Семейные ценности: рецепты счастья от многодетной семьи Дуровичей из Минского района

Сем дзівосных сэрцайкаў

Сумесны праект з Беларускім саюзам жанчын


У гэтай сям’і тата — сцяна, а мама, зразумела, адзіная на мільёны. Дзеці з невялікай розніцай ва ўзросце не сапернічаюць паміж сабой. Бабулі і дзядулі — сапраўдныя праваднікі мудрасці і вопыту. Ёсць яшчэ шмат розных рысачак, якія падкрэсліваюць унікальнасць сям’і Дуровіч з вёскі Бараўляны Мінскага раёна.


За вялікім сталом

Двухпакаёвая кватэра сям’і Паўла і Аксаны Дуровіч поўніцца дзіцячымі галасамі. Дзяўчынкі сустракаюць мяне на парозе з кветкамі і пірагамі. Агнія і Адэліна, нягледзячы на юны ўзрост (ім 7 і 5 гадоў адпаведна), выдатна ведаюць свае хатнія абавязкі. Стараюц­ца і хлопчыкі, іх у сям’і трое. 12-гадовы Леанід — разважлівы і сур’ёзны, 10-гадовы Георгій вылучаецца дабрынёй і адказнасцю, а Франц, якому ўсяго 2 гады, як і ўсе яго равеснікі, актыўна пазнае ўсё, што яго акружае.

Ва ўтульнай кухні цэнтральнае месца займае вялікі стол. За ім у час свят Дуровічы збіраюцца ўсёй сям’ёй. Ля акна — акварыум з вадаплаўнай чарапахай. Дзяўчаткі расстаўляюць кубкі і сподачкі.

Тата наразае торт. Гаспадары пачынаюць расказваць гісторыю стварэння іх вялікай сям’і.

— Як вы пазнаёміліся?

Аксана: Я нарадзілася ў вельмі прыгожым мястэчку нашай краіны Варняны, што ў Астравецкім раёне. Пасля заканчэння школы паступіла ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, стала эканамістам. Часта прыязджала дадому на выхадныя. Аднойчы мой родны брат прывёз у госці сябра. Гэта і быў Павел. Так мы і пазнаёміліся. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізкультуры, працаваў трэнерам па веласпорце.

Павел: У момант нашай першай сустрэчы я зразумеў, што вось яна — мая будучая жонка, такая, аб якой марыў, якую ўяўляў. Усе якасці яе харатару супадалі з маім ідэалам, які ўжо выкрышталізаваўся ў маёй душы. Памятаю, запрасіў Аксану ў кіно, а яна прыйшла са сваёй цёцяй. (Супругі разам смяюцца.) На пятае такое спатканне разам з цёткай ужо было ісці неяк няёмка, і я сказаў: «Хо­піць нечага баяцца, саромецца». На шчасце, Аксана згадзі­лася на спатканні тэт-а-тэт.

Аксана: Памятаю, быў такі цікавы момант, своеасаблівы маркер таго, што Павел сапраўды зможа стаць маім выбраннікам. Падчас катання на велатрэку я пыхцела, узбіраючыся ўгару. Паша, робячы ўжо, напэўна, трэці круг, убачыў такую карціну і падпіхнуў мяне ззаду, дапамог уз’ехаць наверх. Гэта і зблізіла нас. Разам мы ўжо больш за 13 гадоў.

— Як вы зразумелі, что ваш выбар зроблены адзін раз і на ўсё жыццё?

Павел: Аксана вельмі добра гатуе. Ды і іншыя хатнія справы ў яе атрымліваюцца на ўсе 100 працэнтаў. Сапраўдная гаспадыня! І робіць усё з любоўю.

«Мы справімся!»

— Ці складана было прыняць рашэнне стаць шмат­дзет­нымі бацькамі? Некато­рыя псіхолагі лічаць, что з’яў­ленне дзіцяці ў сям’і падобна вялікаму стрэсу.

Павел: У нас была мара — мець пяцярых дзяцей.

Аксана: Нашы бацькі са шматдзетных семьяў. У сям’і таты было трое дзяцей, у маці — чацвёра. Калі самі сталі бацькамі, увогуле ніякага стрэсу не было. Наадварот, у час цяжарнасці адчувалі невыказную цікавасць: хто ж там прыйдзе ў нашу сям’ю? Але шматдзет­насць не была самамэтай.

— Адкуль чэрпаеце сілы і энергію?

Аксана: З адносін з мужам, з нашага ўзаемаразумення. Як жанчына магу сказаць, што мой муж — моцная сцяна. Калі б ён, напрыклад, быў супраць дзетак, то і сям’і б не атрымалася. Ад Пашы заўсёды ідзе пазітыў. Дзяцей мы планавалі. І калі цяжарнасць наступала, ён казаў мне: «Мы справімся!» І гэта такая істотная падтрымка, асабліва калі ў жанчыны падчас цяжарнасці бушуюць гармоны. Павел — рэальна рухавік нашай сям’і. Вельмі важна казаць адзін аднаму, што наперадзе толькі лепшае.

Павел уважаліва слухае жонку, а потым раптам у задуменні гаворыць:

— Вельмі цяжка быць шмат­дзетнымі бацькамі. У ХХІ стагоддзі перад тым, як стварыць сям’ю, патрэбна рыхтавацца. Проста я такі чалавек — гатовы заўсёды для ўсяго.

— Нават пайсці ў радзільную залу разам з жонкай?

Павел: Так, усе пяць разоў я быў падчас нараджэння дзіцяці разам з Аксанай. Але ж дзеля гэтага трэба было загадзя скончыць спецыяльныя курсы, што я і зрабіў. Усіх дзяцей прымаў сам. Скажу адразу мужчынам, якія не рашаюцца на гэта з-за розных страхаў: не трэба баяцца! Я ж, напрыклад, нават калі мае дочкі будуць нараджаць дзяцей, прапаную ім сваю падтрымку.

Памятаю, калі нараджалі пятае дзіця, загадчык ра­дзільнага аддзялення спрабаваў адмовіць мне прысутнічаць пры родах, але Аксана сказала рашуча: «Я без яго нікуды не пайду». І ён згадзіўся.

Асабліва запомніўся момант, калі пасля таго, як нарадзілася Агнія, мяне пакінулі з немаўляткам на руках. І я так амаль цэлую гадзіну трымаў дачушку, слухаў, як яна дыхае, спрабуе адкрываць вочкі. І такая цеплыня мяне ў той момант агарнула, што запомніў яго на ўсё жыццё. Таму ў нашай сям’і з’яўленне дзяцей не было стрэсам — мы заўсёды былі разам.

Сімвал адзінства

— Вы стваралі сваю сям’ю па мадэлі той, што была ў вашых бацькоў?

Павел: Асабіста ў маіх таты і мамы мадэль была не вельмі добрая. Яны рана развяліся, мама расціла нас з братам адна. Да той пары, пакуль я не сустрэў Аксану, у мяне ўвогуле не было ніякай мадэлі сям’і.

Аксана: Чаму ты так лічыш? А твае бабуля з дзядулем? Яны заўсёды запрашалі нас да сябе, на ўсе святы збіраюцца разам. Новы год, Вялікдзень, усе дні нараджэння — наша сям’я заў­сёды разам.

Павел: Пагаджуся. Няма такога, што мы сустракаем святы дзесьці асобна, каб, маўляў, даць адзін аднаму адпачыць. Мы разам, і нам гэта падабаецца. Шмат у чым бяром прыклад з бацькоў Аксаны. Святы — нашы агульныя сямейныя каштоўнасці. А сям’я — сімвал адзінства. І дзяцей вучым гэтаму. Нават калі яны паміж сабой трошкі спрачаюцца, расказваем: даражэй за маму і тату, брата і сястру няма нікога ў свеце.

Аксана: Калі сям’я збіраец­ца за адным сталом, мой тата гатуе вельмі вялікі казан плову. У бацькі нават ёсць кулінарная кніга Сталіка Ханкішыева. Для азербайджанскага плову чысцім вельмі многа морквы, цыбулі, часнаку. Ёсць на нашым стале месца і для традыцыйных беларускіх страў, сярод якіх дранікі, печаны певень, вясковы бабулін хлеб па старадаўнім рэцэпце. Усё гэта вельмі любяць дзеці. Набылі і сапраўдны самавар на вуглях. Заварваем не той чай, што прадаецца ў пакеціках, а самі збіраем улетку лекавыя расліны, сушым. Асабліва нам падабаец­ца скрыпень, або «иван-чай».

— Дзякуй за размову. Шчасця і дабрабыту вашай сям’і!

kuzmich@sb.by

Збірацца за адным сталом — сакральнае дзейства, якое яднае сям’ю Паўла і Аксаны Дуровіч з вёскі Бараўляны.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter