папяровыя ноты былі згрызеныя, стлелыя. «Са свету па нітцы», — гаворыць Вячаслаў Іванавіч і прызнаецца, што за сваё доўгае творчае жыццё ўпершыню сутыкнуўся з такімі праблемамі.

Зразумела, што чатырохактавы балет рабіць ніхто і не збіраўся: гледачы б не вытрымалі шматгадзінную пастаноўку. Сціснулі да двух. Старое лібрэта таксама не падыходзіла: час зараз іншы. Расійскі харэограф Юрый Пузакоў, вядомы беларусам перш за ўсё па «Папялушцы», згадзіўся напісаць новае. Ён жа стаў і аўтарам пастаноўкі. Зараз спектакль — гэта аповед пра каханне і здрадніцтва.

Ірына Яромкіна, якая выконвае галоўную ролю, лічыць, што спектакль прывабіць сваёй лёгкасцю ўспрымання. Яе партнёр Антон Краўчанка жартуе, што спектакль будзе цікавы не толькі жанчынам (менавіта яны запаўняюць большую частку залы), але і мужчынам, бо на сцэне будуць панаваць ажно восем прыгажунь у шыкоўных касцюмах.

Спектакль сапраўды абяцае быць яркім і запамінальным. Мастак-пастаноўшчык Аляксандр Касцючэнка зрабіў жывапісныя дэкарацыі, насычаныя ўсходняй раскошай. Перад мастаком па касцюмах Кацярынай Булгакавай стаяла яшчэ больш складаная задача: ёй трэба было зрабіць уборы для сямі прыгажунь розных нацыянальнасцей, больш таго, яны павінны былі адлюстроўваць яшчэ і характар кожнай з іх.

Услед за беларускім гледачом «Сем прыгажунь» убачаць і бакінцы. Спектакль ствараўся пры падтрымцы Міністэрства культуры Азербайджана. Таму лагічна, што першым пунктам у гастрольным графіку стане менавіта гэта краіна. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter