Дзмітрый ЧЫЖ: «Пачалі мы з эксперымента: выявілі павышаную адчувальнасць пухлінных тканак у жывёл да камбінаванага ўплыву прамянёвай тэрапіі і ультрагуку нізкай частотнасці».
У групе рызыкі
У большай колькасці выпадкаў рак скуры развіваецца ў пажылых людзей. У мужчын захворванне сустракаецца часцей. Прычым пухліна мае схільнасць зараджацца ў самых розных анатамічных абласцях, больш за ўсё на адкрытых частках цела. У 75 працэнтах выпадкаў пухліны лакалізуюцца на скуры твару і шыі.Традыцыйна хвароба лечыцца з дапамогай прамянёвай тэрапіі або хірургічным спосабам.
На ранніх стадыях два варыянты аднолькава эфектыўныя: людзі вылечваюцца ў 80—100 працэнтах выпадкаў. Значна горшы прагноз пры наяўнасці метастазаў у рэгіянальных лімфатычных вузлах і прарастанні пухліны ў тканкі, якія знаходзяцца пад скурай: пяцігадовая выжывальнасць такіх пацыентаў складае каля 25 працэнтаў.
Апошнім часам нашы анколагі захапіліся ідэяй дамагчыся стапрацэнтнай выжывальнасці пацыентаў з ракам скуры на ранніх стадыях. Спосаб, які яны абралі, пакуль не атрымаў шырокага выкарыстання ў медыцыне, аднак урачы ўпэўнены — усё яшчэ наперадзе.
Справа ў тым, што сёння найчасцей у медыцыне выкарыстоўваецца высокаінтэнсіўны ультрагук. Такое выпраменьванне мае разбуральнае дзеянне. А вось ультрагук нізкай інтэнсіўнасці мае абмежаванае выкарыстанне, нягледзячы на першыя навуковыя публікацыі па дадзенай тэме аж у 1920-х гадах. Тады спецыялісты прымянялі нізкаінтэнсіўны ультрагук у якасці дапаможнага фактару і назіралі добры рэзультат.
Нашы прафесіяналы вырашылі вярнуцца да старога метаду, і вынікі прыемна здзівілі. Рэалізаваць задумку дапамог тэхнапарк БНТУ «Політэхнік»: спецыялісты па запыце анколагаў стварылі апарат нізкачастотнай ультрагукавой тэрапіі, аналагі якому цяжка знайсці ва ўсім свеце.
Клінічныя выпрабаванні
— Гэтай тэмай я займаюся даўно, у 2011 годзе абараніў дысертацыю, далей пайшлі выпрабаванні. Пачалі мы з эксперымента: выявілі павышаную адчувальнасць пухлінных тканак у жывёл да камбінаванага ўплыву прамянёвай тэрапіі і ультрагуку нізкай частотнасці. Гэта паслужыла штуршком для больш сур’ёзных даследаванняў, — расказвае, з чаго пачалося даследаванне, урач анколаг-хірург РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава Дзмітрый Чыж. — Потым адбыліся клінічныя выпрабаванні: абсталяванне выкарыстоўвалі ў спалучэнні з прамянёвай тэрапіяй для лячэння пацыентаў з ракам скуры. Вынікі прыемна ўразілі, хоць напачатку сярод калег адчуваўся пэўны скепсіс: маўляў, як з дапамогай фізіяпрацэдур можна паўплываць на пухліну?Хваляводы вырабляюцца ў форме кольца. Так ультрагукавыя ваганні факусуюцца вакол пухліны, не распаўсюджваючыся на здаровыя тканіны
Клінічныя выпрабаванні новага метаду адбыліся на базе трох устаноў аховы здароўя — Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера, РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава і Гомельскага абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера. На дадзены момант лячэнне па камбінаванай тэхналогіі прайшлі каля 50 чалавек, прычым у кожным выпадку назіраецца трохгадовы безрэцыдыўны перыяд.
— Рак скуры, у прынцыпе, добра лечыцца. У 80 працэнтах выпадкаў хвароба не вяртаецца пасля выкарыстання толькі прамянёвай тэрапіі. Тым не менш мы не ведалі, як павядзе сябе рак на фоне змяншэння дозы выпраменьвання. Калі б новы метад быў неэфектыўны, то пухліны працягнулі б разрастацца, — падкрэслівае поспех методыкі Дзмітрый Віктаравіч. — У выніку ў нас атрымалася паменшыць рызыку індывідуальных рэакцый скуры на прамянёвую тэрапію. А яны, між іншым, бываюць настолькі выразныя, што даводзіцца нават перарываць лячэнне і выдаляць астаткавую пухліну хірургічным спосабам. Зразумела, пасля хірургічнага ўмяшання ў пацыентаў з’яўляюцца касметычныя недахопы.
3+2
Акрамя вышэйпералічаных відавочных плюсаў камбінаванага спосабу ёсць яшчэ адзін — пацыенты лечацца амбулаторна. Чалавек прыязджае на сеанс прамянёвай тэрапіі, аднак перад гэтым на працягу трох хвілін на пухліну ўздзейнічаюць нізкачастотным ультрагукам. У той жа дзень чалавек едзе дадому.Калі раней такіх візітаў патрабавалася каля дванаццаці, зараз дастаткова пяць- сем, у залежнасці ад разнавіднасці хваробы і стадыі. Дарэчы, меланома такім спосабам не лечыцца, бо пухліна даволі агрэсіўная і спецыялісты не могуць прадугадаць, як яна сябе павядзе ў тым ці іншым выпадку.
Зразумела, пакуль цяжка гаварыць пра доўгатэрміновыя планы распрацоўшчыкаў. Пакуль прафесіяналы маюць папярэднія станоўчыя вынікі, а трэба прасачыць хаця б пяцігадовую выжывальнасць. Дарэчы, чакаць засталося не так доўга: эксперымент скончыцца ўжо ў наступным годзе. Далей — шырокае ўкараненне ў клінічныя ўстановы краіны.
ТОЛЬКІ ЛІЧБЫ
Прырост захворвання ракам скуры за апошнія дзесяць гадоў у нашай краіне склаў 44 працэнты. Колькасць зноў выяўленых выпадкаў на канец 2017 года — 9 тысяч чалавек. Прасцей кажучы, захворванне тады складала 46,5 выпадку на 100 тысяч насельніцтва і выйшла на першае месца сярод анкалогiй у жанчын і трэцяе месца ў мужчын (пасля раку лёгкіх і прастаты). Смяротнасць ад захворвання — 0,3 выпадку на 100 тысяч насельніцтва.