Сэлфі ў музеі - мода ці патрэба?

Сэлфі з Радзівілам

Нядаўна знаёмая запосціла ў Instagram фота з Нацыянальнага музея Нарвегіі — яна на фоне вядомага “Крыка” Эдварда Мунка ў спробе паўтарыць міміку намаляванага персанажа. Натрапіўшы на гэты фотаздымак, адчула нейкія супярэчлівыя эмоцыі. З аднаго боку, парадавалася за знаёмую: ёй давялося ўбачыць знакамітую на ўвесь свет карціну ўласнымі вачыма. З другога — падзякавала ёй у думках за тое, што нагадала сваім сябрам пра гэты шэдэўр.

А з трэцяга, няхай яна мне прабачыць, абурылася — не столькі на яе, колькі наогул моднай тэндэнцыяй сэлфіцца з карцінамі.

Раней у музеі хадзілі як? З трапятаннем, баючыся дыхнуць на шэдэўры ці крыху грамчэй адкаментаваць твор — раптам пачуюць строгія бабулі-захавальніцы. А цяпер — са смартфонам у руках. Бо не запосціў фота — значыць, і не быў. Замест таго каб натхняцца творамі і спрабаваць абудзіць у сваёй душы і галаве новыя пачуцці, думкі і эмоцыі, наведвальнікі марнуюць час на выбудоўванне кадра і дзясяткі дубляў, з якіх потым змогуць выбраць самы арыгінальны і выкласці ў сацыяльную сетку.

І што самае цікавае, многія музеі патураюць такім аматарам сэлфі: не толькі не забараняюць фотаздымку, але і заахвочваюць яе. У студзені ўжо чацвёрты год запар па ўсім свеце прайшла Міжнародная акцыя “Сэлфі ў музеі”. Яе сутнасць заключаецца ў тым, што наведвальнікі фатаграфуюцца ў музеі і выкладваюць здымкі з хэштэгам #museumselfie або #музейноеселфи, а аўтары лепшых фота часцей за ўсё атрымліваюць падарунак ад музея. Сёлета да акцыі далучыўся шэраг беларускіх музеяў, і не толькі сталічных. Да прыкладу, разам з Нацыянальным гістарычным музеем і Мемарыяльным музеем-майстэрняй З.І. Азгура ў Мінску ў флэшмобе прынялі ўдзел Мазырскі аб’яднаны краязнаўчы музей і Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей.

Я магу зразумець мэту акцыі — папулярызацыя музеяў і іх уключэнне ў сучаснае інфармацыйнае асяроддзе. Гэта асабліва важна для рэгіянальных музеяў, для якіх сацыяльныя сеткі ледзь ці не адзіная пляцоўка стасункаў з новымі патэнцыяльнымі наведвальнікамі. Магу зразумець і жаданне музеяў (а больш — неабходнасць) зарабіць дадатковыя грошы. Звычайна фотаздымка ў музеі аплачваецца асобна і каштуе капейкі. У музеі Вялікай Айчыннай вайны, да прыкладу, за магчымасць рабіць фота ў экспазіцыі прыйдзецца даплаціць 1,5 рубля. Фатаграфаванне ў касцюме і дэкарацыях у Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” каштуе 3 рублі. Але за паўнавартасную фотасесію для партфоліа або на вяселле ў сценах музея папросяць выкласці ўжо кругленькую суму. Напрыклад, у Нацыянальным мастацкім музеі такія паслугі каштуюць ад 70 да 90 рублёў.

Аднак нягледзячы на ўсё гэта, я не магу зразумець леса рук ля экспанатаў, калі за бліскучымі экранамі над галовамі наведвальнікаў не бачыш самой карціны або скульптуры. Не магу зразумець банальнага парушэння правілаў паводзін у музеі дзеля выгаднага кадра, калі аматары сэлфі абдымаюць статуі, датуляюцца да бюстаў і ледзь “не цалуюць” масляных персанажаў з карцін. І не магу зразумець, калі пасля наведвання музея выкладваюцца не захапляльныя публікацыі, а нейкія здзекванні над гісторыяй і мастацтвам. Сярод пастоў з хэштэгамі #museumselfie і #музейноеселфи ў Instagram, а іх там больш за 40 тысяч, убачыла, да прыкладу, такі: на фоне партрэта гістарычнай асобы — рука з тэлефонам з уключаным фотарэдактарам Masquerade, які зрабіў з твара персанажа на карціне морду белага мядзведзя. І подпіс: “Одним движением руки потомственный дворянин Михаил Щекотихин-Крестовоздвиженский стал Мишаней”. Наўрад ці такога хочуць музеі, якія дазваляюць сэлфі са сваімі экспанатамі. Як па мне, лепш менш наведвальнікаў, але больш свядомасці ў іх памкненнях і паводзінах.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter