Стань удзельнікам конкурсу міжнароднага радыё «Беларусь» і атрымай магчымасць выйграць білеты на II Еўрапейскія гульні

Сэлфі – знаходка для турыста

Да II Еўрапейскіх гульняў яшчэ год, але стаць іх часткай можна ўжо сёння. Белтэлерадыёкампанія разам з дырэкцыяй гэтых спаборніцтваў распачала цыкл тэматычных праектаў. Першай ластаўкай стаў конкурс творчых фотаработ «MINSK 2019: Маё прывітанне II Еўрапейскім гульням», арганізаваны міжнародным радыё «Беларусь». Кожны жадаючы можа даслаць сваё сэлфі падчас заняткаў спортам ці на фоне спартыўных аб’ектаў на электронную пошту selfie@minsk2019.by і атрымаць каштоўныя падарункі, у тым ліку камплекты білетаў на спаборніцтвы і экіпіроўку нацыянальнай каманды нашай краіны.

Прадстаўнiкi радыё «Беларусь» i дырэкцыi гульняў таксама зрабiлi сэлфi.
Фота прэс-службы Белтэлерадыёкампанii

Намеснік дырэктара фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Анатоль Котаў не хавае, што гэта робіцца з мэтай прыцягнення ўвагі да спаборніцтваў з боку іншаземцаў. Зацікавяцца яны спартыўным турнірам, значыць, звернуць увагу і на краіну. Словам, сардэчна запрашаем вас, турысты! І найлепшага партнёра ў такой справе, як замежнае радыё, не знайсці. «Беларусь» вяшчае ў дзясятках краін на дзевяці мовах — гэта сапраўды дастаткова кароткі шлях да патэнцыяльных наведвальнікаў нашай краіны.

Але чаму менавіта такі конкурс? Як расказаў галоўны дырэктар радыё «Беларусь» Навум Гальпяровіч, яны ўжо маюць пэўны вопыт у гэтай справе — двойчы праводзілі конкурс сэлфі. Першы раз іншаземцы проста дасылалі сваё прывітанне Беларусі, а другі раз з нагоды 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання дэманстравалі сваю любімую кнігу. І абодва разы арганізатары атрымалі сотні фотаздымкаў з дзясяткаў розных краін, у тым ліку з экзатычных Бангладэш, Індыі і г.д. Яны і зараз не сумняваюцца, што чарговы конкурс выкліча вялікую цікавасць. Бо для іншаземца атрымаць у падарунак білет на спаборніцтвы значыць і аўтаматычна атрымаць бясплатную візу ў нашу краіну.

Было б несправядлівым пазбавіць магчымасці паўдзельнічаць у конкурсе і беларусаў, яны ж таксама хочуць атрымаць падарункі. Да таго ж іх фотаздымкі, размешчаныя на сайце радыё «Беларусь», таксама могуць стаць прыцягненнем і нагодай для наведвання замежнікамі нашай краіны. Таму, як толькі з’явіцца вольны час і добрая ідэя, як зрабіць крэатыўнае сэлфі, абавязкова скарыстайцеся такой магчымасцю. Не забудзьце паставіць хэштэг #MINSK2019.  Фотаконкурс будзе праходзіць у тры этапы. Да 25 кастрычніка будуць разгледжаны ўсе работы і адабраны 50 лепшых. Потым на сайце радыё «Беларусь» адбудзецца галасаванне і вызначэнне дзясятка фіналістаў. А ўжо потым прафесійнае журы, у склад якога ўвойдуць таксама прадстаўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, назаве трох пераможцаў. Але Анатоль Котаў заўважае, што будзе яшчэ шмат заахвочвальных прызоў.

Наогул, гэта не адзіная магчымасць бясплатна трапіць на II Еўрапейскія гульні. Будуць яшчэ розныя праекты, віктарыны і г.д. Але найбольш верагодны варыянт — стаць валанцёрам спаборніцтваў. Свае заяўкі ўжо даслалі каля сямі тысяч чалавек, тысяча з іх — іншаземцы. Але Анатоль Анатольевіч заўважае, што яны не набіраюць валанцёраў, а адбіраюць. Патрабаванні да іх дастаткова высокія. Веданне замежнай мовы — абавязковая ўмова. Перавага будзе аддавацца тым, хто ўжо мае падобны вопыт. Вось-вось будуць абвешчаны і вынікі яшчэ аднаго конкурсу — на стварэнне талісмана Гульняў.

Што датычыць вяшчання спаборніцтваў, то такое права будзе перададзена іспанскай кампаніі ISB, як гэта было і на папярэдніх Еўрапейскіх гульнях у Баку. Дарэчы, тады за барацьбой у розных відах спорту  мелі магчымасць назіраць у 140 краінах свету. Белтэлерадыёкампаніі ж даручана арганізаваць трансляцыю цырымоніі адкрыцця і закрыцця гэтага спартыўнага свята.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter