Сатыра і гумар Слівы

З МІХАСЁМ Кавалёвым упершыню сустрэўся ў рэдакцыі раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя” напрыканцы 1974 года. Ён звальняўся і пераязджаў у Мінск, а мяне афармлялі на ягонае месца. “Пачакай крыху, — сказаў мне рэдактар Георгій Барысаў, пакідаючы кабінет, — я зараз”. Праз некалькі хвілін ён зайшоў разам з вясёлым хлопцам. Мы пазнаёміліся...

Як пісьменнік Міхась Кавалёў выбіраў сабе псеўданім.

З МІХАСЁМ Кавалёвым упершыню сустрэўся ў рэдакцыі раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя” напрыканцы 1974 года. Ён звальняўся і пераязджаў у Мінск, а мяне афармлялі на ягонае месца. “Пачакай крыху, — сказаў мне рэдактар Георгій Барысаў, пакідаючы кабінет, — я зараз”. Праз некалькі хвілін ён зайшоў разам з вясёлым хлопцам. Мы пазнаёміліся...

Гэта быў Міхась Кавалёў, выхадзец з вёскі Каменка суседняга Рагачоўскага раёна. Пасля заканчэння ў 1973 годзе філфака БДУ імя У.І. Леніна некаторы час быў літаратурным супрацоўнікам “Маяка Прыдняпроўя”. Адсюль паехаў у Беларускі навукова-даследчы інстытут жывёлагадоўлі на пасаду галоўнага рэдактара рэдакцыйна-выдавецкай групы.

Я пачаў працаваць у газеце і кватараваць у гаспадароў, у якіх жыў Міхась і куды ён мяне завёў. Кавалёва больш не бачыў, а вось ягоныя гумарыстычныя, а часам і сатырычныя творы нярэдка траплялі на вочы ў часопісе “Вожык” ці ў “Сельской газете” (цяпер “Белорусская нива”. — Аўтар). Падпісваўся, праўда, Міхась не сваім прозвішчам, а псеўданімам “Кавальскі”. Потым у друку Кавальскага не стала — з’явіўся нейкі М. Сліва. Па манеры пісьма новага аўтара я зразумеў, што гэта Кавальскі стаў Сліваю. Чаму?

Міхась потым распавядаў мне, што гэта вожыкаўцы параілі падабраць сабе больш ёмісты псеўданім. Неяк паехаў ён дадому, пайшоў у бацькоўскі сад. І погляд спыніўся на вялікай спелай сліве. Мільганула думка: а што, калі — Сліва? На Украіне ж ёсць свой Астап Вішня, дык хай у Беларусі будзе таксама свой “плод” — Сліва! на смак яна бывае і кіслявая, і салодкая — вось табе сатыра і гумар, два ў адным, як зараз кажуць.

Паехаў у сталіцу, зайшоў у “Вожык”, прапанаваў новы псеўданім. Там пасмяяліся, але згадзіліся. Так і пайшоў “у людзі” псеўданім “Міхась Сліва”. З ім друкаваў свае творы не толькі ў “Вожыку”, а і ў часопісе “Сельское хозяйство Белоруссии”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, газетах “Звязда”, “Чырвоная змена”, іншых выданнях.

Міхась Мітрафанавіч у сталіцы ўсё ж не прыжыўся, вярнуўся на малую радзіму пасля таго, як выбухнуў рэактар на Чарнобыльскай АЭС. Многія тады з Гомельшчыны кінуліся далей ад бяды, а ён у цяжкі для яе, як і для ўсёй Беларусі, час вярнуўся дамоў. Больш за дзесяць гадоў працаваў галоўным спецыялістам аддзела арганізацыйна-кадравай работы Рагачоўскага райвыканкама, затым — рэдактарам аддзела сельскай гаспадаркі раённай газеты “Свабоднае слова”. Цяпер Міхась Мітрафанавіч — намеснік галоўнага рэдактара выдання.

Пісьменнік выпусціў шэсць кніжак гумару (“Усмешка Джаконды”, “Прыгожыя караблі”, “Запрашаю ўсміхнуцца”, “Ход канём”, “Сустрэліся кум з кумой”, “Віртуальнае каханне”) і кнігу літаратурных артыкулаў і рэцэнзій “Найвышэйшае і светлае”. Яго творы друкаваліся ў шматлікіх калектыўных зборніках, альманахах, часопісах, газетах не толькі Беларусі, а і Расіі, Украіны, Польшчы. Моцнага здароўя, новых цікавых сюжэтаў Вам, Міхась Мітрафанавіч!

Мікола ЛЕЎЧАНКА

г. Быхаў

НА ЗДЫМКУ: Міхась СЛІВА (справа) з паэтам Міколам ЧАРНЯЎСКІМ сярод работнікаў і чытачоў Рагачоўскай дзіцячай бібліятэкі.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter